Менскія міліцыянты збілі ні ў чым не вінаватага чалавека. Хто адкажа – за што?

2011 2011-04-16T20:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rylkou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Збіты супрацоўнікамі міліцыі Ігар Рылькоў

Збіты супрацоўнікамі міліцыі Ігар Рылькоў

Абуральны інцыдэнт адбыўся ў Серабранцы непадалёк ад гіпермаркету “Гіпа”, як кажуць, сярод бела дня. Жыхар сталіцы Ігар Рылькоў па незразумелых для яго прычынах быў збіты і ў наручніках дастаўлены ў бліжэйшы РУУС, а пасля ў ГАМ Ленінскага раёна для складання пратакола. Мужчына, які з’яўляецца інвалідам ІІ групы, палічыў, што спрабаваць штосьці тлумачыць міліцыянтам – бессэнсоўна. “За што?” – запытвалася пасля маці Ігара ў міліцэйскага начальства. “Такога быць не можа, каб ні за што”, - пачула ў адказ. Цяпер Галіна Валянцінаўна спадзяецца, што гэта пытанне будзе высвятляць пракуратура.

Галіна Рылькова распавяла, што адбывалася ўсё бліжэй да вечара ў мінулую сераду 13 красавіка. “Мой сын, з якім мы наводзілі парадак у сваім падвале і вырашылі здаць шклатару, панёс яе ў бліжэйшы ад дому прыёмны пункт, аднак там не прымалі. Ён здаў бутэлькі ў пункце па вул.Ванеева і вяртаўся дадому. Ішоў да прыпынку тралейбуса калі гіпермаркета “Гіпа”. І трэба было ўжо пераходзіць на другі бок дарогі. Аднак не паспеў ён дайсці метраў 50 да пешаходнага пераходу - да яго падышлі міліцыянты і запыталіся, што ў яго сумцы. Ён паказаў – там засталіся тры бутэлькі. Яны выхапілі гэтыя бутэлькі, тут жа разбілі і кінулі на газон. (Адзін з іх – капітан, прозвішча якога сын прачытаць не змог, а другі – радавы Дзянісаў.) Далей, не кажучы ні слова, капітан ударыў яго кулаком у бок – патрапіў у рэбры. Пасля адразу ўдвух накінуліся і павалілі Ігара на зямлю і надзелі кайданкі. Пасля дапамаглі падняцца і павялі ў РУУС, будынак якога знаходзіцца праз дарогу ад “Гіпа”.

Пасля, ужо дома, Галіна Валянцінаўна запытвалася ў сына, чаму ён ім не сказаў, што хворы, мае інваліднасць. “А хто там мяне будзе слухаць!” – толькі адказаў ён. Жанчына прызналася, што перажыла сапраўдны шок, калі сын, збіты і ўвесь знерваваны, вярнуўся дадому. “Гэта ж жах! З якой прычыны? Чалавек цвярозы, паказаў ім, што загадалі, супраціву ніякага не аказваў…”

Пасля затрымання з РУУСа Ігара Рылькова, ужо без кайданкоў, павезлі ў Гарадскі аддзел міліцыі Ленінскага раёна, там склалі на яго пратакол.  

“Гэта я пасля ўжо даведалася, што ў іх існуе пэўны тэрытарыяльны падзел, - удакладняе спадарыня Галіна. - Калі затрымалі на адным баку ад дарогі, то павінны весці ў РУУС, калі на другім – у ГАМ. Аднак у РУУС дастаўляюць толькі мацёрых, і каб разгрузіць іх працу, створаны ГАМ, куды вязуць не небяспечных. Ён не небяспечны злачынца, так бы мовіць”.

Пратакол Ігар Рылькоў падпісаў, пасля чаго яго адпусцілі. “Зразумела, што ён знаходзіўся ў такім стане, што падпісаў усё, што там яму напісалі”, - кажа яго маці і перажывае, што цяпер яшчэ і штраф плаціць прымусяць. “А штрафы зараз, як вядома, мільённыя. І за што ў чалавека з капеечнай пенсіі будуць вылічваць?”  

Галіна Валянцінаўна распавяла, што яны з сынам жывуць не ў зайздросным матэрыяльным становішчы. “Сын выкінуты з жыцця па сутнасці. Дзяржава зрабіла яго інвалідам падчас вайсковай службы. Скончыў вну, па прафесіі эканаміст. Аднак працаваць з кампутарам яму нельга, а без гэтага – хто цяпер яго куды возьме на працу… Хвароба невылечная, далі пенсію – так чалавек і жыве. Прычым доўгі час яго трымалі на ІІІ групе інваліднасці з пенсіяй у 170 тысяч рублёў, пакуль я не звярнулася да міністра аховы здароўя. Пакуль жывем разам, а як мяне не стане – што будзе далей?
І нікому няма ніякай справы. Гэта калі б чалавек у якой еўрапейскай краіне атрымаў такое ў войску – дык пра яго б усё жыццё дзяржава клапацілася. А тут у студзені напісаў заяву на дапамогу, дык 150 тысяч далі – гэта ж сапраўдны здзек…”

Па словах спадарыні Галіны, яна з уласнага вопыту ведае, што ў нашай дзяржаве, каб дамагчыся справядлівасці, трэба шмат пахадзіць па кабінетах. І ў гэтай непрыемнай сітуацыіі з сынам рукі ў яе не апусціліся: “Я адразу ж патэлефанавала ў ГУУС Мінгарвыканкама, дзе дзяжурны Халмагораў паабяцаў выслаць да нас сваіх людзей для разбіральніцтва”. Хоць жанчына і вельмі расчараваная ў “доблеснай беларускай міліцыі”, але адзначае, што дзяжурны “больш чалавечны”, да яе паставіўся з разуменнем: “Сказаў, што гэта брыдка, супрацоўнікі міліцыі не маюць права рабіць тое, што зрабілі з маім сынам – ні валіць на зямлю, ні надзяваць кайданкі. Будуць разбірацца – і запішуць усё, і пакараюць”.   

Таксама жанчына вырашыла патэлефанаваць у МУС: “распавяла ўсё, сказала, што трэба зняць пабоі, каб назаўтра не сказалі, што сын мой быў п’яны і сам ва ўсім вінаваты. На гэта мне супрацоўнік міністэрства адказаў, што вось зараз можаце пад’ехаць у любую паліклініку і зняць пабоі. Пасля такога адказу я зразумела, што размаўляць з ім няма пра што”.

Дадому да Рыльковых у той вечар прыехалі трое супрацоўнікаў міліцыі, накіраваныя з ГУУС. “Прыехалі і пытаюцца, што здарылася. Кажу, гляньце на твар – зразумееце, што здарылася. “Дык а дзе гэта здарылася?” – наступнае пытанне. Будзеце гэтыя пытанні сваім супрацоўнікам задаваць, кажу, якія ні за што ні пра што збілі чалавека. “Такога быць не можа, каб ні за што” - адказваюць. Кажу, даведаемся – быць можа ці не можа. Пытаюся, ён што – ці п’яны, ці супраціў ім дваім аказваў? А навошта бутэлькі забралі ў яго і пабілі? Ці гэта нармальныя паводзіны – супрацоўнік міліцыі б’е бутэлькі, кідае іх на газон…”, - з абурэннем узгадвае гэтую размову жанчына.

Яе са збітым сынам пасадзілі ў машыну і павезлі ў Ленінскі ГАМ. “Пасадзілі нас там на лаўку – “чакайце, да вас прыйдуць”. Сядзім-сядзім, ужо з паўгадзіны прайшло, на двары цямнець пачынае – ніхто да нас не ідзе. Падыйшла да дзяжурнага – кажу, колькі ж  мы будзем сядзець, і знерваваліся ўжо, і стаміліся. Тады ён некуды патэлефанаваў - прыйшоў чалавек з крымінальнага вышуку і павёў да сябе ў кабінет”.

Там, нарэшце, Рыльковы змаглі напісаць заяву. “Цікава, што сам ты не можаш напісаць заяву. Ён піша тое, што лічыць патрэбным, а ты пасля стаў подпісы пад “с моих слов записано верно”, - заўважае Галіна Валянцінаўна. - Кажу, што мы як пацярпелыя хочам самі напісаць – “нет, такая форма, так положено”. Толькі пасля таго, як я нагадала, выпісаў накіраванне ў 10-ю клініку на пабоі”.

На наступны дзень зранку Рыльковы паехалі ў клініку, дзе зноў-ткі пасля доўгага сядзення і чакання, здалі пабоі. “А адказ мы вам не дадзім, дашлем у міліцыю, якая вас накіроўвала” – адказалі ім на просьбу выдаць медыцынскую даведку. Спадарыня Галіна змірылася: “Кажу, калі што “згубіцца” - няхай гэта будзе на вашым сумленні”.            

Далей Галіна Валянцінаўна ў пошуках справядлівасці вырашыла звярнуцца ў пракуратуру: “Сказала сыну, каб пісаў заяву - калі ў міліцыі згубіцца, будзе хоць там зафіксавана”. І у пракуратуры жанчыне давялося сутыкнуцца з “такімі парадкамі”: патрабавалі даверанасць ад сына, бо “раптам ён не згодны”. “Я ж, кажу маці, а яго збілі, ён сябе дрэнна адчувае, і я павінна яшчэ з ім хадзіць”, - абурылася яна. Да таго, кабінет №10, у які “на міліцыю скардзяцца”, быў зачынены. Аднак, па словах жанчыны, усё неяк вырашылася: “намеснік пракурора з іншага кабінета загадаў запрасіць мяне да яго, прыняў маю заяву, сказаў зарэгістраваць і зараз ужо будуць яны працаваць”.   

У гэты ж дзень, 14 красавіка, маці і сын Рыльковы наведаліся  ў Ленінскі ГАМ на прыём да начальніка: бо падумалі, што паколькі пратакол складзены, Ігара выклічуць у суд. “Начальнік адзела Уладзіслаў Леанідавіч (а прозвішча я не заўважыла нідзе) паставіўся па-чалавечы, папрасіў адкласці пратакол і нікуды не накіроўваць. Дадаў, што “нажаль, у нас у міліцыі такіх шмат і ваш выпадак не першы”. Таксама ён паведаміў, што гэтай справай, хутчэй за ўсё, будзе займацца пракуратура. Гэта акалічнасць абнадзейвае Галіну Валянцінаўну: “Лічу, гэта добра, што пракуратура, бо міліцыя міліцыю заўсёды ж пакрые, праўда”.

Нягледзячы на ўсе складанасці, якія ёй давялося зведаць за гэтыя два дні, каб паспрабаваць абараніць ад несправядлівасці свайго хворага сына, Галіна Рылькова ўпэўненая, што праўды трэба дамагацца заўсёды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства