Салігорская міліцыя вярбуе апазіцыянераў?
Пачатак новай выбарчай кампаніі адзначыўся падвышэннем актыўнасці салігорскіх сілавых ведамстваў на палітычным полі. Міліцыя пачала шукаць кантактаў з мясцовымі апазіцыянерамі і нават спрабавала некаторых з іх завербаваць.
Так, на наступны дзень пасля абвяшчэння даты прэзідэнцкіх выбараў мясцоваму прадстаўніку штаба Алеся Міхалевіча Паўлу Батуеву патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі Юры Калановіч і прапанаваў зладзіць сустрэчу і абмеркаваць "жыццёвыя пазіцыі" апазіцыйнага актывіста. Як вынікала з размовы, супрацоўніка міліцыі цікавіла ў прыватнасці дзейнасць незалежнага гарадскога інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурса САЛІГОРСК.org, але ж абмяркоўваць па тэлефоне "жыццёвыя пазіцыі" Паўла Батуева міліцыянт адмовіўся. Афіцыйнай позвы ў міліцыю актывіст так і не атрымаў.
Аналагічны званок раздаўся ў кватэры Неанілы Паляковай, маці трагічна памерлай у 2009 годзе праваабаронцы Яны Паляковай. Міліцыянтаў цікавіла сувязь маці Яны з праваабаронцай Кацярынай Садоўскай, а таксама распаўсюд незалежных газет і дзейнасць незарэгістраванай партыі "Надзея".
Варта адзначыць, што за тыдзень да гэтага моладзевага актывіста Андрэя Тычыну выклікалі ў міліцыю, дзе спрабавалі завербаваць і нават прапаноўвалі хлопцу грашовую кампенсацыю за супрацоўніцтва. Супрацоўнік Салігорскага РАУС Аляхновіч шантажыраваў маладзёна складзеным на яго пратаколам за распаўсюд агітацыйнай прадукцыі грамадзкай кампаніі "Гавары праўду", паабяцаўшы ў выпадку адмовы ад супрацоўніцтва перадаць пратакол у суд. Ад "прапановы" Андрэй Тычына адмовіўся і ў выніку 14 верасня Салігорскі суд пад старшынствам суддзі Ягора Барысенкі вынес пастанову пра спагнанне з валанцёра штрафу ў памеры 1 мільён 125 тысяч беларускіх рублёў.
Усе вышэйадзначаныя прадстаўнікі дэмакратычнага руху звязваюць падвышаную цікавасць супрацоўнікаў міліцыі да іх персонаў з пачаткам перадвыбарчай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”