ЧАМУ СМЯРОТНЫ ПРЫСУД?

2010 2010-06-07T17:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burdyka_i_hryshkaucou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка  ў Гродзенскім абласным судзе

Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка ў Гродзенскім абласным судзе

Асуджаныя да смяротнага пакарання жыхары Гродна Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка чакаюць разгляду ў Вярхоўным Судзе іх скаргі на прысуд Гродненскага абласнога суда. Рабіць якія-небудзь прагнозы на гэты конт не хочацца. Але ёсць магчымасць паглядзець на гэту справу з улікам розных меркаванняў і абставінаў.

На першы погляд здаецца, што ўсё адназначна. Жорсткае забойства. Тры трупы. Злачынцы арыштаваныя. Віна іх даказаная ў судзе. Прысуд вынесены. Інфармацыя пра шакуючую крымінальную справу прагрымела ў вядучых СМІ краіны і, мабыць, не пакінула абыякавым ніводнага гледача-чытача-слухача. “Выпраўленню не падлягаюць” - пад такім загалоўкам-вердыктам выйшаў артыкул у нумары ад 25 траўня газеты “Рэспубліка. Асабліваю ўвагу да гэтай публікацыі прыцягнуў яе аўтар - начальнік аддзела пракуратуры вобласці Святлана Рахман, якая ў судзе па дадзенай крымінальнай справе выступала дзяржаўным абвінаваўцам і патрабавала выключнай меры пакарання для А.Грышкаўцова і А.Бурдыкі. І ў дадзеным выпадку разлік зразумелы - ўсумніцца не магчыма, бо інфармацыя, як кажуць, з першых вуснаў.

 

БЫЛО ШМАТ ЗДАГАДАК

Маючы на ўвазе наяўнасць сур'ёзных недахопаў сістэмы правасуддзя ў Беларусі, ініцыятары кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі пастараліся ўсё ж удакладніць некаторыя абставіны, якія паўплывалі на рашэнне дзяржавы ў асобе судовых органаў - да трох забойстваў дадаць яшчэ два.

Магчыма, што такім жа пытаннем задаваліся следчыя органы і суд, паколькі ў сваёй публікацыі Святлана Рахман кажа, што спачатку ўзнікла здагадка, што “для такой жорсткай расправы былі нейкія важкія прычыны, ці затрыманыя пакутуюць на псіхічныя захворванні. Але тут жа працягвае:“На жаль, як аказалася, ні тое ні другое ....

Што тычыцца важкіх прычын, то выкрадзеныя з кватэры забітых рэчы - «кампутар, фотаапарат, прадметы адзення», якія фігуруюць у СМІ - з пазіцыі здаровага сэнсу наўрад ці могуць быць суразмерныя з трымя смерцямі. Але здагадкі аб псіхічных захворваннях, магчыма, маюць пад сабой некаторыя падставы, што высветлілася з размовы праваабаронцаў з маці аднаго з асуджаных, Андрэя Бурдыкі.

Ніна Сямёнаўна Бурдыка распавяла, што яе сын хворы:

- У яго нервовае захворванне - генералізаваныя цікі. Гэта хвароба з дзяцінства. Яна невылечная і праяўляецца перыядычна, у моманты абвастрэння чалавек не можа сябе стрымаць. Андрэй стаяў на ўліку, лячыўся стацыянарна. Часам, прыходзячы са школы, выдаваў гукі і казаў: «Мама, зараз я буду крычаць». І я казала: крычы, сынок. І ён крычаў на ўсю кватэру. Але ж гэта ўсё не праходзіць, застаецца.
Дарослы, ён сябе шмат стрымлівае. У калоніі даводзілася занадта шмат сябе стрымліваць. Перад гэтым здарэннем Андрэй скардзіўся, што ў яго штосьці з галавой, губляе памяць. Яшчэ калі адбываў папярэдняе пакаранне ў калоніі, пісаў, што забывае словы, не можа выказаць свае думкі. І пасля вяртання ў яго тое ж самае было, і мы ўжо збіраліся ісці да неўрапатолага. У дарослым узросце Андрэй ужо не наведваў лекара, бо саромеўся. Ён заікаўся і зараз заікаецца, калі хвалюецца.

Падчас сустрэчы якога-небудзь медычнага пацверджання, акрамя запісаў у дзіцячай медкартцы, у маці Андрэя Бурдыкі не было. Яна сказала, што ўсе арыгіналы даведак і заключэння УКК перадала ў справу па першай судзімасці.

- Але Андрэй і Алег праходзілі абследаванне падчас следства па дадзенай справе аб забойстве. І Андрэй быў не згодны з медкамісіяй. Ён сказаў, што адказваў адно, а запісана зусім іншае. Я размаўляла са следчым, які пацвердзіў, што Андрэй не згодны з медкамісіяй. Следчы сказаў, што калі трэба, можна накіраваць на новы разгляд. Але калі адвакат напісаў прашэнне на паўторнае абследаванне, то следчы адмовіў па незразумелых для мяне прычынах, - распавяла Н.Бурдыка. - Калі адбылося забойства, Андрэя, напэўна, справакавалі, і ён не стрымаў сябе. Я ведаю, што калі б ён быў здаровы, то ён бы сябе стрымаў. Я думаю, што ў момант здзяйснення злачынства ён быў альбо ў бессвядомасці, поўнай адсутнасці памяці, альбо ў стане афекту. Але ніхто не ўлічыў гэтага моманту. Я, вядома, яго не абараняю, так, ён нарабіў ... і сабе і мне ... але трэба, напэўна, улічваць крыху псіхічны стан чалавека.

Жанчына адзначыла, "што на судзе было шмат здагадак".

- На судзе Андрэй і Алег увесь час спрабавалі сказаць, што спецыяльна забіваць не ішлі. Але ўсё зрабілі так, што быццам бы гэта было наўмысна.

Ніна Сямёнаўна зачытала з ліста сына:

“Вядома, мама, мне цяжка ўсведамляць набліжэнне смерці з запаволеным чаканнем, ведаючы, што яна непазбежная і як прыкладна адбудзецца. Але я стараюся мірыцца з гэтым, увесь час узгадваючы, што я забіў чалавека. Да таго ж прысуд ужо вынесены і следства скончылася. У цэлым вельмі шмат перакруцілі і сказілі ў абвінавачванні і прысудзе. Што казаць пра гэта, трэба было пакараць - вось і склалі выгадныя фрагменты граматна, каб усё выглядала ўнушальна ....

 

НОВЫЯ СМЯРОТНЫЯ ПРЫСУДЫ ЯК МАНЕЎР,
ЯКІ  АДЦЯГВАЕ ЎВАГУ?

Нават не паглыбляючыся ў падрабязнасці гэтай крымінальнай справы, можна адзначыць, што яна цалкам упісваецца ў тыповую для Беларусі з'яву - бытавыя забойствы на глебе п'янства. Таму што ўсе - і пацярпелыя і тыя, хто здзейсніў злачынства - былі раней знаёмыя паміж сабою і, відавочна, ні адзін раз разам распівалі спіртныя напоі.

У размове з праваабаронцамі маці Алега Грышкаўцова, Наталля Міхайлаўна, распавяла, што яе сын раней быў знаёмы з ахвярамі. Ён сустракаўся з забітай 34-гадовай Аленай, яны былі знаёмыя каля двух гадоў.

- Алег распавядаў, што ў яе ёсць 11-гадовы сын Ілля. Я ведала, што гэта жанчына любіла выпіць, у яе ў кватэры пастаянна збіраліся розныя кампаніі і, па словах суседзяў, часта скандалілі, - узгадвае Н.Грышкаўцова.

Вядома, бытавое п'янства не апраўдвае людзей, якія здзейснілі забойства. Але, тым не менш, у многіх выпадках абставіны цяжкіх злачынстваў выцякаюць з адной вялікай праблемы - праблемы алкагалізацыі грамадства. Урад павінен змагацца з гэтай праблемай, але асаблівых намаганняў не прыкладае, паколькі колькасць такіх злачынстваў упарта не зніжаецца, у чым пераконвае статыстыка.

“Па-ранейшаму большасць забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў са смяротным зыходам здзяйсняюцца на бытавой глебе і асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. У 2009 г. у стане алкагольнага ап'янення знаходзіліся 490 асобаў, якія здзейснілі забойствы. Чацвёра з кожных пяцярых забойцаў! <...> Атрымліваецца, што забівае і п'янства. Па горкай іроніі лёсу часта сумеснае. Амаль у палове выпадкаў мела месца сумеснае ўжыванне спіртных напояў пацярпелым і злачынцам незадоўга да здзяйснення злачынства. <...> Той, хто адпіў мазгі, цалкам можа стаць пры пэўных абставінах патэнцыйным забойцам, - сведчыць афіцыйная статыстыка, прыведзеная ў той жа газеце “Рэспубліка ў публікацыі Шакуючыя злачынствы”.  

Ніжэй ў публікацыі ідзе партрэт забойцы, характэрны для 2009 году: “грамадзянін Беларусі, мужчына ва ўзросце звыш 30 гадоў, з сярэдняй адукацыяй, раней прыцягваўся да крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасці, не працуе і не вучыцца, злоўжывае спіртнымі напоямі і з'яўляецца ў дачыненні да ахвяры блізкім сваяком, сужыцелем ці знаёмым”. Адносна пацярпелага гаворыцца, што, як правіла, на момант здзяйснення злачынства ён знаходзіўся “ў стане алкагольнага ап'янення, ўжываў спіртное разам з забойцам”. Таксама канстатуецца, што “больш за палову забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў са смяротным зыходам здзейсненыя ў 2009 г. у гарадской мясцовасці.

У адзіны ланцуг з праблемай бытавых злачынстваў на глебе п'янства ўвязваецца праблема рэадаптацыі асобаў, якія выйшлі з турмаў, і іх уключэння ў нармальнае сацыяльнае жыццё грамадства. Тут шмат розных аспектаў - гэта і працаўладкаванне, і кантроль з боку праваахоўных органаў. Бо часта міліцыя абмяжоўваецца толькі тым, што абавязвае тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, працаўладкавацца, не праводзячы далейшай эфектыўнай прафілактычнай працы.

- Андрэя выпусцілі з калоніі, замяніўшы астатні тэрмін на папраўчыя працы. Але адзначацца ніхто не патрабаваў. Ні разу за ўсе гэтыя паўтары месяцы, якія ён быў на волі, ніхто не пацікавіўся, не патэлефанаваў, не пракантраляваў. Калі б ён ведаў, што з 22.00 да 7 гадзін раніцы ён павінен быў быць дома, то гэтага б, магчыма, і не здарылася. Але кантролю ніякага не было, - разважае Ніна Сямёнаўна Бурдыка.

Да таго ж, напярэдадні здарэння пажылы гаспадар кватэры спрабаваў суцішыць п'яную нявестку Алену з яе сябрамі, якія ўсчынілі чарговы скандал. З гэтай мэтай ён настойліва, шэсць разоў (!), тэлефанаваў у міліцыю і прасіў прыехаць на выклік. Але ніхто не прыехаў. Як высветлілася падчас судовага працэсу, гэтыя шэсць званкоў нават не былі зафіксаваныя дзяжурнымі ў журнале, але яны пацвердзіліся ў расшыфроўцы тэлефонных размоваў. На судзе таксама стала вядома, што за бяздзейнасць вінаватыя супрацоўнікі міліцыі былі пакараныя. Гэты факт толькі пацвярджае, што ў гэтых адносінах горад Гродна з'яўляецца не такім ужо і спрыяльным для жыцця, якім яго ў сваім артыкуле выстаўляе пракурор С.Рахман.

Зразумела, маштабнасць праблемы не апраўдвае здзяйснення забойстваў. Але разам з тым, пакаранне ў выглядзе смяротнай кары (а гэта таксама забойства чалавека, але ўзаконенае дзяржавай!) не вырашае праблемы па сутнасці. Беларускія ўлады ў гэтым пытанні ўвесь час спасылаюцца на тое, што пакаранне ў выглядзе смяротнай кары з'яўляецца стрымліваючым фактарам. Але гэта не так. Само па сабе пакаранне не стрымлівае тых, хто забівае ў нецвярозым стане. Бо п'яны чалавек у агрэсіі не здольны думаць пра што-небудзь у прынцыпе, і ўжо тым больш пра тое, што за зробленае яго пакараюць смерцю. І вынясенне смяротных прысудаў у дадзеным выпадку выглядае як вуаляванне дзяржавай сваіх істотных недапрацовак. “Аказваецца, што яшчэ ў 1998 годзе Беларусь пераступіла мяжу ўжывання алкаголю, якую Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць небяспечнай для нацыі, пасля якой пачынаецца дэградацыя народа. Гэта мяжа - 8 літраў абсалютнага алкаголю на чалавека. Гэта аж у 2,2 разы больш, чым у 1990 годзе. Такім чынам, хто б і што ні казаў, але статыстыка сведчыць: не так піла раней наша краіна, была нейкая мера ва ўжыванні спіртнога! Больш за тое, вышэйназваная лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў праблемы. На думку экспертаў, яе трэба павялічыць мінімум на трэць..., - канстатуецца ў нядаўняй публікацыі ў газеце Народная Воля.

Атрымліваецца, што з п'янствам і алкагалізацыяй грамадства, як і з многімі іншымі праблемамі, улады змагаюцца толькі на словах, не ліквідуючы комплекс прычын, якія вызначаюць высокую злачыннасць, у тым ліку па асабліва цяжкіх злачынствах.

“РАЗМЫВАННЕ” ВІНЫ

У дадзенай крымінальнай справе няма канкрэтных сведак. Ёсць забойства трох чалавек і два абвінавачаных у гэтых забойствах - і гэта фактычна ўсё. У падобных выпадках узнікае пытанне пра ролю канкрэтна кожнага абвінавачанага ў здзейсненым злачынстве: хто каго забіваў.

З публікацыі пракурора не адразу зразумела, што С.Рахман мела на ўвазе: Правёўшы некалькі месяцаў за кратамі ў перыяд папярэдняга следства, абодва злачынцы захавалі ў памяці акалічнасці той бурнай ночы і паведамілі пра іх следчаму, а затым і суду. Толькі з нагоды забойства Ніны іх паказанні разышліся. Абодва адмаўлялі дачыненне да яе смерці, упэўнена паказваючы адзін на аднаго. Прымаючы пад увагу колькасць нанесеных гэтай жанчыне нажавых ранаў, суд паверыў абодвум ....

Але ўсё выглядае так, што следства проста падзяліла тры трупы паміж двума ўдзельнікамі злачынства. І тут неабходна высвятляць абставіны справы, таму што можа атрымацца так, што хтосьці з абвінавачаных быў вымушаны прызнаць, што менавіта ён забіў канкрэтнага чалавека. А на самой справе мог забіваць толькі адзін з двух, то бок адзін з'яўляецца выканаўцам, а другі - саўдзельнікам. Праваабаронцы прыйшлі да такога меркавання, улічваючы менавіта тую акалічнасць справы, што сведак забойства няма, а ўсё будуецца на паказаннях і прызнаннях кожнага з абвінавачаных.

Тое ж пацвярджаюць і адвакаты А.Грышкаўцова і А.Бурдыкі. Паводле іх, працэсуальных парушэнняў падчас следства і суду не было, але яны адзначылі, што прысуд пабудаваны ў асноўным на сведчаннях і прызнаннях абвінавачаных, здагадках па факце знойдзеных трох трупаў.

У такой сітуацыі складана разабрацца і даказаць, хто каго забіваў. Кожны з абвінавачаных прызнае віну часткова, у забойстве аднаго чалавека. Застаецца яшчэ трэцяя ахвяра. Следства проста падзяліла тры трупы на двух абвінавачаных і не стала разбірацца, хто каго забіваў дакладна. Таму што паказанні падсудных супярэчлівыя і ўзнікла шмат рознагалоссяў. Адвакаты адзначылі, што пры вынясенні прысуду, відавочна, не ўлічваўся прынцып індывідуальнасці пакарання.

На думку ініцыятараў кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", цяпер ужо Вярхоўны Суд павінен высветліць і ўстанавіць канкрэтную ролю А.Грышкаўцова і А.Бурдыкі ў здзейсненым злачынстве.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international