viasna on patreon

У Беларусі перасьледуюцца нават рок-гурты: забаронены яшчэ адзін выступ – канцэрт гурту “Палац”

2005 2005-08-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Менску забароненае выступленьне папулярнага фольк-гурту “Палац”. Канцэрт мусіў адбыцца ў клюбе “Белая вежа” 18 жніўня з ініцыятывы ўладальнікаў гэтай установы. Аднак кіраўніцтва ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму адмовіла арганізатарам ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня, якое дае права на правядзеньне імпрэзы. Чыноўнікі гэты факт адмаўляюць, а музыкі заяўляюць, што прадстаўнікі ўлады хаваюць праўду й моўчкі пашыраюць сьпіс “забароненых” гуртоў, паведаміла радыё Свабода.
Гэта мусіў быць першы канцэрт пасьля мінулагодняга выступленьня “Палацу” на мітынгу на пляцы Бангалор – кажа лідэр гурта Алег Хаменка. “Мы зьбіраліся на Спаса, як гэта звычайна бывае, прапанаваць пару новых песьняў, якія падрыхтавалі для новага альбома. Але ў гэтым выступе нам адмовілі. Гэта робіцца на словах, без папераў. Проста не дазваляюць і ўсё”.
Аналягічны выпадак нядаўна здарыўся з канцэртам “Крамбамбулі” у менскім клюбе “Рэактар”, калі арганізатарам забаранілі ягонае правядзеньне таксама без тлумачэньня прычынаў. Вось як гэта камэнтуе адзін са стваральнікаў праекту Лявон Вольскі: “Забароны й раней з намі стала здараліся. Але пасьля таго канцэрту зьявіліся “чорныя сьпісы” і шмат гуртоў зараз увогуле нідзе не фігуруюць. Пэўна, ўзьнікла нейкая генэральная лінія і зараз вельмі цяжка правесьці канцэрт. А калі гэты канцэрт гэты не адбываецца, то вельмі цяжка нешта даказаць, што ён забаронены. Таму што зараз вельмі добра адладжаная гэтая бюракратычная камандная сыстэма”.

Алег Хаменка быў аўтарам і вядучым праграмы “Настаўніцкая” на канале “Лад” Беларускага тэлебачаньня. Аднак пасьля выступу “Палаца” на пляцы Бангалор, праграму забаранілі. А калектыў гурту ў поўным складзе звольнілі з працы ў "Белканцэрце". Яшчэ аднаго ўдзельніка канцэрту на Бангалоры, Аляксандра Памідорава, звольнілі з тэлеканалу “СТВ”, дзе ён вёў праграму “Тэхналёгія”. Сёлета ў менскім клюбе “Рэактар” былі забароненыя два канцэрты: гуртоў “N.R.M.” і "Нэйра дзюбель". Музыкі распаўсюдзілі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваньнем патлумачыць, зь якіх прычынаў вядзецца іхны перасьлед, аднак адказу яны не атрымалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства