ШІЗА, пазбаўленне перадач і спатканняў, знішчэнне лістоў — як ціснуць у калоніі на асуджанага да 11 гадоў палітвязня Ціхана Осіпава

2021 2021-09-27T14:23:54+0300 2021-09-27T16:01:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/img_5355-muybn.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпаваа ў траўні асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за наезд на пецярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года (ч.1 арт. 14 і 362), удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), а таксама за ілжывы данос (ч. 1 арт. 400). З 15 жніўня, праз год пасля затрымання, палітвязень пачаў адбываць пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Пасля этапу ў калонію Ціхана павінны былі адправіць на карантын, але замест гэтага палітвязень апынуўся адразу ў ШІЗА. Жонка Ціхана Вольга Осіпава распавяла «Вясне», з якім ціскам за паўтара месяца ў калоніі сутыкнуўся палітвязень, за што яго караюць суткамі ў ШІЗА і пра што ён піша ў лістах.

Ціхан Осіпаў. Фота:
Ціхан Осіпаў. Фота: "Наша Ніва"

"Я кайфую ад дрэваў", — Ціхан пра калонію

Палітзняволенага Ціхана Осіпава 15 жніўня перавялі з магілёўскай турмы ў папраўчую калонію №15. Там ён павінен быў адразу адбыць два з паловай тыдні на карантыне. Праз чатыры дні пасля этапу Вольга атрымала ад яго ліст, які Ціхан пачаў пісаць яшчэ ў турме, але скончыў у калоніі:

«Этапавалі з суботы на нядзелю. Усё добра. На тэрыторыі вельмі шмат дрэваў, яны радуюць вочы. Я кайфую ад іх, карацей. На гэтым сканчваю. Вельмі цябе кахаю», — піша Ціхан.

Пасля гэтага ад Ціхана не было ніякіх вестак. Ён павінен быў перадаць жонцы спіс неабходных рэчаў для перадачы, але яна яго так і не атрымала. 25 жніўня Вольга прыехала ў папраўчую калонію, каб перадаць вітамінную перадачу, але яе не прынялі праз тое, што Ціхан у ШІЗА:

— Але ён жа павінен быць яшчэ на карантыне, ён толькі прыехаў, — здзівілася жонка.

— Значыць, ужо паспеў здзейсніць парушэнне, — адказалі ёй у калоніі.

Ліст Ціхана жонцы
Ліст Ціхана жонцы

Два тыдні ў ШІЗА пасля этапу

31 жніўня да Ціхана трапіў адвакат. Высветлілася, што на наступны дзень пасля этапу палітвязня пакаралі тыднем у ШІЗА за адмову «ўстаць і назвацца» перад супрацоўнікамі адміністрацыі. Але да вызвалення з ізалятару яму «накінулі» яшчэ сем сутак за тое, што ён «прылёг у неналежны час». У выніку, адразу пасля этапу Осіпава ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары два тыдні — амаль увесь тэрмін карантыну. Акрамя гэтага, жонцы паведамілі, што палітвязня пазбавілі рэжымнай перадачы, якіх дазволена толькі тры ў год, а таксама адной з двух бандэролей. Наступны раз перадачу Ціхану можна будзе перадаць толькі 24 снежня.

Знішчэнне лістоў і пазбаўленне спатканняў

Як распавядае Вольга, у калоніі ў палітзняволенага пачаліся праблемы з ліставаннем. Ён атрымлівае лісты толькі ад жонкі, бацькоў і некаторых сяброў. Акрамя гэтага, Ціхану ўжо двойчы прыносілі акты аб знішчэнні лістоў, якія не прайшлі цэнзуру. Адзін з лістоў належыў маці Вольгі.

Таксама вядома, што Осіпава за парушэнне правілаў унутранага распарадку пазбавілі кароткатэрміновага спаткання на чатыры месяцы, а працяглага — на паўгода. Улічваючы колькасць дазволеных спатканняў на ўзмоцненым рэжыме, у Ціхана засталіся толькі два кароткатэрміновых і адно працяглае спатканні.

Ціхан у калоніі працуе "на лучыне"

З трэцяга верасня Ціхана ўжо перавялі ў атрад. Ён распавёў Вользе, што цяпер працуе на лучыне:

«Гэта шчэпка для распальвання вогнішча. Яе робяць з абрэзкаў дошак. Гэтыя абрэзкі і расколваюць на шчэпкі, папярэдне адлучаючы ад кары», — гаворыць Вольга.

Але, як кажа жонка палітвязня, Ціхан сумаваў па працы, бо за мінулы год у СІЗА амаль нічым не займаўся, таму ён рады нават і гэтаму.

Званкі па пяць хвілін і бальнічны

За паўтары месяцы ў калоніі Ціхан патэлефанаваў жонцы двойчы. Незалежна ад рэжыму званкі ў калоніі дазволеныя адзін раз на тыдзень да 15 хвілін згодна з раскладам атрада. Але Ціхану дазваляюць размаўляць толькі па пяць хвілін. Акрамя гэтага, адзін са званкоў Ціхан усё ж такі прапусціў. Па яго словах, былі праблемы з таксафонам. Таму ўвесь вызначаны для званку час ён спрабаваў патэлефанаваць, але нічога не ўдалося. Падчас размовы палітвязень паведаміў, што паспеў ужо нават трапіць на бальнічны, але папярэдзіў жонку, што «нічога сур’ёзнага, усё ў парадку».

Малюнак Ціхана пляменніку
Малюнак Ціхана пляменніку

Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:
ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства