viasna on patreon

“Не магу зразумець, як чалавек выконваў абавязкі, будучы мёртвым”: два гады “хатняй хіміі” — за абразу памерлага міліцыянта

2021 2021-09-23T12:23:52+0300 2021-09-23T13:52:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/femida_3_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска з трэцяй спробы агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Паўла Анісімава, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Наталля Бугук, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў Дзмітрый Хаваўка.

Павел Анісімаў абвінавачваўся ў тым, што 3 лютага 2021 года меў намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, пакінуў каментар у тэлеграм-канале “Еўрарадыё” пад паведамленнем пра смерць намесніка начальніка штаба УУС па Магілёўскай вобласці Аляксандра Петрусевіча наступнага зместу: Сдохла падла, пусть вечно его жарят черти у Аида. Паводле меркавання дзяржаўнага абвінаваўцы, выраз утрымліваў негатыўную ацэнку Петрусевіча, меў ненараматыўную форму выказвання: недапушчальную, некарэктную, непаважлівую, якая прынізіла гонар і годнасць міліцыянера, тым самым абвінавачаны абразіў прадстаўніку ўлады. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 369 Крымінальнага кодэкса (у рэдакцыі ад 05.01.2015 года).

Пацярпелым па справе быў прызнаны сын памерлага міліцыянта, супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Петрусевіч.

Анісімаў пацвердзіў, што каментар пакінуў ён, але віну не прызнаў, ад дачы паказанняў адмовіўся.

У судзе былі абвешчаныя паказанні, якія Павел даваў падчас следства ў якасці падазраванага 22 красавіка. З іх вынікае, што Анісімаў прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым, тлумачыў, што ў тэлеграме быў падпісаны на мноства каналаў, у тым ліку “Святлана Ціханоўская”, “Нехта”, Белсат, Радыё Свабода, Еўрарадыё і іншых, дзе чытаў розную інфармацыю пра падзеі, якія адбываліся ў Беларусі. Асаблівую ўвагу надаваў згаданым тэлеграм-каналам пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе.

“Магу патлумачыць, што я ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць дзеючай улады, якія адбываліся 23 жніўня 2020 года ў Мінску: рухаўся ў складзе калоны людзей у накірунку Стэлы, праспекта Незалежнасці”, — казаў Анісімаў і падкрэсліваў, што ніякіх лозунгах і заклікаў не выказваў, плакатаў і сцягаў не насіў, якога-небудзь гвалту не ўжываў.

3 лютага абвінавачаны знаходзіўся на працы, падчас перапынку чытаў навіны ў тэлеграме, пабачыў інфармацыю пра смерць супрацоўніка міліцыі ў Магілёве Аляксандра Петрусевіча ў фармаце некралога. Тады Павел Анісімаў перайшоў у каментары, дзе карыстальнікі пакідалі паведамленні да запісу ў асноўным негатыўнага характару.

“Я таксама вырашыў выказацца на гэтую тэму. Прачытаўшы каментары, я ўжо знаходзіўся пад уражаннем і пры гэтым паверыў, што Петрусевіч А.А. быў дрэнным чалавекам”, — тлумачыў на допыце свой учынак абвінавачаны.

Ён удакладняў, што яго словы былі адрасаваныя памерламу міліцыянту, ніякага асаблівага сэнсу ў іх ён не ўкладаў, а проста такім чынам выказаў свае эмоцыі, якія накапіліся з-за палітычнай абстаноўкі ў краіне. Разумеў, што шмат людзей могуць пабачыць яго каментар, у тым ліку родныя памерлага, але не задумваўся.

На допыце ў якасці абвінавачанага ад 7 жніўня 2021 года Павел Анісімаў адмовіўся ад дачы паказанняў.

У судзе быў дапытаны пацярпелы Андрэй Петрусевіч, які патлумачыў, што яго бацька Аляксандр памёр 26 студзеня, па гэтай прычыне ў інтэрнэце быў размешчаны некралог у групе ветэранскай арганізацыі МУС у “Аднакласніках”. Сам пацярпелы каментары не чытаў, пакуль яму не патэлефанавалі з ГУСБ Магілёўскага аблвыканкама і не распавялі пра абразы ў адрас бацькі. Андрэй Петрусевіч падкрэсліў, што не пачуў адказу на пытанне, што матывавала абвінавачанага пакінуць такі каментар. Ён заявіў, што абразлівы каментар быў звязаны з выкананнем ягоным бацькам службовых абавязкаў, і папрасіў кампенсацыю ў 1000 рублёў за панесеныя маральныя пакуты, якія выявіліся ў пачуцці сораму, быў вымушаны тлумачыць родным і блізкім, чым быў пастаўлены ў няёмкае становішча. Таксама на службе была не вельмі спакойная атмасфера, калі калегі даведаліся пра абразлівы каментар: Андрэю Петрусевічу прыйшлося супакойваць міліцыянтаў, якія жадалі знайсці і прыцягнуць да адказнасці Анісімава “законным чынам”.

Заяўлены пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды абвінавачаны не прызнаў у поўным аб’ёме.

Больш за тое, Павел Анісімаў адзначыў: указаны артыкул Крымінальны кодэкс не можа прымяняцца, бо ён гучыць як “абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні службовых абавязкаў”:

“Я не магу зразумець, як чалавек выконваў абавязкі, будучы мёртвым”.

Падчас спрэчак бакоў Дзмітрый Хаваўка прасіў суд прызнаць Паўла Анісімава вінаватым па арт. 369 КК і пакараць яго абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, мабільны тэлефон канфіскаваць у даход дзяржавы, а грамадзянскі іск пацярпелага аб спагнанні матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды задаволіць з улікам прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

Абаронца ўказвала, што аб’ектам арт. 369 КК у рэдакцыі 2015 года з'яўляецца аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады, г. зн. пацярпелым можа быць толькі прадстаўнік улады. Прызнанне пацярпелым сына Аляксандра Петрусевіча супярэчыць дзеючаму на момант здзяйснення злачынства Анісімавым заканадаўству.

Аляксандр Петрусевіч на момант напісання каментара быў ужо мёртвы, і, згодна з высновамі эксперта, Анісімаў пакінуў пра яго негатыўную ацэнку. На думку абароны, следствам не прадастаўлена доказаў таго, што Петрусевіч з'яўляўся дзяржаўным службоўцам, які меў права ў межах сваіх кампетэнцый аддаваць распараджэнні і загады і прымаць рашэнні адносна асобаў, непадпарадкаваных яму па службе, як таго патрабуе арт. 369 КК.

"На той момант, як гэта не сумна, яго ўжо не было ў жывых, такім чынам ён не мог выконваць свае службовыя абавязкі", — падкрэсліла абаронца.

На яе думку, у дзеяннях Анісімава адсутнічае склад злачынства, на падставе чаго яго трэба апраўдаць.

Апошняе слова і прысуд спачатку былі прызначаныя на 17 верасня, аднак суддзя Наталля Бугук аднавіла следства з-за таго, што ў судзе не былі даследаваныя рэчавыя доказы і перанесла разгляд справы на 22 верасня.

Учора рэчавыя доказы былі даследаваныя, пасля чаго Павел Анісімаў выступіў з апошнім словам. Мужчына казаў па-беларуску:

“Ці шкадую я аб тым, што надрукаваў абразлівы каментар? Так, я шкадую. Але я шкадую таму, што гэтая абраза — яна прыніжае мой гонар на ўзроўні тых, хто, займаючы вышэйшыя пасады, размаўляюць паміж сабой абразамі, бруднымі словамі, а таксама абражаюць нават сваіх калег.

Па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса я лічу сябе невінаватым, таму патрабую вынесці апраўдальнае рашэнне, патрабую павернуць мой тэлефон. А таксама потым я мяркую, што трэба мне грашовую кампенсацыю заплаціць за перанесеныя катаванні ў тыя трое сутак, што я адбыў у Магілёўскім ІЧУ”.

Прысуд быў абвешчаны 23 верасня. Суддзя Наталля Бугук пастанавіла пакараць Паўла Анісімава двума гадамі “хатняй хіміі” і задаволіць пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды сыну памерлага міліцыянта ў памеры 1000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства