Былога форварда «Гарадзеі» і яшчэ дваіх фігурантаў справы асудзілі да «хатняй хіміі»
У судзе Заводскага раёна Мінска 22 верасня вынесены прысуд у крымінальнай справе па абвінавачванні трох жыхароў сталіцы паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса. На лаве падсудных трое — 20-гадовыя Вадзім Шашура, палітвязень Расціслаў Шавель і Мікіта Ермакоў.
Суддзя Алег Каляда вынес хлопцам тыя прысуды, якія і запрасіў пракурор, а менавіта — "хатнюю хімію":
Вадзіму Шашуру — два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ;
Расціславу Шавелю — тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ;
Мікіту Ермакову — два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
Шашуру і Шавеля вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Мікіта Ермакоў падчас суда быў пад падпіскай аб нявыездзе.
Абвінавачаныя прызналі віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываліся ў Мінску: Шашура і Ермакоў — 25 кастрычніка 2020 года, Шавель — 25 кастрычніка і 1 лістапада 2020 года. Шашура сказаў, што падпаў пад уплыў ТГ-каналаў, ніякіх мэтаў не меў, проста выйшаў, прачытаўшы пра заклік у тэлеграм-канале.
Былому форварду «Гарадзеі» і яшчэ дваім фігурантам справы пракурор запрасіў “хатнюю хімію”