Хроніка палітычнага пераследу за 3 ліпеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. 3 ліпеня працягваюцца затрыманні, ператрусы, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Брэст
У Брэсце 3 ліпеня ў 18.15 гадзін былі затрыманыя сужэнцы Дзмітрый і Юлія Велясніцкія. Зараз іх тэлефоны недасяжныя.
Столін
Таксама паведамляецца, што сёння каля 17 гадзін ў Століне быў затрыманы 24-гадовы грамадзянін Украіны з відам на жыхарства ў Беларусі Павел Рабешка.
Па месцы жыхарства хлопца таксама правялі вобшук, у якім, па інфармацыі, прымалі ўдзел пяць супрацоўнікаў міліцыі. Быў канфіскаваны тэлефон, а самаго Паўла затрымалі і звезлі ў невядомым напрамку. Што стала падставай для прыезду супрацоўнікаў — пакуль невядома.
Па папярэдняй інфармацыі, яго адвезлі ў пінскае КДБ.
Мінск
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома пра затрыманне мінчука Івана Лобырава. На лецішча, дзе знаходзіўся мужчына, прыехалі супрацоўнікі ў масках, правялі ператрус без панятых і затрымалі мужчыну. У чым яго вінавацяць — невядома, бо нікога побач не было.
У Мінску каля 19:40 каля Дварца Спорта затрымалі Арцёма Цярэшку.
"Падышлі "ціхары" і бачыў, што пра нешта кажуць. Потым спытаў у яго, што такое. Ён адказаў, што для праверкі дакументаў", — распавядае ягоны знаёмы.
Па папярэдняй інфармацыі, на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Таксама тэлеграм-канал @spiski_okrestina паведамляе пра затрыманне Рамана Барышэўскага. Адміністрацыйны арышт за 15 лістапада забралі адбываць Дзіну Міхнавец.
Каля 16:30 знікла сувязь з сябрамі "Маладога фронта" Дзянісам Урбановічам і Арсеніям Чыжыкам. Пра гэта "Вясне" паведамілі іх паплечнікі.
У Мінску з дома забралі Алега Фаміна. Перад гэтым правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Пакуль яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Бабруйск
Уначы 3 ліпеня былі затрыманыя трое бабруйчан: Яўген Габрэлян, Віталь Федасееў і Дзмітрый Косцін. Мужчын адправілі ў ІЧУ нібыта за правядзенне масавага мерапрыемства. Ва ўсіх траіх прайшлі ператрусы, падчас якіх забралі тэхніку і рэчы з нацыянальнай сімволікай, у тым ліку і кнігі.
Інфармацыя будзе дапоўненая