Справа Бабкіна: Набраў нумар міліцыі 102 і абразіў прэзідэнта
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 28 чэрвеня адбыўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Аляксандра Бабкіна, якога абвінавацілі у абразе прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368 КК).
Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржаўны абвінаваўца – Дар’я Гур’янава.
Маніторынг судовага працэсу ажыццяўляў праваабаронца Раман Юргель.
Справа была ўзбуджаная 25 красавіка, трое сутак Бабкін знаходзіўся ў ІЧУ, затым пад падпіскай аб нявыездзе.
Паводле абвінавачвання, Бабкін, знаходзячыся ў алкагольным ап'яненні, патэлефанаваў на нумар 102 і зневажальна і негатыўна выказаўся на адрас прэзідэнта, прынізіў ягоныя гонар і годнасць, тым самым нанёс публічную абразу.
Сваю віну прызнае цалкам.
- Па якой прычыне вы тэлефанавалі? - пытаецца пракурор
- Да мяне пасля прэзідэнцкіх выбараў у дзверы некалькі разоў ламілася міліцыя і АМАП, я не адчыняў, баяўся. 10 жніўня я быў затрыманы і аштрафаваны.
Аляксандр Бабкін у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 падчас пратэстаў у Гродна быў затрыманы, адпраўлены ў СІЗА і закрытым выязным судом на наступны дзень быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь.
Суддзя: "А чаму вы самі не пайшлі ў міліцыю высветліць мэту іх візітаў, па якой прычыне вы абражалі кіраўніка дзяржавы?”
- Я быў п'яны і патэлефанаваў, не даваючы сабе справаздачы. Я разумею, што здзейсніў злачынства. Больш такога не паўторыцца.
Сведка Ганна Самойленка працуе тэхнікам сувязі службы міліцыі, прымала той званок:
- Грамадзянін Аляксандр Бабкін патэлефанаваў ноччу і спытаў, ці знаходзіцца ён у вышуку і выказаўся нецэнзурнай лаянкай. Размовы на палітычную тэму не было. Было зразумела, што чалавек нападпітку. Мы бачылі нумар тэлефона і на каго ён зарэгістраваны.
Размова доўжылася 4 хвіліны. Самойленка запоўніла картку і паводле службовых абавязкаў перадала інфармацыю аператыўнаму дзяжурнаму і ў РАУС.
Наступная сведка Лідзія Каханская, тэхнік сувязі службы міліцыі 102 Гродзенскага УУС, патлумачыла, што чула гэты званок пры паўторным праслухоўванні.
Чула, што грамадзянін Бабкін, спытаў, ці знаходзіцца ён у вышуку, затым назваў прозвішча Лукашэнкі і нецэнзурна выказаўся ў яго адрас.
Пракурор удакладняе паказанні сведак: "Тэлефанаваў і абражаў прэзідэнта?”
- Так, пацвярджаю. Па размове было зразумела, што п'яны быў.
У часе судовых спрэчак пракурор казаў, што Бабкін злоўжывае алкаголем, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў жніўні 2020 за пікетаванне. Віна пацвярджаецца сабранымі доказамі, паказаннямі сведак-тэхнікаў сувязі міліцыі, пратаколамі агляду, экспертным заключэннем і матэрыяламі справы.
Па заключэнні эксперта Фіялавай, выказаўся ў адрас Прэзідэнта зняважлівымі словамі. Наўмысна абразіў прэзідэнта, разумеў, што наносіць шкоду і прыніжае аўтарытэт гонар і годнасць Прэзідэнта.
Пракурор, улічваючы раскаянне абвінавачанага, просіць прызначыць яму пакаранне тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму, узяць пад варту ў зале суда. Таксама патрабуе прымяніць прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Адвакат даводзіў, што Бабкін не ўяўляе небяспекі для грамадства, можа быць пакараны і штрафам. Просіць суд абвясціць пакаранне выпраўленчымі працамі без акіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Суд пастанавіў прызнаць Аляксандра Бабкіна вінаватым па ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, таксама прымяніць прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Мабільны тэлефон канфіскаваны, кампутар і клавіятуру - вярнуць асуджанаму.
Пад час заключэння пад варту Бабкін паспеў выгукнуць “Жыве Беларусь!” і “Будзем вольнымі“.