viasna on patreon

"Абавязак паведамляць аўтару пра прычыны канфіскацыі лістоў не прадугледжаны". Пракуратура праверыла, чаму Леаніду Судаленка не аддалі лісты

2021 2021-05-21T17:34:58+0300 2021-05-21T17:34:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/list_sudalenka_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ліст Леаніда Судаленкі да калегаў. Фота: spring96.org

Ліст Леаніда Судаленкі да калегаў. Фота: spring96.org

Пракуратура Гомельскай вобласці адказала на скаргу юрыста ПЦ "Вясна" Аляксея Лойкі на парушэнне права праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымліваць і адпраўляць карэспандэнцыю.

Нагадаем, раней у адным з лістоў Леанід Судаленка, які ўтрымліваецца ў СІЗА-3 г. Гомеля, адзначыў, што яму не перадалі ліст ад Аляксея Лойкі, дзе той выказаў калегу словы падтрымкі, а таксама распавёў, якія падзеі адбываліся пасля яго затрымання. Замест гэтага палітвязню ўручылі акт аб канфіскацыі. Тады Аляксей Лойка накіраваў зварот начальніку СІЗА, у адказе на які даведаўся, што яго ліст на падставе ч. 4 арт. 18 Закона "Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай" быў канфіскаваны і накіраваны ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Ліставанне праваабаронцы з палітвязнем Леанідам Судаленкам далучаюць да крымінальнай справы?

Старшыня Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна" напісаў, што адзін з першых лістоў ад Аляксея Лойкі яму не ўручылі, а прынеслі акт аб канфіскацыі ліста. Як піша Леанід Судаленка, атрымаць ліст ён зможа толькі па вызваленні з СІЗА.

Такія дзеянні адміністрацыі СІЗА праваабаронца абскардзіў у Гомельскую пракуратуру, якую прасіў наведаць Леаніда Судаленку ў СІЗА і ліквідаваць парушэнне яго права на перапіску.

Пракуратура нібыта правяла праверку, у выніку якой довады, прыведзеныя Аляксеем Лойкам, пацверджання не атрымалі.

"Так, па стане на 07.05.2021 года за перыяд утрымання пад вартай у СІЗА-3 Судаленкам Л. Л. атрымана ад грамадзян 385 лістоў, ім жа адпраўлена розным адрасатам 582 лісты.

Ваш ліст канфіскаваны 09.02.2021 г. згодна з актам, зацверджаным начальнікам СІЗА-3. У той жа дзень канфіскаваны ліст разам з канвертам, паштоўкай і візітнай карткай, якія знаходзіліся ў ім, накіраваны ва ўпраўленне СК па Гомельскай вобласці", - значыцца ў адказе за подпісам намесніка пракурора вобласці В. Тарасенка.

Пракуратура спасылаецца на тую ж норму закона "Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай", што і начальнік СІЗА, і адзначае, што "абавязак адміністрацыі месцаў утрымання пад вартай паведамляць аўтару пра прычыны канфіскацыі лістоў не прадугледжаны", а "рашэнне пра далейшы лёс канфіскаванага ліста прымае орган, які вядзе крымінальны працэс".

Гэты адказ юрыст "Вясны" абскардзіў пракурору Гомельскай вобласці. Аляксей Лойка падкрэслівае:

"У скарзе на адказ намесніка пракурора вобласці адзначаецца, што ў ходзе праверкі не праведзена старанная ацэнка на прадмет таго, якія звесткі ў карэспандэнцыі для Леаніда Судаленка, які змяшчаецца пад вартай, падпадаюць пад падставы, пералічаныя ў частцы 4 артыкула 18 закона "Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай". Выкладанне гэтай нормы закона ў адказе на скаргу без супастаўлення з утрыманнем карэспандэнцыі сведчыць аб непаўнаце праведзенай праверкі і павярхоўнай выснове аб адсутнасці падстаў для пракурорскага рэагавання. Больш за тое, адсутнасць такой ацэнкі фактычна пазбаўляе заяўніка прыводзіць довады аб тым, што дзеянні адміністрацыі СІЗА з'яўляюцца неправамернымі, што робіць немагчымым рэалізаваць права на абарону ад неправамерных дзеянняў дзяржаўнага органа".

Нагадаем, Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай 18 студзеня па дарозе на офіс у рамках крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 18 траўня мінаў тэрмін утрымання праваабаронцы пад вартай, аднак гэты тэрмін быў падоўжаны яшчэ на два месяцы - да 18 ліпеня.

Леанід Судаленка прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства