viasna on patreon

Двух мінчукоў асудзілі на тры гады "хіміі" за інсталяцыю з фота Качанавай і Кубракова

2021 2021-02-26T17:52:43+0300 2021-02-26T18:11:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/install_pudzily.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска была разгледжана крымінальная справа супраць Дзяніса Заянчэўскага і Максіма Таццянка. Мужчыны абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 339 КК (Злоснае хуліганства) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) за тое, што ўначы з 20 на 21 лістапада на адной з вуліц у раёне Інстытута культуры зрабілі інсталяцыю ў выглядзе пудзілаў з фотаздымкамі Наталлі Качанавай, міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і амапаўца ў балаклаве на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Абодва абвінавачаных да суду знаходзіліся пад вартай. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Рудэнка. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірала за судовым працэсам.

Паводле абвінавачвання, група людзей, у складзе якой былі Заянчэўскі і Таццянок, з 20 на 21 лістапада 2020 года на завулку Полацкім у раёне Інстытута культуры ўстанавіла пудзіла з фотаздымкамі чыноўнікаў і супрацоўніка МУС і тым самым выказала грэбаванне да грамадства, а таксама наўмысна і з асаблівым цынізмам прынізіла гонар і годнасць службовых асоб. Такія дзеянні былі кваліфікаваныя следчымі як злоснае хуліганства.

install_pudzily.jpg
фота інсталяцыі

Дзяніса і Максіма затрымалі на наступны дзень пасля акцыі - 22 лістапада. Татьянка неўзабаве адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але праз тры тыдні зноў затрымалі і змясцілі пад варту ў СІЗА Жодзіна.

Хацеў выказаць падтрымку арыштаваным па палітычных матывах

Дзяніс Заянчэўскі віну прызнаў цалкам, Максім Таццянок - часткова. Таццянок не адмаўляў, што прысутнічаў на месцы інсталяцыі, але не прызнаў, што хацеў каго-небудзь абразіць або зняважыць.

Падчас допыту Заянчэўскі сказаў, што ўбачыў у раённым закрытым тэлеграм-чаце заклік да арганізацыі ланцга з пудзіламі і вырашыў паўдзельнічаць. Ён таксама ўзяў з сабой форму для пудзіла, якая засталася ў яго пасля службы ва ўнутраных войсках. З Максімам Таццянком бачыліся некалькі разоў на дваровых чаяваннях. Астатніх людзей, якія ўсталёўвалі інсталяцыю, ён не памятае і не ведае тых, хто выкладваў фота ў сетку. Ён адзначыў, што асабіста ён удзельнічаў у той акцыі, каб выказаць падтрымку людзям, арыштаваным у жніўні і верасні па палітычных матывах.

У Заянчэўскага месяц таму нарадзілася дзіця, якога ён не бачыў дагэтуль. Таксама ён адзначыў, што ў часы службы ён перасякаўся з Кубраковым і нічога дрэннага пра яго ў той час сказаць не мог.

Максім Таццянок падчас допыту распавёў, што яму, як работніку рэкламнага агенцтва, было цікава паўдзельнічаць у стварэнні інсталяцыі, атрымаць досвед. У той вечар ён дапамог зрабіць пудзіла і пайшоў на дарогу сачыць за машынамі, перадаваў інфармацыю Заянчэўскаму. Затым сфатаграфаваў інсталяцыю, пайшоў дадому і там выклаў фота ў закрыты чат. На судзе сказаў, што палітыкай ён не цікавіцца.

Таццянок - валанцёр Чырвонага Крыжа з 2018 года, у жніўні мінулага года аказваў дапамогу пацярпелым на акцыях. Таксама ўдзельнічаў у пошукавых атрадах. Як і Заянчэўскі, у мінулым быў вайскоўцам.

Не знішчалі пудзіла, таму што не было загаду

На судзе выступілі сведкі міліцыянты.

Сведка Астаповіч – кіроўца-міліцыянт распавёў, што па маршруце патрулявання ўбачыў у палове першай ночы тры чучалы. Лічыць, што зрабіць такую інсталяцыю было "вельмі цынічна".

Сведка Сарокін – супрацоўнік Кастрычніцкага РУУС пры патруляванні скрыжавання Жукоўскага-Магілёўская ўбачыў тры пудзіла. Па яго словах, ён паведаміў у дзяжурную частку і паехалі далей. Ён не знішчаў іх, таму што не было загаду.

Таксама ў якасці сведак былі дапытаныя знаёмыя Максіма Таццянка – старшыня іудзейскай абшчыны Старобінскі і сусед Скараход. Абодва характарызавалі Татьянка з вельмі станоўчага боку.

Падчас вывучэння матэрыялаў справы суддзя агучыў, што падчас ператрусу ў Заянчэўскага быў канфіскаваны мабільны тэлефон і два ноўтбукі. Пры вывучэнні тэлефона высветлілася, што ён падпісаны на мноства апазіцыйных тэлеграм-каналаў і дваровых чатаў, таксама там знайшлі мноства фота з бел-чырвона-белай сімволікай і некалькі фотаў інсталяцыі.

У Таццянка пры ператрусе канфіскавалі тэлефон і ноўтбук. І таксама ў тэлефоне знайшлі мноства чатаў і перапісак з дваровымі актывістамі наконт лакальных акцый.

Суддзя адхіліў хадайніцтва аб правядзенні мастацкай экспертызы адносна таго, ці з'яўляецца інсталяцыя абразлівай. Таксама было адхіленае хадайніцтва аб запрашэнні Качанавай і Кубракова ў якасці сведак для высвятлення, наколькі абразлівая для іх дадзеная інсталяцыя. Хадайніцтва аб далучэнні да справы характарыстык абвінавачаных з месца працы, ад суседак, з юдэйскай абшчыны (у Таццянка) задаволілі.

Падчас спрэчак пракурор запытаў для кожнага з абвінавачаных па тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

26 лютага суддзя Аляксандр Рудэнка абвясціў менавіта такі прысуд, як і запытваў пракурор. Дзяніса Заянчэўскага і Максіма Таццянка вызвалілі ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства