Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2020
Высновы:
- на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. У месцах несвабоды знаходзяцца 169 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца. Агульная ж колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў выбарчы і пост-выбарчы перыяд, склала больш за 900 чалавек, пры гэтым ПЦ "Вясна" вядомыя прозвішчы 634 фігурантаў;
- улады працягвалі практыку гвалтоўнага спыненьня мірных дэманстрацый пратэсту і прымянення гвалту ў дачыненні да іх удзельнікаў;
- агульная колькасць грамадзян, затрыманых за ўдзел у сходах на працягу месяца, склала не менш за 750 чалавек. Па дадзеных ПЦ "Вясна", у снежні былі разгледжаны не менш за 700 адміністрацыйных справаў; з іх вядома аб накладзеных на 200 чалавек штрафах у суме 5 510 базавых велічынь. Гэта складае каля 150 тысяч беларускіх рублёў. 481 чалавеку 486 разоў прызначыны адміністрацыйны арышт - у суме на 6 918 сутак;
- органамі пракуратуры і Следчым камітэтам так і не была ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы па фактах сістэмных і масавых катаванняў затрыманых грамадзян у перыяд з 9 па 12 жніўня 2020 г. Праваабаронцы працягваюць фіксаваць шматлікія факты катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў мірных сходаў;
- працягваецца пераслед незалежных журналістаў і блогераў, у тым ліку па абвінавачванні ў дыфамацыі службовых асобаў, уключаючы прэзідэнта;
- так і не былі распачатыя крымінальныя справы і не праведзена расследавання па фактах гібелі як мінімум трох удзельнікаў пратэстаў - Генадзя Шутава, Аляксандра Тарайкоўскага і Рамана Бандарэнкі, а таксама смерці Аляксандра Віхора;
- рэпрэсіям падвяргаюцца журналісты, блогеры і журналісцкія супольнасці;
- у цэлым, эксперты ПЦ "Вясна" адзначаюць працяг ўзмацнення рэпрэсій і яшчэ большае пагаршэнне крызісу правоў чалавека ў краіне. Цягам месяца ўлады краіны не прадэманстравалі гатоўнасці да вырашэння крызісу і рэальнага дыялогу з грамадствам.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
Крымінальны пераслед грамадзянаў застаецца адным з асноўных відаў рэпрэсіяў, якія ўжываліся ўладамі Беларусі ў перыяд выбараў і працягваюць прымяняцца ў пост-выбарчы перыяд.
На працягу месяца назіралася далейшае ўзмацненне рэпрэсій і актывізацыя палітычна матываванага крымінальнага пераследу. Дадзеная акалічнасць сведчыць аб далейшым пагаршэнні крызісу з правамі чалавека ў краіне.
На працягу снежня назіралася вялікая колькасць судовых працэсаў над удзельнікамі пратэсных акцый, якія праходзілі не толькі ў Мінску, але і ў многіх іншых гарадах па ўсёй тэрыторыі краіны.
Вялікую катэгорыю разгляданых судамі справаў складалі справы, звязаныя з абвінавачваннямі ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а таксама супрацівам з ужываннем гвалту (арт. 363, 364, 366 КК).
Як паказалі вынікі маніторынгу судовых працэсаў па некаторых з дадзенай катэгорыі справаў, суды пры іх разглядзе не даюць належнай ацэнкі законнасці дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і пры вынясенні прысудаў першапачаткова зыходзяць з таго, што яны ажыццяўлялі сваю законную дзейнасць па ахове грамадскага парадку пры правядзенні грамадзянамі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Затрыманні ўдзельнікаў такіх сходаў і ўжыванне ў дачыненні да іх фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў таксама на думку суддзяў носіць законных характар. Адпаведна, усякага роду непадпарадкаванне, супраціў, а тым больш прымяненне гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС, на іх думку, з'яўляецца злачынным.
Пазіцыя экспертаў ПЦ "Вясна" па дадзеных справах заключаецца ў тым, што мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, а ўсякага роду дзеянні па іх гвалтоўным спыненні, затрыманні іх удзельнікаў, прымяненні да іх гвалту з'яўляюцца непрапарцыйнымі абмежаваннямі свабоды мірных сходаў, якія выходзяць за рамкі дапушчальных абмежаванняў. Адпаведна, такога роду дзеянні міліцыі нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, і ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту ў адказ з боку ўдзельнікаў пратэстаў або нанясення супрацоўнікам шкоды па неасцярожнасці, дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю. У большасці назіраных выпадкаў ніякага шкоды здароўю дзеяннямі абвінавачаных прычынена не было, альбо шкода была неістотнай, сімвалічнай, альбо гвалту як такога наогул не ўжывалася. Пры такіх абставінах, тым не менш, судамі выносяцца жорсткія прысуды, звязаныя з пазбаўленнем волі, што не прапарцыйна пакаранням іншых асобаў, асуджаных за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі пры іншых абставінах, у адсутнасць палітычнага матыву.
Паказальным у гэтай сувязі з'яўляўся судовы працэс у дачыненні да грамадзянкі Беларусі і Швейцарыі Наталлі Хершэ, якая была асуджаная судом Савецкага р-на г. Мінска па арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку міліцыі) да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі і прызнаная палітзняволенай беларускай праваабарончай супольнасцю.
Шэраг абвінавачаных былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў пазбаўлення волі па арт. 339 КК (хуліганства) за нанясення графіці на грамадзка-палітычныя тэмы. Рэзананс атрымалі прысуды, вынесеныя судом Фрунзенскага і па ч. 2 арт. 339 КК у дачыненні да групы грамадзян, якія абвінавачваліся ў нанясенні надпісу “Не забудзем” на месцы забойства супрацоўнікамі МУС ўдзельніка дэманстрацыі Аляксандра Тарайкоўскага. Усяго за нанясенне дадзенага надпісу былі асуджаныя пяць чалавек, двое з якіх — Уладзіслаў Гуліс і Максім Паўлюшчык — былі пазбаўлены волі на два гады, а Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка асуджаныя да аднаго з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ); Марыя Бабовіч асуджаная да 18 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
Яшчэ адну катэгорыю складаюць крымінальныя справы, якія ўзбуджаюцца па дыфамацыйныя артыкулах Крымінальнага кодэкса, — арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (абраза службовай асобы), а таксама справы, звязаныя з абразай дзяржаўных сімвалаў (арт. 370).
Большасць асуджаных па дадзеных артыкулах былі асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. 29 снежня суддзя Брагінскага раённага суда Марыя Гаўрыленка ў закрытым судовым пасяджэнні прысудзіла мясцовага жыхара Аляксандра Кулагу да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Мера стрымання да ўступлення прысуду суда ў сіле пакінута ранейшай — асабістае паручальніцтва.
4 снежня быў затрыманы і ўзяты пад варту па узбуджанай па арт. 369 КК былы афіцэр МУС з Заводскага РУУС г. Мінска Дзмітрый Кулакоўскі, які перад гэтым на працягу месяца адбываў адвольныя адміністрацыйныя арышты ў ЦІП г. Мінска, падвяргаўся катаванням і жорсткаму абыходжанню.
25 снежня ў межах узбуджанай крымінальнай справы па арт. 368 КК была абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту ў дачыненні да журналіста інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча. Абодва абвінавачаныя былі прызнаныя палітвязнямі беларускай праваабарончай супольнасцю.
Аднак найбольшая колькасць крымінальных справаў была ўзбуджаная па арт. 293 (масавыя беспарадкі), а таксама 342 (арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Усяго ж на дадзены момант ПЦ "Вясна" вядома аб 634 фігурантах крымінальных справаў, узбуджаных у перыяд выбараў і пост-выбарчы перыяд.
169 чалавек на дадзены момант прызнаныя палітвязнямі. Варта адзначыць, што дадзеная лічба з'яўляецца неканчатковай і пастаянна павялічваецца.
Парушэнне права на мірныя сходы
На працягу месяца не спыняліся мірныя акцыі пратэсту, якія спыняліся спецпадраздзяленнямі органаў унутраных справаў.
6 снежня ў Мінску ў розных раёнах прайшлі дэцэнтралізаваныя акцыі пад агульнай назвай «Марш Волі». Затрымана каля 350 чалавек. У супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў былі заўважаныя службовыя сабакі.
14 снежня «Марш пенсіянераў» скончыўся масавымі затрыманнямі: больш за 90 сталых людзей былі затрыманыя спецпадраздзяленнямі МУС і дастаўлены ў розныя РУУС.
20 снежня ў сталіцы прайшоў «Марш народнага трыбунала» - таксама ў рэжыме дэцэнтралізаваным шэсцяў. Затрымана каля 150 чалавек.
У снежні пратэсныя акцыі ў розных фарматах праходзяць і ў іншых гарадах Беларусі.
Па дадзеных ПЦ "Вясна", у снежні былі разгледжаныя не менш за 700 адміністрацыйных справаў; з іх вядома аб накладзеных на 200 чалавек штрафах у суме 5 510 базавых велічынь - гэта складае каля 150 тысяч беларускіх рублёў. 481 чалавеку 486 разоў прызначыны адміністрацыйны арышт - у суме на 6 918 сутак.
Такім чынам, працягваецца паўсюднае грубае парушэнне ўладамі свабоды мірных сходаў, удзельнікі якіх падвяргаюцца гвалту, а пасля незаконным санкцыям за парушэнне неабгрунтаваных забаронаў.
Свабода выказвання меркаванняў, распаўсюду інфармацыі. Пераслед журналістаў
Улады знайшлі для сябе спосаб змагацца з размяшчэннем на балконах і ў вокнах дамоў пратэснай сімволікі - бел-чырвона-белых сцягоў: у гэтым міліцыянты і суддзі ўгледзелі прыкметы пікетаў і запусцілі канвеер накладання штрафаў і адміністрацыйных арыштаў. Пад забарону трапілі і фіранкі адпаведнай расфарбоўкі.
Органы адвакацкага самакіравання арыентаваныя на цэнзуру выказванняў адвакатаў: старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц прапанаваў «радам тэрытарыяльных калегій пастаянна вывучаць публікацыі адвакатаў у сетцы Інтэрнэт, у тым ліку, на сваіх старонках у сацыяльных сетках, на прадмет іх адпаведнасці дзейнаму заканадаўству, пры неабходнасці аказваць дапамогу ў правільнай і прафесійнай падачы матэрыялаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці». Праваабаронцы "Вясны" і Беларускага Хельсінкскага камітэта звярнуліся да Спецыяльных дакладчыкаў ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў і становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і заклікалі іх умяшацца ў сітуацыю.
3 снежня Эканамічны суд Мінска пастанавіў пазбавіць інтэрнэт-партал TUT.by статусу СМІ. Адпаведны пазоў пасля чатырох папярэджанняў падало Міністэрства інфармацыі, заявіўшы, што матэрыялы, за якія парталу былі вынесеныя папярэджанні, утрымліваюць няпэўную інфармацыю і наносяць шкоду дзяржаўным інтарэсам. Праваабаронцы ўпэўненыя, што прычыны рашэння палітычна матываваныя, а прынятыя за нязначныя парушэнні санкцыі выходзяць за межы дапушчальных абмежаванняў свабоды меркаванняў.
22 снежня ў беларускім Прэс-клубе праведзены ператрус. Затрыманыя кіраўніца праекта Юлія Слуцкая, праграмная дырэктарка Ала Шарко, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, кіраўнік Акадэміі Прэс-клуба Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі, а таксама былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна. Яны прызнаныя падазраванымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне
У ходзе нападаў на ўдзельнікаў мірных сходаў супрацоўнікі падраздзяленняў МУС па-ранейшаму ўжываюць непрапарцыйны гвалт і спецсродкі.
Заявы ахвяр катаванняў і забароненага абыходжання разглядаюцца павярхоўна, без распачынання крымінальных спраў і правядзення належных следчых дзеянняў. Характэрнай рысай вынесеных пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў у розных рэгіёнах краіны з'яўляецца адсутнасць дадзеных аб магчымых падазраваных супрацоўніках МУС, адсутнасць іх апытанняў ў сувязі з рэалізацыяй «мерапрыемстваў па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, забеспячэння бяспекі супрацоўнікаў АУС». Таксама не праводзіцца дастатковых дзеянняў па фіксацыі слядоў злачынстваў і пошуку доказаў злачынстваў у дачыненні да грамадзян. Гэтыя пастановы грамадзяне абскарджваюць у суд і ў пракуратуру.
Пастановай ад 29 снежня суддзі суда Маскоўскага раёна г. Мінска Лідзіі Цяліцы адна з такіх пастановаў па скарзе заяўніка была адмененая, матэрыял накіраваны для арганізацыі дадатковай праверкі.
Людзі, якія адбывалі адміністрацыйны арышт за рэалізацыю асноўных правоў, працягваюць адзначаць бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, якія прадстаўнікі АУС наўмысна арганізоўвалі ім у ізалятарах.
Парушэнне стандартаў справядлівага суда
9 снежня прайшла анлайн-прэзентацыя даклада «Беларусь, жнівень 2020: “правасуддзе” для пратэстоўцаў». Ён асвятляе парушэнні стандартаў справядлівага судовага разгляду над удзельнікамі мірных дэманстрацый супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Даклад падрыхтавалі Праваабарончы цэнтр "Вясна" і эксперты Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў.