Затрыманні за БЧБ-фіранкі працягваюцца. Хроніка пераследу 19 снежня Дапоўнена
19 снежня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. Па Беларусі сёння днём прайшлі шматлікія акцыі пратэсту, але затрыманняў на іх зафіксавана не было.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Ноччу з пятніцы на суботу ў Мінску была затрыманая 27-гадовая Маргарыта Краўчанка. Яе даставілі ў Фрунзенскае РУУС. Дзяўчыну на выходныя пакінулі на Акрэсціна.
У Мінску 19 снежня за БЧБ-фіранкі на балконе затрымалі шматдзетную маці Кацярыну Бычко. У Партызанскім РУУС блізкім Кацярыны паведамілі, што яна затрыманая да суда, то бок мінуім да панядзелка.
"Сказалі, што па базе яна праходзіць як паўторна затрыманая, хаця гэта няпраўда. У Каці трое непаўнагадовых дзяцей. Сваякі едуць, каб забраць яе трохгадова дзіця дадому", – распавядаюць блізкія жанчыны.
Праваабаронцам "Вясны" таксама паведамілі пра затрыманне ў Мінску ў раёне Малінаўкі каля 18:00 Антона Галанава і Валянціна Шаўчэнкі. Іх змясцілі да суда ў ІЧУ на Акрэсціна.
У Мінску быў затрыманы Аляксандр Бокаў. Абставіны і прычыны яго затрымання высвятляюцца.
У Мінску была затрыманая Кацярына Пархомчык, яе даставілі ў Партызанскі РУУС.
Як паведамляе TUT.BY, на вячэрняе чаяванне ў Лебядзіным прыехала 2 мікрааўтобусы сілавікоў. У двары знаходзілася 25 чалавек жыхароў з дзецьмі без сімволікі. Адзін з сілавікоў сказаў:
"У мяне загад забраць 3 мужчын", – распавядае сведка. – У выніку павезлі тату з двума маленькімі дзяўчынкамі – 6 і 8 гадоў, мужчыну без дзяцей і яшчэ аднаго тату, якога адарвалі ад каляскі з васьмімесячным малым. Калыска проста так і засталася стаяць на вуліцы і, мяркуючы па ўсім, патэлефанаваць жонцы не далі".
Мужчыну, якога адарвалі ад каляскі, завуць Мікалай Шуркаеў. Паведамляецца, што затрыманых прывезлі ў Цэнтральны РУУС. Бацьку з дзвюма дачкамі адпусцілі з РУУСа, сказалі, што дашлюць позву
Хроніка пераследу і судовыя рашэнні за 18 снежня
Інфармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.