Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволеных студэнтаў і выкладчыцы БДУІР

2020 2020-11-23T17:54:31+0300 2020-11-24T13:20:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marsh_studentau11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 23 лістапада 2020 г.

12 лістапада ўлады Беларусі нанеслі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацый краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідэраў і актывістаў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў (ЗБС). У кватэрах сябраў студэнцкага аб’яднання і ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы.

Шэраг сябраў арганізацыі, яе прыхільнікаў і моладзевых актывістаў былі затрыманыя ў якасці падазраваных па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і змешчаныя ў СІЗА КДБ. Вядома, што частка з іх пазней была пераведзена ў СІЗА-1. 

23 лістапада стала вядома, што Глебу Фіцнеру, Іллі Трахтэнбергу, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенка, а таксама затрыманай выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай былі прад’яўленыя абвінавачванні і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выказаную намі ў супольнай заяве ад 18.11.2020 з нагоды затрыманняў сябраў ЗБС, адзначаем, што іх пераслед з боку беларускіх уладаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – свабоды выказвання свайго меркавання і свабоды мірных сходаў.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі абвінавачаных адвольным і палітычна матываваным, а саміх  Глеба Фіцнера, Іллю Трахтэнберга, Марыю Каленік, Вікторыю Гранкоўскую, Анастасію Булыбенка і Вольгу Філатчанкаву палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Глеба Фіцнера, Іллі Трахтэнберга, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенка, Вольгі Філатчанкавай і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства