viasna on patreon

У Празе стартавала кампанія #BelarusHeroes, прысвечаная беларускім палітвязням

2020 2020-10-23T19:21:26+0300 2020-10-23T19:33:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marfa_bilbord.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Білборд з выявай Марфы Рабковай. Фота з сайта belarusheroes.info

Білборд з выявай Марфы Рабковай. Фота з сайта belarusheroes.info

Твары беларускіх палітвязняў Ігара Лосіка, Марфы Рабковай і Марыі Калеснікавай з'явіліся на магістральных вуліцах Прагі на вялікіх білбордах з тэгам #BelarusHeroes. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. 

Кампанія мае на мэце не толькі прынесці ім вядомасць у Еўропе, але таксама знайсці беларускім палітвязням уплывовых палітычных «патронаў» і актывізаваць шырокі міжнародны рух за іх вызваленне.

Чаму са спісу больш як ста асобаў, прызнаных палітвязнямі ў Беларусі, для плакатаў выбралі менавіта гэтых? Гаворыць Рэй Бэйслей, ініцыятар кампаніі «Стаімо за Беларусь!» (Stojíme za Běloruskem):

— Мы хочам паказаць, што цяпер беларускай гісторыяй рухаюць учынкі не толькі такіх вядомых палітычных фігураў, як Марыя Калеснікава, але і звычайных грамадзянаў. Нам таксама хацелася звярнуць увагу на менш вядомых маладых герояў, данесці свету іх учынкі. Мы апісваем іх максымальна сцісла, напрыклад: Марфа Рабкова, дакументавала гвалт — зняволеная; Ігар Лосік, блогер — зняволены.

Калі мяне пытаюць, як плакаты недзе ў Празе дапамогуць беларускім палітвязням, адказваю: хочам, каб вязні ведалі, што пра іх думаюць, што яны вядомыя і сталі нашымі героямі, а рэжыму будзе не так проста іх крыўдзіць і бясконца трымаць за кратамі. Міжнародная вядомасць дапамагае, так, як калісьці яна дапамагла ўрэшце вызваліць Вацлава Гаўла.

Больш пра маштаб кампаніі дадае яшчэ адзін яе ініцыятар з грамадзянскай плятформы Чэхія-Беларусь (Občanská platforma Česko-Belarus) Міхал Майзнэр:

— Першыя білборды з'явіліся ў Празе дзякуючы падтрымцы чэскага сенатара Вацлава Ласкі. Ён, уласна, падарыў сваю рэкламную плошчу, замоўленую для выбараў у Сенат, беларускім палітвязням. Сенатар Ласка таксама стаў патронам зняволенай беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай. Яшчэ адзін яго калега, сенатар і адзін з папулярных кандыдатаў у прэзідэнты на мінулых чэскіх выбарах Марэк Гілшэр, узяў пад патранат Марыю Калесьнікаву.

Нашым працоўным дакументам стаў спіс палітвязняў ад праваабаронцаў «Вясны». Сумна і непрымальна, што лік палітвязняў у Беларусі ўжо пераваліў за сотню. Мы выбіраем паэтапна па 10 герояў, набліжаем іх гісторыі праз пераклады на чэскую і ангельскую і пашыраем праз сайт www.belarusheroes.info. На гэтым сайце ёсць і раздзел «Патранат». Мы спадзяёмся, што наша кампанія выйдзе за межы Чэхіі і да новых, больш відочных формаў змагання за вызваленне беларускіх герояў падключацца больш краінаў, палітыкаў, грамадзянаў, і не толькі ў Еўропе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства