viasna on patreon

Юрась Беленькі абскарджвае штраф за неаплату паслуг міліцыі на "Дзяды-2019". Чаму суд не мае рацыю?

2020 2020-04-07T18:10:06+0300 2020-04-14T11:18:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belenki_juras.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ накіраваў скаргу старшыні Мінскага абласнога суда на пастанову суда, якой яго аштрафавалі на 30 базавых за неаплату паслуг міліцыі на акцыі ў Курапатах «Дзяды-2019».

Юрась Беленькі. Фота: svaboda.org

Скаргу яму дапамог скласці Праваабарончы цэнтр "Вясна" пры падтрымцы вучэбнай праграмы ILIA-By пры Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

А ў чым, уласна, справа?

Нагадаем, "Дзяды-2019" скончыліся двума штрафамі ў агульным памеры 80 базавых велічынь (2115 рублёў). Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ арганізавала 3 і 10 лістапада акцыі: шэсце і мітынг у Курапатах і ў Лошыцкім Яры. Абедзве акцыі былі санкцыянаваныя мінскімі ўладамі, але партыя пры гэтым адмовілася заключаць дамовы на паслугі аховы з міліцыяй.

Справа ў тым, што патрабаванні аб аплаце паслуг міліцыі па ахове некамерцыйнага мерапрыемствы супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы ў рамках АБСЕ. На гэта і спасылалася кіраўніцтва партыі, адмаўляючыся заключаць дамову з міліцыяй. Акрамя гэтага, яны паведамілі, што не мелі патрэбы ў ахове-партыя сама забяспечвала парадак на акцыі.

Адміністратыўныя справы па акцыях у Курапатах і Лошыцкім Яры разглядалі два розныя суды, але да адзінай пазіцыі па дадзенай сітуацыі яны не прыйшлі. За неаплату паслуг міліцыі на акцыі ў Курапатах Мінскі раённы суд аштрафаваў асабіста намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага, палічыўшы яго арганізатарам шэсця і мітынгу. А за неаплату паслуг міліцыі на акцыі ў Лошыцкім Яры суд Маскоўскага раёна Мінска аштрафаваў саму партыю КХП-БНФ. Па словах праваабаронцы "Вясны" Валянціна Стэфановіча, гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі палітычную партыю штрафуюць па адміністратыўным артыкуле за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Юры Беленькі лічыць пастанову Мінскага раённага суда, якой ён аштрафаваны на 765 рублёў, незаконнай і палітычна матываванай, і плануе яе абскардзіць аж да Камітэту правоў чалавека ААН.

КХП БНФ аштрафавалі за неаплату паслугаў міліцыі на «Дзяды-2019»

Суд Маскоўскага раёну г. Мінску аштрафаваў Кансэрватыўна-хрысціянскую партыю БНФ па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў) за неаплату паслугаў міліцыі за ахову акцыі на Дзяды ў 2019 годзе.

Як ён аргументуе незаконнасць рашэння суда?

Намеснік старшыні КХП-БНФ накіраваў скаргу старшыні Мінскага абласного суда. Да гэтага ён абскардзіў рашэнне раённага суда ў Мінскім абласным судзе – безвынікова.

Юрась Беленькі лічыць, што прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне абавязкаў арганізатара мітынгу аплаціць паслугі міліцыі з'яўляецца неправамерным, паколькі гэта супярэчыць міжнародным дамовам нашай краіны.

У скарзе прыводзіцца тры асноўных аргументы, чаму пастанова суда Мінскага раёна незаконна і падлягае адмене. І вось чаму.

1. Суд не ўлічыў нормы міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь – Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 

Юрась Беленькі адзначае, што пры разглядзе яго справы, суд праігнараваў усе спасылкі на міжнародныя дагаворы, якія Рэспубліка Беларусь абавязалася добрасумленна выконваць. Па сутнасці, яго адміністрацыйная справа была вырашана без уліку нормаў і прынцыпаў міжнароднага права.

Праваабаронцы ў скарзе звяртаюць увагу суда на агульнапрызнаны прынцып міжнароднага права – прынцып добрасумленнага выканання міжнародных дамоваў. У кантэксце дадзенай сітуацыі, маецца на ўвазе, што орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, і суд павінны забяспечыць такое тлумачэнне закона, якое будзе адпавядаць канстытуцыйным гарантыям і міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь. І гэты прынцып міжнароднага права, як і астатнія, нельга ігнараваць пры адпраўленні правасуддзя.

2. Пры разглядзе справы суд няправільна патлумачыў права

Мінскі абласны суд пры разглядзе скаргі зрабіў выснову, што Венская канвенцыя аб праве міжнародных дамоваў дзейнічае толькі паміж дзяржавамі. Аднак, як адзначаюць праваабаронцы, безумоўна, Венская канвенцыя, як і любы іншы міжнародны дагавор, заключаны паміж дзяржавамі, як і сфармуляваны ў ёй прынцып "дагаворы павінны выконвацца", з'яўляецца агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права. Гэта канстатуе і Канстытуцыйны Суд Беларусі.

Суд не можа не ўжываць гэты прынцып па той прычыне, што Канвенцыя нібыта падпісаная дзяржавамі і дзейнічае паміж дзяржавамі. Таму і гэты прынцып павінен прымяняцца судом пры разглядзе канкрэтнай справы, як загадвае гэта Канстытуцыя.

3. Суд не ацаніў абставіны справы ў кантэксце міжнароднага права 

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што вырашаючы справу аб адміністратыўным правапарушэнні, суд павінен зрабіць уласную ацэнку выканання міжнароднай дамовы Рэспублікі Беларусь у кожнай канкрэтнай сітуацыі. У дадзенай сітуацыі – права на свабоду мірных сходаў было празмерна абмежавана цяжкімі ўмовамі, устаноўленымі для арганізатара мірнага сходу Законам "Аб масавых мерапрыемствах".

Бо згодна з Пактам і Кіруючым прынцыпам АБСЕ па свабодзе мірных сходаў дзяржавы-удзельнікі гэтых пагадненняў нясуць пазітыўны абавязак ствараць спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення права на мірныя сходы і ствараць прававыя і інстытуцыйныя рамкі, у якіх гэта права можа эфектыўна ажыццяўляцца.

"Патрабаванні да арганізатараў сходу пакрываць выдаткі на ахову, медыцынскую дапамогу або ўборку, звязаныя з мірнымі сходамі, не сумяшчальныя з дадзеным абавязальніцтвам, так як перакладаецца адказнасць за фінансаванне дзяржслужбаў, якія выконваюць свае звычайныя функцыі, з дзяржавы на грамадзян. 

У выніку, права на мірныя сходы, гарантаванае Канстытуцыяй і Пактам, робіцца платным правам, што зводзіць гарантыі на нішто, паколькі яго рэалізацыя напрамую залежыць ад магчымасцяў грамадзян аплаціць паслугі дзяржаўных органаў, хоць гэта фінансаванне ўжо выдаткавана за кошт падаткаў грамадзян", –  тлумачаць праваабаронцы.

На думку Юрася Беленькага, суд неправамерна прыцягнуў яго да адміністратыўнай адказнасці на падставе заканадаўства, якое супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам дзяржавы.

А што думае юрыст на гэты конт?

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка, які дапамагаў складаць Беленькаму скаргу, звяртае ўвагу на апошнія нядаўнія змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, якія празмерна абмяжоўваюць права на мірныя сходы. Цяпер заключаць дамовы з міліцыяй, медыкамі і ЖКГ арганізатараў масавых мерапрыемстваў абавязалі яшчэ перад падачай адпаведнай заяўкі ў выканкам. Аляксей Лойка не выключае, што дадзеныя змены былі прынятыя, у тым ліку, і з-за гэтай сітуацыі, і каб выключыць такія сітуацыі ў будучыні, асабліва ў год прэзідэнцкіх выбараў.

"Гэта змяненне фактычна накідвае "пятлю на шыю" свабодзе сходаў. Дзяржава гэтай пастановай не толькі наступае на свабоду мірных сходаў, яна робіць яе ілюзорнай абстракцыяй, сляды ад якой застаюцца толькі на паперы ў тэксце Канстытуцыі. З прыняццем апошняй пастановы Саўміна выключаецца магчымасць атрымаць дазвол на правядзенне сходу і правесці яго без заключэння дамовы са спецыялізаванымі арганізацыямі. Падобныя пастановы ўрада зводзяць на нуль любую магчымасць правесці мірны сход такім чынам, каб потым не адчуць на сабе ўвесь каток рэпрэсій.

Важна адзначыць, што па міжнародных дамовах на дзяржаве ляжыць пазітыўнае абавязальніцтва па садзейнічанні ў правядзенні мірных сходаў. Безумоўна, урад можа прыняць любую пастанову, але, трэба разумець, што, калі яна супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам, то дзяржава само сябе падстаўляе пад міжнародна-прававую адказнасць", – адзначае юрыст "Вясны".


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства