КХП БНФ аштрафавалі за неаплату паслугаў міліцыі на «Дзяды-2019»

2020 2020-01-22T16:30:33+0300 2020-01-22T17:21:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzyady_78_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маскоўскага раёну г. Мінску аштрафаваў Кансэрватыўна-хрысціянскую партыю БНФ па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў) за неаплату паслугаў міліцыі за ахову акцыі на Дзяды ў 2019 годзе, піша naviny.by. Паводле праваабаронцаў "Вясны", гэта першы выпадак, калі палітычную партыю штрафуюць па абноўленым артыкуле 23.34 КаАП.

Шэсце на Курапаты, 2019 год. Фота:
Шэсце на Курапаты, 2019 год. Фота: "Радыё Свабода"

Партыя ладзіла шэсце ў Курапаты і мітынг там 3 лістапада 2019 года, а таксама акцыю ў Лошыцкім Яры 10 лістапада. Абедзве акцыі былі санкцыянаваныя мінскімі ўладамі. Падчас акцыяў затрыманняў не было.

Намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі на судзе паведаміў, што партыя не заключала дамову на ахову, бо не мела патрэбы ў ахове — сама забяспечвала парадак на акцыі. На яго думку, «дадзеная сітуацыя рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам і ў дзеяннях партыі няма складу адміністрацыйнага правапарушэння». Але негледзячы на гэта, суддзя Таццяна Мотыль аштрафавала партыю на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў). Беленькі лічыць штраф незаконным і збіраецца абскардзіць.

Як тлумачыць праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч, у такім выпадку КХП БНФ можа пагражаць нават ліквідацыя. Так, згодна артыкулу 32 Закона "Аб палітычных партыях" палітычная партыя можа быць лiквiдаваная па рашэнню Вярхоўнага Суда за аднаразовае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. 

Дарэчы, 9 снежня мінулага году за тое самае штрафавалі на за базавых велічыняў 765 рублёў асабіста Беленькага — на шэсце ў Курапаты атрымалі таксама дазвол Мінаблвыканкаму, але не сталі аплочваць паслугі міліцыі.

Нагадаем, у мінулым годзе плаціць міліцыі адмовіліся арганізатары менскага мітынгу-канцэрту на Дзень Волі. Яны тлумачылі гэта тым, што паслугі выконваліся няякасна: невядомыя «людзі ў цывільным» выкралі з пляцоўкі, якая была пад аховай міліцыі, былога лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, міліцыянты ў форме адмовіліся рэагаваць на гэта.

Праз нязгоду з аплатай паслугаў міліцыі летась апазыцыя вырашыла не праводзіць традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». На несанкцыянаваную акцыю выйшлі каля 30 чалавек. Пазней з той жа прычыны незалежныя прафсаюзы адмовіліся ад «першамаю».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства