viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: XXI. Дзень чацвёрты, апошні

2019 2019-07-02T13:15:00+0300 2019-07-02T13:22:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grozny_praspect.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зранку нам нікуды ня трэба сьпяшацца. Наш самалёт з Грознага на Маскву ў 15 гадзінаў, і ў нас на сёньня да абеду ўвогуле ніякіх плянаў. Мы сьпім, адсыпаемся, затым я ўключаю тэлевізар і гляджу па мясцовым канале рэклямны ролік пра Грозны. Выступаюць першы чалавек, затым другі і трэці, і чацьвёрты.  Усе гавораць пра тое, як добра зараз жыць у горадзе, дзе спакой, чыстыя вуліцы, новабудоўлі. Сканчаецца ролік слоганам: “Рамзан, дзякуй за Грозны!”

У наступным сюжэце паказваюць Рамзана Кадырава ў Грозным на адкрыцьці нейкага дваровага спартовага комплексу. Рамзан выступае на вуліцы, з разумным выглядам па-чачэнску ўталокоўвае штосьці будаўнікам. Яму паказваюць нейкі красьлюнак на вялікім аркушы ватману, мабыць плян другой чаргі забудовы. Ён водзіць пальцам па ім і кажа ўжо па-расійску: “Вось тут варта калоны на фасадзе дабудаваць”. Архітэктары і начальнік будоўлі згодна ківаюць галовамі: дабудуем! Як гэта ўсё падобна на тое, што мы бачым па беларускай тэлевізіі. Якія яны ўсё ж падобныя – гэтыя лідары страху і гвалту, якія ведаюць УСЁ!

Далей Рамзан здымае новабудоўлю на тэлефон. Каментатар радасна каментуе: “Рамзан – адзіны кіраўнік суб’екту, хто сам здымае сюжэты для сацыяльных сетак!” Сканчаецца сюжэт Пуціным, які кажа: “Тое што робіць Кадыраў – гэта вельмі высокародная і верная справа”.

Сяржук яшчэ дрэмле, а я гляджу наступны сюжэт. Распавядаюць пра дзіцёнка, якога ўдалося прывезьці з Сірыі. Ён жыў там з бацькам, а маці ўцякла, вярнулася ў Чачню пяць гадоў таму. Бацьку, які ваяваў мабыць на баку Ігіл, забілі, і дзіцё вярнулася ў вялікую чачэнскую сям’ю. Малы, якому ўжо гадоў дзесяць, увесь час маўчыць, толькі малюе. Паказваюць іншых сталых у асноўным кабетаў і мужыкоў, якія стаяць на пляцы ў Грозным і гавораць пра тое, што іхнія дочкі і ўнукі зараз церпяць у Сірыі і што яны просяць Рамзана дапамагчы іхнім родным вярнуцца ў Чачню. Адная з кабетаў стаіць з плакатам: “Рамзан – от имени всех мам: спасибо!”

Усё. Маё цярпеньне сканчаецца, і я выключаю тэлевізар. Мы сьнедаем і, маючы пару гадзінаў вольнага часу, выбіраемся з абгароджанай тэрыторыі Грознага-сіці ў горад, ідзем усё па тым жа праспекце Ахмата Кадырава, толькі зараз у левы бок. Мы падыходзім да невялікай праваслаўнай царквы, якая стаіць за высокім плотам. Будынак, відавочна, яшчэ дарэвалюцыйны, але ж мабыць пасьля вайны адноўлены ці не ад падмурку.

Вузкая ўваходная фортка-брамка з цяжкімі металічнымі кратамі, якія трэба адчыніць, каб увайсьці на царкоўны двор. Адразу пры ўваходзе, збоку ад брамы, стаіць узброены аўтаматчык у бронекамізэльцы і у шлёме, не чачэнец – федэрал. Мы вітаемся. Ён на адлегласьці просіць нас прайсьці праз металашукальную брамку. Праходзім, расшпільваем і паказваем пляцакі, тады ён супакайваецца. Мы падыходзім да ўваходу ў царкву. Я спыняюся, чытаю мармуровыя невялікія памятныя шыльды. На адной, даўнейшай, пералік імёнаў АМАПаўцаў, якія загінулі ў 95-96 гадох, у першую вайну. Гляджу дні нараджэньня, блізкія да нашых. Мы з таго часу пражылі чвэрць стагоддзя, лічы, цэлае жыцьцё, а яны засталіся там. Як казаў украінскі падлетак-гуцул, калі ў яго спыталі – што такое сьмерць: сьвечка жыцьця дагарэла – і ў яму.

Другая шыльда зусім сьвежая. Увесну гэтага, 2018-га году, на царкву быў напад і забілі двух вайскоўцаў, якія ахоўвалі царкву. Гляджу – адзін татарын ці башкір, значыць мусульманін, другі – рускі. Вось так мусульманін загінуў за праваслаўную веру. І такое бывае.

Сяржук Сыс ужо ў царкве. Я адчыняю ўваходныя дзьверы і заходжу. Ідзе служба, дакладней заканчэньне яе. Сяржук цалуе напрастальны абраз, сьвятар палівае ягонае чало і дае прычасьце – кавалак пірага. Той бярэ і кладзе яго ў рот, па ілбе цячэ сьвятая вада, бацюшка не пашкадаваў. Вакол стаяць бабулі і цётачкі, усе спажываюць атрыманае прычасьце. Я дзіўлюся Сяржуку – калі толькі пасьпеў. Мы яшчэ крыху затрымліваемся ў асаджонай царкве і затым выходзім.

Апошнія аскабалкі той, царскай яшчэ імперыі. За царом, распавядала Ю., рускіх у Грозным было 80%, у 89-м перапіс налічыў 56%, а зараз – меньш за 1%. Дзіўная гэтая новая імперыя Пуціна з рэгіёнамі, дзе рускіх няма, а ёсьць толькі гарнізоны, як рымскія гарнізоны на акраінах старажытнай рымскай імперыі дзе-небудзь у Іудзеі ці Сірыі. Я азіраюся на гэтую царкоўку з залатымі цыбулінкамі за высокім глухім плотам. Штосьці падобнае я бачыў у Стамбуле, дзе захавалася некалькі старых грэцкіх цэркваў і якія ахоўваюцца зараз за калючым дротам і за мурамі, як важныя вайсковыя аб’екты.

Мы ідзем далей па праспекце Кадырава. Ізноў паўсюль партрэты Ахмата, Рамзана Кадыравых і Уладзіміра Пуціна. Праходзім каля нейкага гандлёвага цэнтру, на першым паверсе якога – рэстаран. Цэнтр новы і аж занадта бліскучы і чысты. Каля рэстарацыі крыху наводдаль стаяць паліцыянты, лейтэнанты і малодшыя летэнанты. У новай форме, вісяць на плечуках кароткія аўтаматы, тырчаць з кабураў рабрыстыя ручкі пісталетаў. Я кажу: “Хтосьці зь іхняга начальства палуднуе”.

Мы праходзім яшчэ метраў дзьвесьці і… сустракаем Ю. Радасна вітаемся. Невялікі ты, горад Грозны. Яна ідзе мяняць грошы: на выходныя, да панядзелка, да наступнага судовага паседжаньня над Аюбам, ляціць у Турцыю, патрэбныя еўра. Мы стаім, размаўляем, як быццам бы даўно тут жывем. Сяржук пытаецца ў Ю. пра ўзброеных ДПС-нікаў.

“Камусьці пашанцавала мець ахову, – каментуе Ю. – А каму не пашанцавала, той марыць, каб яна была”.

Мы разьвітваемся зь Ю., абдымаемся, як старыя знаёмыя. Гэтыя два дні разам на судзе аб’ядналі нас болей, чым аб’ядноўваюць людзей часам доўгія гады сумеснай працы. Мне чамусьці шкада яе, зь яе тонкай і нервовай рэакцыяй на Расію і ўсё расійскае. Ніякіх добрый эмоцыяў у бліжэйшай будучыні яна не атрымае. І гэта надоўга. А час ляціць так хутка, што і сам не заўважаеш, як мінае жыцьцё.

Вось так і мы: ці думалі на пачатку 90-х, што за Лукашэнкам, у нярадасным, бо часта безнадзейным змаганьні за самыя элементарныя правы, якія былі прапісаныя яшчэ аж сто гадоў таму ва Устаўных граматах БНР, пройдзе і нашыя наступныя 25 гадоў жыцьця? І яшчэ не канец. Састарэлі, а то і паўміралі нашыя папярэднікі, мы самі ўжо сталі “старэйшым пакаленьнем”, а ўсё яшчэ калупаемся ўсім грамадствам ў сваіх закарэлых больках, якія засталіся нам у спадчыну, і ня ў стане зрабіць рашучага кроку наперад. Гэтыя ж “пацаны” будуюць сваю рэальнасьць для сябе і для сваіх дзяцей. Жывуць адным днём, але ж доўга жывуць і зьбіраюцца жыць далей. Гэтая іхняя халява некалі скончыцца, але хацелася, каб пахутчэй.

Мы даходзім да нейкіх пампезных арак, на тарцы дому – партрэт Ахмата Кадырава на кані ў бурцы, ну чысты імам Шаміль.

Той у XIX стагоддзі ў барацьбе з Расіяй умацаваў аб’ядньне Дагестана і Чачні і 25 гадоў кіраваў тэакратычнай дзяржавай – Паўночна-Каўказскім імаматам, імаматам Шаміля. 25 гадоў кіраваў і 25 гадоў ваяваў, каб потым здацца значна большаму па колькасьці расійскаму войску. Вось так і Ахмат Кадыраў, здаўся сам, але не здаў Чачню. Імамы не здаюцца. Як быццам бы і не было гэтых паўтары сотні гадоў.

Мы вяртаемся ў бок гатэля. Перад намі з двух бакоў праспекту ідуць паліцыянты, патруль ці што, маладзенькія, ледзь за дваццаць, хлапцы. Ртымічна пахістваюцца на іхніх баках знарок выстаўленыя кабуры з пісталетамі. Столькі зброі на руках як тут, я і ў войску, калі служыў, ня бачыў.

Мы заходзім ў сьціплую кавяраньку, якая нагадвае сталовую. У зале нікога няма, чутны галасы на кухні. Мы церпяліва чакаем. Прыходзіць кабета ў белым халаце, відаць, яна і гатуе, сядае за касу. Мы замаўляем жыжыг-галнаш і ліманад-дзюшэс. Неўзабаве нам прыносяць гэтую чачэнскую нацыянальную ежу. Жыжыг-галнаш – вялізныя кавалкі варанай гавядзіны з мучным лепленым хворастам і з часночным бульёнам, налітым у асобную міску. Проста, смачна і сытна. Мы павольна ямо, запіваем ежу салодкім шыпучым ліманадам і ледзь адольваем вялікія порцыі. Мы дзякуем кухарцы і павольна сунемся па прасьпекце ў гатэль.

Каля гатэлю стаіць новы аўтобус, які прывез турыстаў. Размаўляюць па-руску і ўсёй гурмою ідуць у цэнтр горада – прыехалі аднекуль з Расіі. Каля рарытэтных машынаў, што стаяць ля гатэлю, дзьве турысткі фатаграфуюць адная адную. Я прапаную сфоткаць іх. Пагаджаюцца, каментуюць: «Нашим можно доверять».

Мы зьбіраемся, спускаемся ўніз, здаем электронныя ключы і замаўляем таксоўку да аэрапорту. Дзяўчаты за стойкаю ветліва разьвітваюцца з намі, пасьміхаюцца: “Прыяжджайце яшчэ!”

“Дзякуй, прыедзем!” – яшчэ больш ветліва адказваем мы.

Падыходзіць таксоўка. Мы выяжджаем на вуліцу Шарыпава, насупраць рэзыдэнцыі Рамзана Кадырава, якая абкружаная каналам, і стаіць недзе ў глыбіні парка, так што яе і не відаць, а відаць толькі вострыя шпілі суседняга мячэта. Рамзан жыве ў палацы, як хан.

Мы едзем праз плошчу Мінутку, і я пытаюся ў таксіста, ці ёсьць дзе па дарозе неадбудаваныя пасьля вайны будынкі, каб сфатаграфаваць.

“Не, – адказвае ён, – трэба зварочваць. А так усё новае ці пазашывалі плітамі”.

Часу ў нас ня так багата, таму мы ўжо нікуды не заяжджаем.

“Як вам тут жывецца? – задаю я банальнае пытаньне. – Уехаць не зьбіраесься? Мы з Беларусі”.

Кажу гэтую фразу як пароль, каб не асьцерагаўся, што распытваемся дзеля нейкай карысьці.

“З Беларусі, – пасьміхаецца і цяплее таксіст, малады хлопец гадоў трыццаці. – Дзядзька ў мяне жыў у Беларусі, у Магілёве. Трымаў бахчу ў Астрахані, і мы езьдзілі, дапамагалі яму яе даглядаць. Прывёз у Магілёў кавуны, здаў іх азербайджанцам, а яны яго падманулі. Мусіў закласьці машыну, каб аддаць пазыкі, а сам застаўся ў Магілёве. Пайшоў на завод працаваць, штучныя ніткі па Расіі развозіў, поўгады працаваў, пакуль машыну назад не выкупіў, а затым вярнуўся”.

Мы сьмяемся, во нагандляваў на кавунах, як Заблоцкі на мыле.

Ён вяртаецца да майго пытаньня, думае пэўны час, потым адказвае:

“Калі я выяжджаю з Чачні, мне адразу спакайней становіцца. Ня бачу столькі вайскоўцаў, столькі паліцыі. Я адчуваю сябе бясьпечней”.

Таксіст падвозіць нас да аэрапорта, мы разьвітваемся, падыходзім да аэравакзалу. На будынку чытаем вялікі транспарант з цытатай Ахмата Кадырава: “Маёй зброяй зьяўляецца праўда”. Мы заходзім усярэдзіну.

Бывай, Чачня!


Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк

V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці

VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі

VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы

VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”

IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь

Х. Суд над Аюбам Ціціевым

XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа

XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе

ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні

XIV. Вяртаньне з Шалі ў Грозны. Маскоўская палітыка

XV. Пуцін і гексаген

XVI. “Наркотыкі – гэта зло”

XVII. Чачэнскі лорд

XVIII. Віктар Лукашэнка і чачэнскі спецназ

XIX. Чачня – краіна трэнікаў, бейсболак і зброі

XX. Алесь Ліпай

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства