viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: ІІІ. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

2019 2019-02-19T11:45:01+0300 2019-02-26T12:19:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_ales_solidar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сусьветны саміт праваабаронцаў-2018 у палацы Шайо, Парыж

Сусьветны саміт праваабаронцаў-2018 у палацы Шайо, Парыж

Але вяртаюся да Парыжу. Апошні дзень нашага форуму праваабаронцаў праходзіў у палацы Шайё, дзе 70 гадоў таму была падпісаная Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і дзе яна захоўваецца дасюль. Палац гэты пабудаваны адносна нядаўна, у 30-я гады, у псеўдакласічным стылі з элементамі канструктывізму, з мадэрновымі фрэскамі ў стылі ар-дэко. Заканчэньне нашай канферэнцыі ў гэтым палацы мела найперш сімвалічны сэнс.

А перад сьвяточным паседжаньнем у палацы Шайё, была маніфестацыя каля палацу, на пляцы Свабодаў і правоў чалавека, з якога на другім баку Сены цудоўна праглядалася Эйфелева вежа. Пляцоўку для правядзеньня маніфестацыі стужкамі аддзялілі ад турыстаў, мы зайшлі ў сярэдзіну, разабралі партрэты забітых, зьніклых, зьняволеных праваабаронцаў і сталі з імі ў два шэрагі. Мне дастаўся партрэт Аюба Ціціева. На холадзе і пад морасьсю паміж нашых шэрагаў выступаў моладзевы тэатр пластычнай драмы. Артысты рухамі і пластыкай спрабавалі выказаць трагізм часу, у які мы жывем, а мы скандавалі:

“Фры Набіл Раджаб!”

“Свабоду Алегу Сенцову!”

“Свабоду Аюбу Ціціеву!”

Хацелася, каб нас пачуў увесь сьвет.

Міжнародная акцыя ў падтрымку рэпрэсаваных праваабаронцаў на Плошчы свабод і правоў чалавека ў Парыжы
Міжнародная акцыя ў падтрымку рэпрэсаваных праваабаронцаў на Плошчы свабод і правоў чалавека ў Парыжы

Партрэт Аюба пасля маніфестацыі я выпрасіў у арганізатараў акцыі для сябе і прывёз яго у Менск. Яшчэ спатрэбіцца, думаў я.

Вось урэшце абвяшчаюць пасадку на Маскву. Выглядае, што такім раньнім рэйсам ляцяць у асноўным беларусы. Вязе нас сёньня Аэрафлот. Пілот абвяшчае, што адлегласьць ад Менску да Масквы 675 кіламетраў і ляцець мы будзем гадзіну і дваццаць пяць хвілінаў. Я думаю, што да Кіева бліжэй і да Варшавы бліжэй, і да Вільні з Рыгай і Таліным бліжэй, і нават да Пецярбурга на тры кіламетры бліжэй, чым да гэтай Масквы. Нас ня кормяць, але зранку і ня хочацца есьці. Мы прылятаем у Шарамецьева-2. Як грамадзянаў “Саюзу” нас прапускаюць без чаргі. Нафіга нам такія ільготы, пахмурна перагаворваемся мы.

Унутрырасійскія авіярэйсы лятуць у асноўным з Шарамецьева-1. Мы доўга ідзем па ўказальніках і прыходзім да цягнічка ў два невялікіх вагоны, які вязе нас пад зямлёй з аднаго аэрапорта ў другі. Народу едзе багата. Нейкі малады хлопец, кітаец, упёрся мне сваім заплечнікам ў грудзі, глядзіць у тэлефон, заплечнік не здымае. Я стаю, падцягнуўшы жывот, цярплю, ведаю, што ехаць недалёка. Некалі яшчэ напачатку 2000-х ляцелі мы разам з Палінай Сьцепаненкай у Бішкек і таксама мусілі пераяжджаць з аднаго Шарамецьева ў другі. Даведаліся мы пра гэта толькі пасьля таго, як прыляцелі ў Маскву. На перасадку ў нас было 45 хвілінаў. Таксіст пагадзіўся тады завезьці нас за вялікія на той час грошы, за дзесяць даляраў. Ехалі мы шэсьць кіламетраў па бруднай вузкай дарозе, заціснутыя Камазамі і Мазамі, але ж пасьпелі. Вось таму я зараз і маўчу, міжволі згадваючы той пераезд.

І зноў жа міжволі згадваю той тужліва бедны сьнежаньскі Бішкек дваццацігадовай даўніны, вялізную пустую плошчу, побач халодны, савецкі яшчэ, шматпавярховы гатэль, дзе мы жылі, і пастаянную  купку непаўнагадовых прастытутак на гэтай плошчы, якія пераміналіся ў тонкіх куртачках, махалі рукамі і бясконца палілі, каб сагрэцца.

Вось мы ідзем ужо па Шарамецьева-1. Не едзем на эскалатары, усе нашыя рэчы ў заплечніках, узьнімаемся па высокіх гранітных лесьвіцах пешшу, каб разьмяць ногі пасьля пералёту і ў прадчуваньні наступнага, больш доўгага палёту. Урэшце падыходзім да нашай брамкі. Да пасадкі на Грозны ўсяго сорак хвілінаў. Лічы, прыйшлі ў час.

Вакол нас сядзяць чакаюць у асноўным сталага веку жанчыны, відаць, чачэнкі. Вось падыйшла маладая дзяўчына ўсходняга выгляду ў модным прыталеным паліто, зь яркім макіяжам. Падыйшла, прысела, пасядзела так хвіліну, затым дастала з торбачкі хусьцінку і павязала на галаву. Я прыгадваю, як дзесяць гадоў таму, калі Рамзан Кадыраў пачаў актыўна патрабаваць ад чачэнак насіць хусткі, спасылаючыся на традыцыі народу і на абавязковую “форму адзеньня на працоўным месцы”, Натальля Эсьцемірава прынцыпова адмаўлялася гэта рабіць.

“Хто ён такі, каб захутваць мяне ў хусту!”, – абуралася яна.

Урэшце Натальлю забілі. А потым пачаліся напады на маладых чачэнак без хусьцінак на вуліцы, іх зьневажалі, абстрэльвалі пейнтбольнымі шарыкамі з фарбаю. Рабілі гэта ўсё зухаватая гвардыя Кадырава, сілавікі. Бязсьменны паўнамоцны па правах чалавека у Чачні Нурдзі Нухажыеў сказаў, што ніколі не дазволіў бы выйсьці з хаты сваёй жонцы ці сястры з адкрытай галавой. І ўсе чачэнкі ізноў, як колісь, сто гадоў таму, схаваліся пад хусткамі.

Я думаю, што стагоддзе таму і беларускія жанчыны таксама ўсе пасьля шлюбу станавіліся “пад белы вэлюм, пад хусту”, гэта значыць хавалі непакрытую дзявочую галаву хусткай. І гэта сапраўды была народная традыцыя, якую выконвалі ўсе кабеты, але якая ўжо адыйшла ў нябыт.

Абвяшчаюць пасадку на самалёт. Мы праходзім у салон. Большасьць пасажыраў – чачэнцы. Нязвыклае адчуваньне. Я аглядаю маладых хлапцоў. Усе – каржакаватыя, моцныя, з бародамі. Энэргічна заходзіць малады, гладкі, блакітнавокі бялявы спадар у акулярах, актыўна закідвае валізку і паліто на паліцу, грунтоўна ўсаджваецца, праварочваецца, уважліва ўсіх абглядае. Тыповы русак, думаю я. Прыглядаюся, на штрыфелі пінджаку – значок, расійскі трыкалёр. Яшчэ ўважлівей углядаюся, нейкае знаёмае аблічча. Ня йнакш думскі дэпутат, кажу Сяржуку, дзесьці ў нэце я яго ўжо бачыў. Сяржук дзеля цікавасьці зайшоў у інтэрнэт, пашукаць такога дэпутата, але не знайшоў. Самалёт узьлятае. Да Грознага ляцець дзьве з паловай гадзіны, паўтары тысячы кіламетраў, ня так і далёка. Чачня геаграфічна – гэта яшчэ Еўропа. Але ж цікава паглядзець на свае вочы, якая гэта Еўропа.

Мы ляцім, нас кормяць гавядзінай, а я згадваю сваю паездку ў Маскву амаль дзесяцігадовай даўніны на суд да старшыні Праваабарончага цэнтру “Мемарыял” Алега Арлова, у 2009 годзе.

Алег Арлоў тады абвінаваціў Рамзана Кадырава, што той вінаваты ў забойстве Натальлі Эсьцеміравай. Рамзан перад гэтым на асабістай сустрэчы з Натальляй зьневажаў яе, пагражаў, і гэта не было сакрэтам. Яе забілі 15 ліпеня 2009 года. Схапілі а палове дзявятай каля пад’езда дому, у якім яна жыла і зь якога выйшла, каб ісьці на дамоўленую сустрэчу, і запіхнулі ў белыя жыгулі. Яна пасьпела яшчэ крыкнуць, што яе выкрадаюць. Гэта бачылі людзі, якія ў той час стаялі на балконе дома. Палова пятай вечара, у той самы дзень, яе знайшлі ў ляску каля трасы, у 80-ці кіламетрах ад Грознага, ужо ў Інгушэціі, з прастрэленымі грудзямі і  галавой. Вось тады Алег Арлоў і сказаў, што за забойствам Натальлі стаіць кіраўніцтва Чачні і асабіста Рамзан Кадыраў.

Рамзан падаў на Алега ў суд, бараніў свой гонар і годнасьць. Мы ў Уладзем Лабковічам езьдзілі тады, у 2009 годзе ў Маскву, падтрымаць Алега Арлова. Напісалі пасьля тэкст, які быў часткай міжнароднага маніторынгу за гэтым судом, прынялі заяву, у якой былі напісалі:

“У нашых грамадзтвах існуе вялікі ўзровень страху. Улады, прыкрываючыся дэклярацыйнымі заявамі, цалкам ігнаруюць правы грамадзянаў Чачні і Беларусі. Права моцы, а не закону пануе ў нашых краінах”.

Зараз, думаючы пра гэта праз дзевяць гадоў, я чамусьці згадваю толькі чарнявага адваката, нечым падобнага сваёй зацятасьцю на Фэлікса Дзяржынскага, які прадстаўляў Рамзана Кадырава на судзе.

Калі скончылася перадабедзенная частка судовага паседжаньня, дзе ён з асьцервянелым захапленьнем бараніў Рамзана, мы разам выходзілі з замызганай судовай залы па сьцертых калідорных прыступках на вуліцу. І я, абураны ягонай бессаромнасьцю, якой ён бравіраваў, скарыстаў момант і пачаў у паўголаса яму выгаворваць:

“Ах ты, падлюга прадажная! Колькі табе Рамзан заплаціў?”

Яго зачапілі мае ціхія, поўныя нянавісьці фразы і ён адказаў нешта такое:

“Ладно эти, на Западе гавкают на нас, но вы же русский, вам то что!”

З унутраным задавальненьнем я адразу ж адказаў яму:

“Нет! Я не русский, не россиянин, и даже не российский гражданин!”

Я сарваўся, ня вытрымаў. Нельга так рабіць, калі ты назіральнік. Але той суд быў хіба што выключным выпадкам. Болей я сабе такога не дазваляў.

Натальля Эсьцемірава была цэнтральнай асобай у грозьненскім Мемарыяле, дакладна так, як апошнія гады Аюб. Яго, дзякуй Богу, не забілі, але ўсё-роўна вырашылі прыбраць. І зараз мы ляцім да Аюба на суд.

Алег Арлоў у 2011 годзе быў з візітам у адказ у Менску, на судзе, калі судзілі мяне. Як ён сказаў, ён лічыў сваім абавязкам ехаць у Менск, каб быць на працэсе, ён назваў прысуд мне “абсалютна ганебным”.

Былы старшыня праўленьня ПЦ «Мэмарыял» Алег Арлоў на судзе па справе Алеся Бяляцкага (у другім радзе па центры ў акулярах)
Былы старшыня праўленьня ПЦ «Мэмарыял» Алег Арлоў на судзе па справе Алеся Бяляцкага (у другім радзе па центры ў акулярах)

Вось так і езьдзім адзін да аднаго па судах. Гора-праваабаронцы.

“Што ж вы за праваабаронцы, калі вы ня можаце абараніць саміх сябе?” – неяк пытаўся ў мяне ў калоніі адзін афіцэр.

“Ну вось такія мы няўдалыя праваабаронцы”, – адказаў я яму.

А сам падумаў, што простай сувязі паміж нашымі дзеяньнямі і асабістым лёсам няма. Часта нам удаецца абараніць людзей, ня маючы ні ўладных паўнамоцтваў, ані грошай, праз тыя невялікія юрыдычныя магчымасьці, якія падключаюць нашыя юрысты, ці праз галоснасьць. Любая несправядлівасьць любіць таемнасьць, схаванасьць, і навіна пра яе часта прымушае надзеленых уладай хціўцаў адступіць. Але ў іх застаецца жаданьне адпомсьціць. Шукае прыўладная шалупонь такія магчымасьці, прычыны, фармальныя зачэпкі, а часам і проста так, нахабна, б’е наводмаш, так, што аж косьці ў праваабаронцаў трашчаць.


Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства