viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: I. Аюб і Натальля

2019 2019-02-05T10:52:00+0300 2019-02-05T12:10:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/titev_oiub.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аюб Ціціеў на фоне партрэта забітай у Чачні калегі Наталлі Эсцеміравай. Фота svoboda.org

Аюб Ціціеў на фоне партрэта забітай у Чачні калегі Наталлі Эсцеміравай. Фота svoboda.org

18 лістапада 2018 года самалёт з Мінска на Маскву вылятаў у 5.15 ранку. Лёг я позна, закапаўся ў дробных недаробленых справах, якія хацелася дарабіць перад тыднёвай паездкай: напісаў некалькі кароткіх лістоў, склаў урэшце дарожны заплечнік, уважліва праверыў грошы і дакументы, якія браў з сабой. Усё роўна рана ня ўклаўся бы, бо паездка была ў Чачню. Паспаў пару гадзінаў, прачнуўся, выпіў кавы. У 3.30 раніцы, за вакном яшчэ чорная лістападаўская ноч, на вуліцы мяне ўжо чакала таксоўка. Сяржук Сыс, мой калега, замовіў яе і пад’ехаў, як і дамаўляліся, па мяне.

Таксоўка – шэры крайсьлер з нізкай пасадкаю і скураным салонам. Едзем, зрэдку перакідваемся словамі. Я хвалю машыну, кіроўца з гатоўнасьцю адгукаецца. Распавядае, што купляў сямігадовую, прывезеную з Амерыкі, за штуку баксаў.  Калі размытніў, стала каштаваць восем. Было гэта дзесяць гадоў таму. А потым кошты на размытненьне ўзьнялі. Зараз, махае рукой, не дакупісься: баронім расійскі аўтапром…

Агульную тэму абгаварылі і гаворка нашая заціхае сама па сабе. Кожны думае пра сваё. Едзем па пустым праспекце Незалежнасьці, які перад гэтым быў праспектам Скарыны, а яшчэ перад тым – Леніна, а перад Леніным – Сталіна. Міргаюць жоўтыя сьветлафоры, паабапал – падсьвечаныя дамы, парэзаны белымі разьдзяляльнымі пісягамі чорны асвальт і чорнае неба. Нашай паездкі – сорак хвілінаў. Лістапад – ня лепшы месяц для палёту ў Маскву. Ніколі ня ведаеш, якое там чакае надвор’е, можа быць і сьцяна дажджу, а можа і завіруха. Але выбіраць не прыходзілася.

У канцы верасьня напісала мне адная знаёмая зямлячка і прапанавала зьезьдзіць у Чачню. Прычына была надзвычай важная. Судзілі праваабаронцу Аюба Ціціева, кіраўніка грозьненскага прадстаўніцтва “Мемарыялу”.

“Дарагі Алесь, – пісала яна, – важна выказаць салідарнасьць з Аюбам. І калі гэта будзеш ты – а цябе багата дзе ведаюць, гэта будзе вельмі сімвалічна”.

Прапанова была нечаканай і яна моцна закранула мяне. Я адразу згадаў, як на мой суд прыяжджалі кіраўнік “Мемарыялу” Алег Арлоў, Саша Кулаева з парыжскага офісу FIDH, Маша Шышчанкова з ірландскай Front line defenders, Артак Кіракасян з Арменіі, Вольга Саламатава з варшаўскай Хельсінкскай фундацыі. Не далі візы і не пусьцілі на суд маіх калегаў і сяброў з Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Бельгіі. І я помню якое гэта аказала ўражаньне на мяне. Седзячы ў судовай зале ў клетцы, я зусім не адчуваў сябе ізаляваным, адзінокім. Судовым працэс пераўтварыўся ў супольную барацьбу за праўду. І тое што мяне асудзілі было толькі падцьверджаньнем нашай сумеснай праваты.

Я проста павінен быў ехаць да Аюба на суд.

Я бачыў Аюба ў лістападзе 2017-га, за два месяцы перад ягоным арыштам, у Осла. Нарвежскі хельсінкскі камітэт да сваіх саракавых угодкаў праводзіў паралельна з святкаваньнямі слуханьні пра антыкарупцыйны Акт Магніцкага, магчымасьць прыняцьця яго ў Нарвегіі і запрасіў на гэтыя мерапрыемствы праваабаронцаў з розных краінаў. Тэма была надзвычай важная. Карупцыя часта ідзе побач з парушэньнямі правоў чалавека. Я не сумняюся, што тое ж самае пастаянна адбываецца і ў нас у Беларусі. Уся гэтая халапень, якая круціцца каля Лукашэнкі, гаворыць адное, робіць другое, а думае па-іншаму. Вельмі часта ў сістэме ўціску свабодаў у нашай краіне ляжаць не ідэалагічныя перакананьні, даўненька я ня бачыў людзей, якія рвалі б за Лукашэнку кашулю, а элементарны прыватны інтарэс канкрэтных асобаў. Масштабы гэтага інтарэсу вельмі розныя. Сёньняшняя гісторыя з Курапатамі і рэстаранам “Паедзем, паядзім” –  класічны выпадак.  На жаль, ён далёка не выключэньне.

Вось жа быў у Осла і Аюб, сталы ўжо, непрыкметны мужчына, які трымаўся вельмі сціпла, выглядаў самотна, на паседжаннях сядзеў заўсёды дзесьці ў задніх радах, і далёка ня быў падобны на зорку ад праваабароны. Мы хіба што толькі павіталіся і ўсё. Знаёмства нашае было завочным. Я ведаў, што пасьля таго як у 2009 годзе забілі ў Чачні Натальлю Эсьцеміраву, яе замяніў Аюб. У яго быў іншы стыль працы. Натальля – пасіянарная, адкрытая, у якой жаданьне справядлівасьці і імкненьне да публічнасьці праз агучанае слова было спалучана ў адное. Калі яна пісала ці гаварыла, яе чуў увесь сьвет. 

Іншая справа – Аюб. Ён перажыў і першую, і другую чачэнскую вайну, бачыў на ўласныя вочы бясконцыя сьмерці сваіх аднасяльчанаў і сваякоў. Ён нідзе залішне не сьвяціўся, не даваў інтэрвью і асабістых ацэнак, працаваў паўпатаемна, нікога не падстаўляючы і сам імкнучыся не вытыркацца. Працаваў на вынік, лічачы за перамогу кожны пражыты ў варожых для праваабаронцаў умовах год. Інфармацыя, якую ён здабываў на месцы, ішла ў сьвет пераважна праз цэнтральны офіс Мемарыялу з Масквы. Але і такая тактыка паўпадпольнай працы з надзвычайнымі мерамі бясьпекі не ўратавала яго. 9 студзеня 2018  году яго арыштавалі. Абвінавацілі ў перавозе двухсот грамаў марыхуаны.

Як гэта ўсё абрыдла знаёмае! Я згадваю сваё затрыманне ў жніўні 2011 году, і свой неспакой, калі праходзілі вобшукі ў нашай кватэры і ў местачковай хаце. Расправы з праваабаронцамі, пра якія ведаў, ва Ўзьбекістане і Азербайджане, сядзелі дзесьці ў падсьвядомасьці. Падкінутыя пару патронаў ці некалькі грамаў марыхуаны – і крымінальная справа зьлепленая. Калі вобшукі скончыліся бяз гэтых непрыемных сюрпрызаў і засталося адпачатку прад’яўленае абвінавачваньне ва ўтойваньні падаткаў, я ўздыхнуў з палёгкаю.

Навучаны ўжо турмой і папярэднім досьведам, увесну 2017-га году, калі я садзіў яблыню, адкапаў у сябе на агародзе пры местачковай хаце нямецкі бляшаны гафрыраваны падсумак, набіты патронамі. Выкінуць ці прыхаваць дзе – нават і думкі такой не было. Клопат. Адразу ж патэлефанаваў у Валожын ва ўчастак і пад запіс дзяжурнага выклікаў міліцыю. Прыйшоў участковы, пералічылі ўсе патроны ад нямецкага аўтамата, аказалася 514 штук. Склалі акт. Ён забіраючы іх у палітыленавы пакунак, сьмяяўся і жартаваў: а ці аўтамата там не знайшлі? Потым, калі ператэлефаноўваў мне, ужо не сьмяяўся, мабыць сказалі яму хто я. Праз два месяцы, пасля праверкі, крымінальную справу, а ў такіх выпадках яна ўзбуджаецца абавязкова, спынілі.

Вось так бы заўсёды: каб ведаў дзе ўпаў, дык саломку падаслаў бы. Але ж гэтак не атрымліваецца. І ў Аюба не атрымалася. Некалькі разоў пасьля таго, як ён стаў кіраваць грозьненскім аддзяленнем Мемарыялу, і калі пахла смажаным, ён зьяжджаў з Чачні. Аднаго разу нават з сям’ёй некалькі месяцаў перасіджваў неспакойны час ці то ў Швецыі, ці то ў Нарвегіі. Але потым вярнуўся. Добра, што хоць не забілі і не выкінулі на ўзбочыну дарогі, як Наталлю Эсьцеміраву. І сусьветная вядомасьць не абараніла яе. Забойцаў не знайшлі дасюль, хаця вядома куды вядуць сьляды. Туды ж, куды ў нас ідуць сьляды зьнікненьняў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі.

Працяг будзе...

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства