viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь

2019 2019-04-02T12:41:52+0300 2019-04-03T13:00:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shali.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Горад Шалі, Чачэнская Рэспубліка

Горад Шалі, Чачэнская Рэспубліка

Праз вялікую шыбу кавярні мы ўбачылі Сьвятлану Аляксееўну Ганнушкіну. Яна выйшла з гатэлю і ідзе ў наш бок. Мы з Сяржуком заклапочана паглядаем на гадзіньнікі – дзясятая гадзіна. Патрэбна ж ехаць у другі горад, у Шалі. Жанчыны сьмяюцца, каментуюць: адвакатаў яшчэ няма, а бяз іх суд ўсё роўна не пачнецца, ехаць жа тут – сорак хвілінаў. У Аюба тры адвакаты. Пётр Заікін учора ўвечары прыляцеў у аэрапорт Магас у Інгушэцію, Ільля Новікаў і Марына Дубровіна, так як і мы, толькі іншым рэйсам, прыляцелі ў Грозны з Масквы.

Мы выходзім з кавярні. Да нас падыходзіць знаёмы па самалёце малады бялявы спадар з расійскім сьцяжком на пінджаку.

“Хто гэта?” – нягучна пытаюся я ў Сьвятланы Аляксееўны.

“Яблычнік, Коля Рыбакоў, намесьнік старшыні партыі”, – адказвае яна.

Вось дык дэпутат Думы, сьмяемся мы з Сяржуком. Гэта колісь, яшчэ у 90-х  Яблык быў у Думе. А зараз – дзе той Яблык, а дзе тая Дума. Адныя махровыя расійскія шавіністы сабраліся ў гэтай Думе, як на падбор. І наш Фэлікс Клінцэвіч з Ашмянаў, пажыўшы ў Расіі, паслужыўшы там у войску, а затым пасядзеўшы ў Думе, перарадзіўся і стаў такім самым, а то і яшчэ горш. Як пісаў у свой час Уладзімір Ленін пра Фэлікса Дзяржынскага: “вядома, што абрусеўшыя інародцы заўсёды перасальваюць па частцы “истинно” рускага настрою”. Дакладна заўважана. Ваяўнічы шавінізм – умова выжываньня расійскага палітыка, таму і Яблык у Расіі ў загоне.

Сваяк Аюба застаецца чакаць адвакатаў, Ю. выклікала яшчэ дзьве таксоўкі, мы рассаджваемся і едзем у Шалі. Ганнушкіна безупынку гаворыць у таксі: і пра суд, і пра Аюба, і пра Пуціна. Старая манера дэсідэнтаў: паўсюль і пра ўсё гаварыць адкрыта. Яна робіць гэта па завядзёнцы, так як рабіла ўсё жыцьцё, спрабуючы зачапіць, уцягнуць у лад і логіку сваіх думак любога чалавека, зь якім яна побач, як вось зараз, часта зьвяртаючыся да таксіста, маладога чачэнца. Ю. паддаецца, рэагуе, штосьці каментуе, дадае. Я ўпарта маўчу. Ю. заўважае гэта, замаўкае, потым ціха гаворыць мне:

“Я ўжо даўно сяджу ў Грозным, расслабілася, бо немагчыма быць увесь час насьцярожаным”.

“Чаму ж немагчыма, – думаю я. – Магчыма. Турма вучыць “фільтраваць базар”.

Ехаць нам 35 кіламетраў. Мы выяжджаем з гораду, праяжджаем плошчу Мінутку, памятную па апошняй вайне: тут ішлі зацятыя баі і ўсе будынкі навокал былі разьбітыя ўшчэнт, але нічога ўжо не нагадвае пра гэта. Мы праяжджаем выставачны асабняк зь нечаканай шыльдаю «Мебель из Беларуси» і выяжджаем з гораду.

Дарога – сучасная магістраль на чатыры паласы з разьдзяльнай лініяй. Я станоўча зьдзіўляюся. Кіроўца тлумачыць: па гэтай трасе Рамзан Кадыраў езьдзіць у Грозны на працу з Цэнтароя, дзе ў яго родавы дом.

Мы едзем праз Прыгараднае, Гікала і Чачэн-Аул. Гэтыя назвы мястэчак і сёл смутна памятныя мне з франтавых зводак 90-х. Насустрач нам праехала доўгая чарада крытых брызентам вайсковых Уралаў.

“Федэралы, – тлумачыць Ю., – іх зараз амаль ня бачна. Сядзяць па базах і толькі пераяжджаюць калонамі з адной на другую”.

Між іншага, Ю. распавядае, што ёй у фэйсбуку ў прыват напісаў доўгі тэкст нейкі ўкраінскі хлопец, які выгаворваў ёй за тое, што на сайце “Мемарыялу” яны пішуць “на Украину”, а не “в Украину”. Яна спрабавала патлумачыцца, але ён упарта крытыкаваў іхні сайт за гэта. Скончылася тым, што яна выдаліла яго з фэйсбуку.

“А вы як ставіцеся да таго, што мы пішам «Белоруссия»?” – спыталася яна ў мяне.

“Ай, – адмахнуўся я. – Пішыце, як хочаце, толькі ў печку не саджайце”.

“Што?” – не зразумела Ю.

“Прымаўка такая ў нас ёсьць, – сьмяюся я. –  Назаві хоць гаршком, толькі ў печку не саджай”.

Затым больш сур’ёзна тлумачу, што часам пэўныя лексічныя абароты і тапанімічныя назвы, якія ўжываюцца аднымі народамі, іншымі могуць успрыймацца як посткаланіяльная спадчына і быць для іх крыўдлівымі ці зьневажальнымі.

А сам думаю, што калі яны называюць нас ўжо дзьвесьце гадоў “Белоруссией”, дык цяжка іх перавучыць за пару дзесяткаў гадоў. Ды і ці патрэбна. Галоўнае, каб мы самі сябе называлі не Белоруссия, ні Вайсруслянд, не Северо-Западный край, а – Беларусь.

Пры пад’езьдзе да Шалі дарога звужаецца. Ю. тлумачыць таксісту, дзе паварот да суда: насупраць Шалі-сіці.  Мы бачым некалькі высокіх шматпавярховікаў, прасторную плошчу, вялізны мечэт, рыхтык як Грозны-сіці зьменшанага памеру.

Калі будавалі дарогу і цэнтр, распавядае Ю., зьнесьлі некалькі сотняў дамоў і людзей бяз асаблівай згоды перасялілі ў іншыя раёны горада. Пачас вайны, я згадваю, на Шалі падалі тактычныя ракеты, горад бамбілі расійскія самалёты.

Мы зварочваем з цэнтральнай трасы налева, пад’яжджаем да шлагбаўма. Гэта нават не шлагбаўм, а будка, каля якой стаіць паліцыянт з аўтаматам. Калі пад’яжджае машына, ён уручную здымае з прываранага да слупка крука ланцуг, які перагараджвае дарогу, апускае яго, машына праяжджае, тады паліцыянт ізноў падцягвае і чапляе ланцуг на крук. Мы далей не едзем, выходзім, разьлічваемся з таксістам, той прысьпешвае, бо стаяць тут нельга і паліцыянт ужо нецярпліва маша яму рукой. Мы ідзем пешшу ў суд. На павароце да суда – глыбакаватая ямка, выкапаная мабыць некалі пад слуп. У ёй, каб было відаць яе, тырчыць дошка. Ю. распавядае, як нехта з прыежджых на суд у мінулы раз загледзеўся і ўваліўся туды, ледзь нагу не зламаў.

sud_shali.jpg
Святлана Ганнушкіна на прыступках будынку Шалінскага суда

Мы падыходзім да будынку суда. Ён часова разьмешчаны ў двухпавярховым офісным цэнтры, пакуль не пабудаваўся новы будынак суду. Мы заходзім, на ўваходзе некалькі чалавек ці то аховы, ці то судовых прыставаў, у сіняй паліцэйскай форме, усе з аўтаматамі. Мы рэгіструемся, паліцыянты з цікавасьцю круцяць нашыя з Сяржуком беларускія пашпарты і аддаюць без пытаньняў, а я гляджу на іхнія аўтаматы. Тут і новыя незнаёмыя мне сучасныя мадэлі, і пазнавальныя калашы.

Аюба возіць з грозьненскага СІЗА служба канвою. З тылу будынка мусіць быць адгароджаны дворык, куды заяжджае машына.

rybakou_sys_milashyna.jpg
Мікалай Рыбакоў, Сяргей Сыс і Алена Мілашына ў залі суда

Я згадваю свае паездкі ў суд. Ранішні пад’ём у шэсьць і вывад на калідор, мы нават пасьнедаць не пасьпяваем. Я бяру з сабой яблык, шакаладку, пачку вафляў – пячэньня ў клетку, як тут кажуць, літровую пляшку вады і тэчку з паперамі. Асабліва падчас суду і есьці ня хочацца, адрэалін зашкальвае. Прадольны спускае нас з трэцьцяга паверху на першы. Там нас вышыхтоўваюць па калідоры з двух бакоў у прасьценках паміж камерамі. Стаім, некалькі дзясяткаў чалавек, тварам у сьценку, рукі за сьпінай, чакаем, пакуль нас не пералічаць. Канвой забірае ў вертухаяў нашыя даведкі, зьбівае нас па камандах у розныя раённыя суды, кагосьці заганяюць у транзітную хату, пачакаць, кагосьці вядуць на вывад. Ужо ў арцы выяздной брамы нас ізноў прытуляюць да сьцяны, закілзваюць кайданкамі, чакаюць, пакуль упрытык да брамы не пад’едзе аўтазак, затым пачынаюць выводзіць і  грузіць па адным, рассаджваць па вузкіх аддзелах, на якія перагароджаны кадоб аўтазака.

Судзілі мяне ў будынку Маскоўскага суду, бо ў “родным” Першамайскім не было дастаткова вялікай залы. Ведалі, што багата людзей захочуць патрапіць на паседжаньне суду і загадзя парупіліся. У Маскоўскі суд часьцей вазілі ў міліцэйскай “Газелі”, бо ня так багата народу езьдзіла ў гэты суд з сірэнай і зь легкавіком суправаджэньня наперадзе. “Гэта для цябе такая ўвага”, – казалі мне іншыя зэкі. Мы сядзелі з акальцаванымі рукамі за сьпінай, прытрымлівалі там свае пакункі з паперамі, угіналі галовы, бо на “ляжачых паліцэйскіх” Газель падкідвала, і нас, седзячых ззаду, падгупвала так, што мы біліся патыліцай аб столь. Урэшце прыяжджалі, і нас разводзілі па адзінкавых “стаканах”, дзе мы яшчэ гадзіну чакалі пакуль нас не разьбіралі па розных судовых залах. Уся працэдура дабіраньня з СІЗА ў суд займала гадзіны чатыры. І гэткім жа чынам нас развозілі назад.


Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк

V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці

VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі

VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы

VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства