viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы

2019 2019-03-19T11:20:38+0300 2019-03-19T11:27:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_muzei_groznaga.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па дарозе назад у гатэль, усё па тым жа прасьпекце Пуціна, мы зьвяртаем увагу на дзьве стылізаваныя пад старыя чачэнскія баявыя вежы. Падыходзім бліжэй і разумеем, што гэта будынак нацыянальнага музея. Будынак новы, відаць што пабудаваны ўжо пасьля войнаў. Час у нас ёсьць і мы вырашаем зайсьці. Перад уваходам на сьцяне музея вісіць шыльда з паліраванага чорнага мармуру з партрэтам Ахмата Кадырава, якая нагадвае мемарыяльную пліту. Пад партрэтам Кадырава-старэйшага – цытата: “Музей – важнейшы з інстытутаў выхаваньня народнай самасьвядомасьці”. Што ж тут скажаш, прапрацаваўшы дзевяць гадоў у музеі, сапраўды падцьверджу што так. Толькі штосьці я сумняюся, што Ахмат калі-небудзь казаў гэтую фразу.

Мы заходзім у сьветлы хол музею. Жанчынкі на касе ветліва размаўляюць з намі. Мы даплочваем за дазвол на фатаграфаваньне на экспазіцыі яшчэ 80 рублёў.  Я пытаюся:

“А там ёсьць што хоць фоткаць?”

Яны сьмяюцца. Толькі потым, пасьля агляду экспазіцыі, калі я зазірнуў у інтэрнэт і даведаўся што дзевяноста працэнтаў усіх экспанатаў музею былі зьнішчаныя і разрабаваныя падчас апошніх двух войнаў, я зразумеў, якім у гэты момант я быў ёлупнем і якое балючае пытаньне, сам таго ня ведаючы, я ім задаў.

Мы праходзім экспазіцыйныя залы. Прыстойная калекцыя бронзавага і жалезнага вякоў, добра захаваны гліняны посуд і нават дрэва, драўляныя скрыначкі, кубкі, тронкі нажоў, відаць ляжалі ў сухім месцы, у пячорах. Цікавыя жаночыя ўпрыгожваньні: луньніцы, сяміпрамянёвыя падвескі. Гэта ўжо 14 стагоддзе, пасьля таго, як гэта ўсё было ў нас праз два-тры стагодзьдзі. Можа і былі ў гэтых жаночых упрыгажэньнях усходнеславянскія ўплывы.

Затым была зала з карцінамі. Мяне зьдзівіла гэтая падборка чагосьці разрозьненага і раскіданага ў часе. Выпадковы Верашчагін, чамусьці Трапінін, гэтыкі ж выпадковы, хоць і родны для нас Бялыніцкі-Біруля. Нейкія творы ў стылі сацрэалізму 60-х гадоў і толькі адна карціна першага чачэнскага мастака Пятра Захарава. Вось менавіта тады я паглядзеў інтэрнэт і прачытаў пра гэтыя жахлівыя дзевяноста працэнтаў страчаных экспанатаў, а яшчэ пра тое, што з Сургута ў музей былі вярнутыя дзьве гарматы 19-га стагоддзя.  Мабыць былі вывезеныя сургуцкім АМАПам і цяжка іх там было схаваць ці прадаць, усё ж не карціна якая-небудзь ці старая шабля, валяліся дзесці на паліцэйскім панадворку, іржавелі, таму і вярнулі.

Алесь Бяляцкі каля карціны Бялыніцкага-Бірулі ў музеі горада Грознага
Алесь Бяляцкі каля карціны Бялыніцкага-Бірулі ў музеі горада Грознага

У асобнай зале была выстава прыгажэнных, вялікіх стогадовых дагестанскіх кілімаў. Глядеў бы на іх і глядзеў. Добра, што там хоць вайны не было, а так бы і гэтыя кілімы ўжо паехалі б у Сургут.

dagestanski_kilim.jpg
Сяргей Сыс у залі з дагестанскімі кілімамі

Мы вяртаемся ў гатэль, і я пакутліва думаю, што нездарма ж расійскія вайскоўцы, а хто ж яшчэ, з маўклівай згоды Крамля разрабавалі гэты музей. Хочаш падсекчы народ – зьнішчы ягоную культуру і мову. Які народ выжыве без гістарычнай памяці. Вось так і саветы падсеклі тысячагадовую гісторыю беларусаў, абулі нас у нашай жа сьвядомасьці ў лапці, загналі нашую культуру і мову ў непралазнае балота, маўляў, сядзелі вы там, беларусы, з каўтуном у каравым кажуху стагоддзямі, а мы далі вам ГРЭСы-ДРЭСы, хімдымы, метро ды лямпачку Ільліча, за што будзьце Маскве ўдзячныя да скону вякоў.

Расійская імперыя паўсюль дзейнічае аднолькавымі метадамі. І СССР ужо няма, і на яго развалінах паўтвараліся новых пятнаццаць краінаў, але Расія ізноў хоча стаць імперыяй, і ці ня першай яе сталёвыя зубы на сабе адчула Чачня.

Тая першая чачэнская вайна ў 1994-1995 гадах адцягнула ўвагу Расіі ад Беларусі, кіраўнікі якой – спачатку Кебіч, а затым Лукашэнка – гатовыя былі здаць краіну на раз-два. Ды і ў Беларусі тая вайна багата каго ацьверазіла і паказала, што гэтыя два паняцьці – Расія і дэмакратыя – пакуль што несумяшчальныя. Я мяркую, што тыя два гады расійска-чачэнскай вайны як раз і выратавалі нашую беларускую незалежнасьць. Чачэнцы, ваюючы за сваю незалежнасьць, самі таго ня ведаючы, ваявалі за незалежную Беларусь. Бо тыя дамовы, якія пачалі падпісвацца паміж Расіяй і Беларусьсю з 1996 году і прывялі ў 1999 годзе да Саюзнай дзяржавы, спазьніліся. Гісторыя неяк дзіўным чынам віхлянула, абыйшла іх і пайшла наперад. Кожны з падпісантаў ужо меў за галоўную ідэю не адраджэньне саюзу роўных народаў, а штосьці іншае. Лукашэнка хацеў заскочыць у крэсла хворага Ельцына і руліць Расіяй, бо замала яму было Беларусі, а Масква хацела адсунуць свае межы на 500 кіламетраў на захад. Урэшце, не згаварыліся.

Увечары патэлефанавала на гатэльны нумар Сьвятлана Ганнушкіна, кіраўніца праваабарончай арганізацыі “Грамадзянскае судзеяньне”, яна ж і ў Радзе “Мемарыялу”. Мы сустракаліся зь ёй раней на розных міжнародных канферэнцыях.  Сьвятлана Аляксееўна, як член Рады па правах чалавека пры расійскім прэзідэнце Дзьмітрыі Мядзьведзеве, падпісала ліст з прозьбай паўплываць на Лукашэнку наконт майго вызваленьня. Гэты ліст з подпісамі 15-ці членаў Рады, у красавіку 2012 года быў перададзены Мядзьведзеву. Ня ведаю, ці была на гэты конт размова паміж Мядзьведзевым і Лукашэнкам, але нават калі і была, дык Лукашэнка ня надта да яго і прыслухаўся. Гэта Ельцын некалі ў 96-м прыкрыкнуў на Лукашэнку, і з турмы выйшлі апазіцыйныя палітыкі Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык, а пазьней – журналіст Павел Шарамет. Наступнікаў Ельцына Лукашэнка ня надта й баяўся, аж да 2014-га году, калі паміж Расіяй і Ўкраінай не пачалася вайна.

gannushkina.jpg
Святлана Ганнушкіна

Сьвятлана Ганнушкіна – са старой кагорты праваабаронцаў, якія прыйшлі ў праваабарону яшчэ ў часы СССР. Гэта яшчэ тая каманда Сахарава, Кавалёва. Сьвятлана Аляксееўна заўсёды зьдзіўляла мяне ясным лагічным розумам, пэўна ж, бо матэматык па адукацыі, і глубокімі гуманітарнымі ведамі, прысутнымі тэхнічнай інтэлігенцыі позьніх савецкіх часоў. Гэтак жа ж, як наш  Юры Хадыка, доктар фізіка-матэматычных навук, які пісаў цэлыя разьдзелы ў дасьледваньнях па старажытным рэлігійным жывапісе. Мы дамовіліся выйсьці і пагуляць.

Мы з Сяржуком выйшлі на вуліцу і доўга хадзілі зь ёй, ужо ў цемры па беразе Сунджы, па сьцежцы за гатэлем, паўз плот з металічных прутоў, які абгароджвае пляцоўку Грознага-сіці. Сьвятлана Аляксееўна была бадзёрай і ў добрым настроі. Ёй ужо семдзесят шэсьць, а размаўляе з запалам, захоплена, няўтомна, багата чым цікавіцца, багата што ведае, відаць, як ёй цікава жыць. Два дні таму, распавядае, была вялікая тэмпература, зараз чакае, як будзе заўтра.

Распавяла, як у свой час, у 2011-м годзе, яна зьвярталася да Сурыкава, каб з Расіі выпусьцілі Натальлю Радзіну, якая тады хавалася ў Маскве. І той дапамог. Прарочыць Расіі вялікія хваляваньні і забурэньні. Распавядае, што на судзе над Аюбам прывезеныя спецыяльна, каб ганьбіць яго, жанчыны і паліцыянты – усе ўсё разумеюць. Спачатку яны варожа рэагавалі на групу падтрымкі Аюба, якая кожны раз прыяжджае на суд з Масквы. Зараз настрой зьмяніўся.

Мы хадзілі туды-сюды ўжо ўпоцемках, пакуль ня зьмерзьлі, зайшлі ў позьні невялічкі супермаркет каля гатэлю.  Ганнушкіна купіла толькі вады. Гаворыць:

“Дзень не ела і не хачу. Не хачу есьці зусім”.


Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк

V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці

VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства