viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: XVIII. Віктар Лукашэнка і чачэнскі спецназ

2019 2019-06-11T11:21:23+0300 2019-06-11T11:21:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viktar_lukashenka_kadyrau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Урэшце перапынак сканчаецца, і нас запускаюць у залу. За час перапынку адвакаты вырашылі зьмяніць парадак судовага разьбіральніцтва. Вырашылі не чакаць Яўлінскага, які, як меркавалася, разам з Ганнушкінай ізноў будуць хадайнічаць выпусьціць Аюба “на парукі”. Адразу пасля перапынку слова бярэ адвакатка Марына Дубровіна. Яна хадайнічае, каб выслухалі Ганнушкіну з даручальніцтвам за Аюба. Суддзя выходзіць “параіцца”, вяртаецца праз пяць хвілінаў і пагаджецца на выступ Сьвятланы Міхайлаўны.

Ганнушкіна выходзіць за судовую трыбуну, гаворыць ясна і ўзважана, лагічна выбудоўвае думку:

“Мы раілі Аюбу не вяртацца, застацца за мяжой. Але ён кожны раз вяртаўся.  Мы перакананыя, што ён нікуды ня зьедзе, ён вернецца на гэты суд і годна правядзе яго ад пачатку і да канца”.

Яна ручаецца за Аюба, гаворыць таксама, што праз тыдзень такое ж даручальніцтва суд атрымае ад Рыгора Яўлінскага. Судзьдзя ізноў выходзіць “падумаць”. Мы церпяліва чакаем. Ці ёсьць у нас спадзеў, што Аюб сёньня выйдзе з клеткі, дзе яго трымаюць як зьвера? Ды не. Што вырашае судзьдзя ў гэтым працэсе? Ды нічога. Яе задача правесьці ўсё “па правілах”, “прыгожа”, каб да судовых працэдураў не падкапаўся і мыш. А пытаньне – выпусьціць ці пакінуць Аюба ў турме – бяры вышэй. Яго вырашае Рамзан з маўклівай згоды Уладзіміра Уладзіміравіча. Яны ў адной зьвязцы, скаваныя, як пеў некалі Вячаслаў Бутусаў, “адным ланцугом”. І няма пакуль што такіх магічных ключоў, якія б дазволілі Аюбу сёньня выйсьці з клеткі.

sud_aub_titiev.jpg
Судовая заля ў Шалі

Вяртаецца судзьдя Мадзіна Зайнядзінава, зачытвае рашэньне: пакінуць хадайніцтва Ганнушкінай Сьвятланы Міхайлаўны без задавальненьня. Усё. Нашая сустрэча з Аюбам па розныя бакі кратаў скончаная. Мы разьвітваемся. Нашыя шляхі вядуць у дыяметральна розныя бакі: Аюб едзе на жалезную шконку ў грозьненскае СІЗА, у чалавечае пекла, а мы – у падабенства кадыраўскага раю, у люксавы гатэль у Грозным-сіці.

Мы вяртаемся ў Грозны разам з кучаравым адвакатам. Вязе нас на “Волзе” ягоны кліент, дзядзька нашых гадоў. Кіроўца распавядае: учора асудзілі ягонага сына за “ўдзел у бандфармаваньнях”. Нічога не знайшлі, далі дзевяць гадоў.

Увечары мы ўжо ўпоцемках хадзілі ў кавярню, дамовіліся павячэраць разам з Ю. Ужо сьмела ішлі па знаёмым прасьпекце Пуціна. Стаіць сухое надвор’е, на ноч халадае, але на клумбах яшчэ ва ўсю цьвітуць хрызантэмы. Мы ізноў праходзім вялізную пустую плошчу,  затым сустракаемся зь Ю. на паралельнай праспекту іншай дагледжанай забрукаванай вулічцы, з двух бакоў якой стаяць высокія шматпавярховікі, і ад гэтага ствараецца ўражаньне, як быццам бы ты ідзеш па дне тунэля. “Праспект Эсамбаева”, – чытаем мы на шыльдзе. Некаторыя будынкі стаяць яшчэ неабжытыя, цёмныя і пустыя.

sys_pr.esambaeva.jpg
Сяржук Сыс на праспекце Эсамбаева

Тут, паказвае Ю. – офіс упаўнаважанага па правах чалавека, і тут, у суседнім доме, пэўны час быў офіс Мемарыялу, нават з відэаназіраньнем. А потым іх адсюль “папрасілі”, і офіс пераехаў у прыватную кватэру на другі бок праспекту Пуціна. Кватэру гэтую шукалі доўга, усе адмаўлялі, калі даведваліся, што арэндаваць зьбіраюцца праваабаронцы. Потым, калі знайшлі падыходзячую кватэру, гаспадыні не казалі, хто арандатары, казалі, што – адвакаты. Пасьля затрыманьня Аюба, калі адбыліся вошукі, гаспадыня была ў фрустрацыі. У офісе ў Грозным працавалі шэсьць чалавек. Зараз офіс распусьцілі, усе супрацоўнікі выехалі з Чачні, і – усё. Тут, у Чачні, болей нікога з легальных, адкрытых праваабаронцаў не засталося.

“Чачня – палігон Пуціна, ды і ня толькі яго”, – думаю я.

У 2017 годзе Рамзан прыяжджаў у Менск, і яго прыймаў Аляксандр Лукашэнка. Улетку 2018-га ўжо Віктар Лукашэнка разам з афіцэрамі беларускага сьпецназу быў тут, у Чачні. Сваю бясьпеку Аляксандр Лукашэнка давярае сыну Віктару, гэтаксама, як Ахмат Кадыраў давяраў сваю бясьпеку сыну Рамзану. Сустракаў Віктара Лукашэнку і быў пры ім увесь час – Лорд, спікер парламенту Магамед Даўдаў.

viktar_lukashenka_kadyrau.jpg
Віктар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў

Рамзан вазіў Віктара ў Гудэрмес, у расійскі ўніверсітэт сьпецназу. АМАП паказваў яму элементы гарадскога бою і “комплексны штурм”. Віктар быў уражаны: “Лепшага я ня бачыў”, – адзначыў ён.

“Вельмі “актуальна” для Менску”, – думаю я.

А ўвечары ў Грозным яны езьдзілі на балет “Лебядзінае возера”. Вось так, як мы зараз ідзем у кавярню, а яны – абодва вялікія “аматары балету” – проста на “Лебядзінае возера”. Кадыраў тады ж прапанаваў Віктару Лукашэнку трэніраваць на чачэнскіх базах беларускі сьпецназ, пра што і напісаў у сацсетках. Вось толькі гэтага нам яшчэ не хапала. Чачэнскія хлопцы дзе ўжо толькі не паваявалі: і Грузія ў 2008-м, і Украіна, і Сірыя, гэта толькі тое, пра што можна прачытаць. Чаму яны могуць навучыць беларускі сьпецназ: як лёгка ліць чужую кроў?

Пуціну выгодна мець пад рукою гэтую “дзікую дывізію”. Заўсёды можна затыкаць ёй любыя дзіркі, можна спатоліць праз гвалт розныя геапалітычныя прыхамаці. Таму тут не будуюць прадпрыемствы, а ўкладаюць грошы ў разьвіцьцё дзяржаўнага наёмніцтва. І Рамзану гэта выгодна, бо гэты “лепшы ў сьвеце АМАП” адданы асабіста яму. Поўвайсковая Чачня, поўвайсковая дыктатура выгодная Крамлю. Пры такіх стаўках, якія ўжо тут праваабаронцы і правы чалавека.

Праз пару месяцаў пасьля паездкі Віктара ў Чачню Аляксандр Лукашэнка даў Рамзану беларускі ордэн Дружбы народаў. Цікава, за якія такія заслугі, няўжо сапраўды яны дамовіліся на абкатку беларускага АМАПу ў Чачні…

Мы зварочваем налева, праходзім стары і шыкоўна адрэстаўраваны двухпавярховы асабняк з шыльдаю: “Саюз пісьменьнікаў Чачні”. “Вуліца А. Пушкіна”, – чытаю я вулічную шыльду.

“І што тут зараз за “пісьменнікі” сядзяць, –думаю я. – Мабыць такія самыя, як і ў менскім Доме літаратара на вуліцы Фрунзе”.

sauz_pisatelej_chechnia.jpg
Дом саюза пісьменнікаў Чачні

І я адразу згадваю чачэнскага паэта Зелімхана Яндарбіева, які пасьля забойства першага прэзідэнта Чачні Джаара Дудаева выконваў абавязкі прэзідэнта. Зь ім у другой палове 80-х у Маскве на літаратурных курсах вучыўся наш Леанід Галубовіч, ягоныя вершы на беларускую перакладаў Рыгор Барадулін. У 2004 годзе Зелімхана ў Катары падарвалі расійскія ГРУшнікі. Іх вылічылі, арыштавалі, асудзілі на пажыцьцёвае і ў канцы года ўжо экстрадзіравалі ў Расію. З-за чачэнца-выгнаньніка Катар вырашыў не сварыцца з РФ. А тыя ва ўсім сьвеце паводзяць сябе як удома: што хочуць тое і робяць, і справа Скрыпаля ў Англіі гэтаму яшчэ адзін доказ.

“Цікава, а за кім палюе беларуская контрразьведка? – думаю я. – Таксама ж мабыць шастаюць па Украіне, Польшчы і Літве. Хіба што ў іх сьпецыялізацыя іншая: не забіваюць, ня труцяць, а сочаць, зьбіраюць інфу, і, пэўна што, дзеляцца ёй з расіянамі – саюзная дзяржава ўсё ж, як ніяк”.


Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк

V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці

VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі

VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы

VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”

IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь

Х. Суд над Аюбам Ціціевым

XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа

XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе

ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні

XIV. Вяртаньне з Шалі ў Грозны. Маскоўская палітыка

XV. Пуцін і гексаген

XVI. “Наркотыкі – гэта зло”

XVII. Чачэнскі лорд

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства