viasna on patreon

Адабранне дзяцей у Беларусі ці Чаму Дэкрэт №18 павінен быць зменены

2019 2019-06-26T15:37:43+0300 2019-06-27T10:11:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krugly_stol_dekret18.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Хвосцік, Аляксандр Капуцкі і Алеся Садоўская. Фота: ПЦ "Вясна"

Аляксей Хвосцік, Аляксандр Капуцкі і Алеся Садоўская. Фота: ПЦ "Вясна"

У Маладэчне 25 чэрвеня адбыўся круглы стол на тэму “Праблемы прымянення Дэкрэта № 18”, які накіраваны на “дадатковую абарону дзяцей у небяспечных сем’ях”. Ініцыяваў дыскусію праваабаронца “Вясны” Алесь Капуцкі.

Да ўдзелу запрашаліся таксама і прадстаўнікі ўлады, але, нажаль, прыйсці яны не змаглі. Сярод іх — дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і Людміла Канановіч, якім крыху больш за год таму  была накіравана прапанова ініцыяваць зварот ў Канстытуцыйны суд аб праверцы Дэкрэта № 18 і Кодэкса аб шлюбу і сям’і на адпаведнасць Канстытуцыі РБ. Таксама да ўдзелу ў дыскусіі запрашалася намесніца старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алеся Лукоўская, якая курыруе пытанні абароны правоў  і законных інтарэсаў непаўнагадовых.

Цікавасць да тэмы непаўналетніх у сувязі з Дэкрэтам №18 узнікла ў Алеся Капуцкага не на пустым месцы. Ён пазнаёміўся са справай жыхаркі Маладэчна Алесі Садоўскай, у якой прымусова адабралі дзіця па прычыне нібыта псіхічнага захворвання маці. Алеся Садоўская сцвярджала, што на яе ажыццяўляўся адмысловы ціск, бо яна увайшла ў канфлікт з міліцыянтамі. У выніку судовых спрэчак выснова аб неабходнасці прымусовага лячэння ў псіхіятра была знята, а дзіця вернута маці. Алесь Капуцкі лічыць, што гэтая справа супярэчыць як Канстытуцыі Беларусі, так і міжнародным прававым актам. І па гэтый прычыне Дэкрэт 18 трэба перагледзець.

Сама Алеся Садоўская, якая з’яўляецца прадстаўніцай Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў “Наш Дом”, таксама прыняла ўдзел у круглым стале. Яна прааналізавала, да чаго прыводзіць фармальнае выкананне Дэкрэта 18 чыноўнікамі на месцах.

“Фактычна, замест дапамогі сем’ям, якія апынуліся, па меркаванні органаў апекі, у сацыяльна небяспечным становішчы, на іх аказваецца маральны ціск, які часам прыводзіць да трагічных наступстваў (нават суіцыдаў)”, — падкрэсліла Алеся Садоўская.

Аляксей Хвосцік, юрыст ПЦ “Вясна”, адзначыў, што заканадаўства павінна быць накіравана перадусім на абарону правоў дзяцей, а аддзяленне іх ад бацькоў, часта без важкіх на тое прычынаў, наадварот парушае іх правы і наносіць малым грамадзянам (і іх бацькам) маральныя траўмы. І таму беларускае заканадаўства не адпавядае як Канстытуцыі РБ, так і міжнародным прававым нормам.

“Беларускае заканадаўства з часам і пагаршаецца, — адзначыў Аляксей Хвосцік. — Так, у мінулай рэдакцыі Кодэкса аб шлюбу і сям’і пытанне адабрання дзяцей належала для вырашэння толькі судовым органам, у сучаснай жа рэдакцыі — ўжо мясцовым камісіям па справах непаўналетніх (КСН), то бок фактычна на водкуп прыватнаму меркаванню мясцовых чыноўнікаў”.

Па выніках дыскусіі ўдзельнікі круглага стала вырашылі звярнуцца ў адпаведныя органы з прапановай аб устанаўленні мараторыя на прыняцце рашэнняў мясцовымі КСН аб адабранні дзяцей у сем’яў (або аднаго з бацькоў) да тых часоў, калі Дэкрэт №18 і Кодэкс аб сям’ і шлюбе будуць прыведзеныя ў  адпаведнасць з Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі прававымі нормамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства