Блогера Сяргея Пятрухіна не пусцілі да следчага
На блогера Сяргея Пятрухіна Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта заведзена крымінальная справа справа паводле ч.2 арт 189 Крымінальнага кодэкса “абраза”. 24 ліпеня Пятрухін знайшоў у паштовай скрыні позву на 23 ліпеня ад следчага Арцёма Хільковіча. У якасці каго выклікаўся Сяргей Пятрухін пазначана не было.
Як інфармуе "Берасцейская Вясна", пасля кансультацыі з праваабаронам Уладзімірам Вялічкіным, было прынята рашэнне, што йсці да гэтага следчага без адваката можа быць небяспечна.
Справа ў тым, што ў мінулым годзе следчага Арцёма Хільковіча адхілілі ад скандальнага следства супраць міліцыянтаў, якія натоўпам збілі двух затрыманых у апорным пункце “Усходні”. Бацкі збітых неаднаразова скардзіліся на следчага кіраўніцтву Брэсцкага міжраённага аддзела СК.
Праваабаронца У. Вялічкін лічыць, што Пятрухіна выклікаюць у СК, каб уручыць уведамленне аб ўзбуджэнні крымінальнай справы і ўзяць першыя тлумачэнні.
“Там ён аб усім і даведаецца. Бачу ў гэтай справе адчуваецца повязь з ператрусамі ў гарадзенскіх журналістаў, што сведчыць аб наступе на незалежных журналістаў, блогераў. І гэта адбываецца таму, што яны пачалі істотна ўплываць на грамадзкую думку ў рэгіёнах”, - мяркуе праваабаронца.
26 ліпеня па дамоўленасці са следчым блогер Пятрухін разам з адвакатам прыйшоў у будынак Следчага камітэта каля 18 гадзіны, але далей дзяжурнага яго не пусцілі, маўляў следчы заняты. Следчы абяцаў спусціцца па выкліканага і прапанаваў здаць рэчы. Мінула гадзіна, замест следчага выйшаў начальнік Брэсцкага міжраённага камітэта СК Руслан Сычоў і сказаў: “Рабочы дзень скончыўся, мы запросім вас іншым разам”.
“Такі фінал сустрэчы сведчыць аб тым, што міліцыя не мае доказнай базы па справе, і “матае нэрвы” блогеру, каб той утаймаваўся”, - перакананы праваабаронца Вялічкін.