Паўтары гады Зміцер Паліенка правядзе за кратамі Дапоўнена

2017 2017-04-07T14:30:18+0300 2017-04-10T16:13:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka-21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Паліенка

Зміцер Паліенка

7 красавіка суд Заводскага раёна Мінска разгледзеў пытанне аб адмене адтэрміноўкі крымінальнага пакарання Зміцеру Паліенку. Сацыяльны актывіст будзе адбываць тэрмін у калоніі.

У дачыненні да Зміцера Паліенкі дзейнічае прысуд аб пазбаўленні волі на 2 гады з адтэрміноўкай, вынесены 12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна Мінска ў выніку прызнання актывіста вінаватым па артыкуле 364 «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і частцы 2 артыкула 343 «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Крымінальную справу, узбуджаную супраць Паліенкі ў сувязі з інцыдэнтам паміж ім і супрацоўнікамі ДАІ падчас велапрабегу “Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года ў Мінску, Праваабарончы цэнтр “Вясна” разглядаў як пераслед за ажыццяўленне актывістам гарантаванага яму канстытуцыйнага права на свабоду мірных сходаў, адзначаючы непрапарцыйнасць ужывання гвалту супрацоўнікамі міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманнях яе ўдзельнікаў, а таксама ў перыяд следства заяўляў пра непрапарцыйнасць такой меры стрымання як ўзяццё пад варту, у выніку чаго актывіст у чаканні судовага працэсу правёў за кратамі пяць месяцаў.

Праваабаронцы віталі прысуд суда Цэнтральнага раёна, не звязаны з пазбаўленнем волі, паколькі падчас маніторынгу працэса канстатавалі адсутнасць дастатковых і пераканаўчых доказаў па крымінальнай справе з боку абвінавачання – як у частцы інкрымінаванага гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, так і ў частцы распаўсюду парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце. 

Сённяшні працэс у судзе Заводскага раёна вяла суддзя Алена Капцэвіч. Зміцер Паліенка быў дастаўлены ў суд з жодзінскага ізалятара, дзе адбывае другі запар адміністратыўны арышт. Як прагучала ў судзе, сярод падставаў для разгляду пытання аб адмене адтэрміноўкі выканання пакарання было невыкананне актывістам ускладзенага на яго абавязку аб працаўладкаванні да лютага бягучага году і адпаведнае папярэджанне яму было вынесена 27 лютага. На гэты конт Паліенка неаднаразова распавядаў праваабаронцам, што ні адзін з працадаўцаў, да якіх ён звяртаўся па накіраванні службы занятасці насельніцтва, не прыняў яго на працу з прычыны яго актывісцкай біяграфіі. Інспектар, які ажыццяўляў кантроль за асуджаным на час адтэрміноўкі пакарання, прад’явіў яму няяўку для адзначэння 4 лютага і чатыры парушэнні. Таксама актывісту ставяцца ў віну два адміністратыўныя спагнанні, атрыманыя праз ягоную грамадскую актыўнасць: 10 сакавіка быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска да сямі сутак арышту нібыта за “дробнае хуліганства” ў выніку затрымання ў Доме правасуддзя, дзе выказаў абурэнне прысудам па так званай "справе антыфашыстаў", а 20 сакавіка быў асуджаны судом Заводскага раёна Мінска да 15 сутак арышту за пратэст супраць будаўніцтва офіснага цэнтра ў Курапатах.

Варта адзначыць, што ў дзень сканчэння тэрміну другога арышту Паліенка на свабоду не выйшаў: як паведамілі яго былыя сукамернікі, актывісту “дадалі” яшчэ 10 сутак арышту, за што – не зразумела, і пакінулі ў жодзінскім ізалятары. Праваабаронцы не выключаюць, што гэта было зроблена адмыслова, каб пратрымаць актывіста да вынясення сённяшняга судовага рашэння.

Разгледзеўшы прадстаўленні органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, суддзя адмяніла адтэрміноўку з далейшым накіраваннем Зміцера Паліенкі для адбыцця пакарання, прызначанага прысудам. З улікам часу, праведзенага летась пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста складзе паўтары гады і 13 дзён. Гэтае судовае рашэнне абскарджанню не падлягае. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства