Пасля вызвалення Наталлю Папкову зноў адвезлі на псіхіятрычную экспертызу
29 сакавіка а 11-ай гадзіне берасцейская актывістка Наталля Папкова павінна была выйсці на волю з ІЧУ Ленінскага РУУС Брэста. Аднак на выхадзе чатыры міліцыянты цішком пасадзілі яе ў аўтамабіль.
Людзі, якія прыйшлі сустракаць Наталлю, пачулі яе крыкі і падбеглі да ўчастковага маёра Шчаперкі, які быў ля машыны. Той паведаміў, што жанчыну вязуць на псіхіятрычную экспертызу.
Пасля праходжання экспертызы Наталлю адпусцілі дадому. Але ёй выпісалі новую позву ў міліцыю на 31 сакавіка за ўдзел у акцыі пратэсту 17 лютага.
Нагадаем, Наталля Папкова - актывістка арганізацыі "Маладая Беларусь", член АГП, стала вядомай у Брэсце як "дзяўчына са сцягам", пасля 2-га "Марша недармаедаў", які прайшоў 26-га лютага.
Трэцяга сакавіка дзяўчыну затрымалі двое ў міліцэйскай форме і на выходныя яе змясцілі ў прымусовым парадку ў псіхіятрычны дыспансер. Пасля праходжання абследвання Наталлю Папкову адпусцілі, а 22 сакавіка затрымалі зноў і асудзілі на 7 сутак.