viasna on patreon

У Брэсце затрыманая Наталля Папкова, удзельніка маршу ў Баранавічах выклікаюць у міліцыю

2017 2017-03-03T17:51:50+0300 2017-03-03T17:52:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/papkova_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывістка "Марша недармаедаў" Наталля Папкова.

Актывістка "Марша недармаедаў" Наталля Папкова.

Актывістку "Марша нетунеядцев" затрымалі двое ў міліцэйскай форме нібыта за тое, што яна праігнаравала тэлефоннае запрашэнне ў псіханеўралагічны дыспансер, паведамляецца на сайце АГП.

Сёння, калі Наталля выйшла з дома са сваёй сястрой, да дзяўчат падышлі двое міліцыянтаў і прапанавалі Наталлі Папковой пайсці з імі. Яны не дазволілі сястры забраць тэлефон і асабістыя рэчы Наталлі, не патлумачылі, куды яе вязуць. Сказалі толькі, што затрымліваюць Наташу ў сувязі з тым, што тая праігнаравала візіт у дыспансер. Сястра запісала нумар і марку аўто, на якім павезлі дзяўчыну - 1934 ЕМ-1, светла-шэры опель.

З Брэста паведаміла актывістка АГП Людміла Захаранка:

- Наталля Папкова - актывістка арганізацыі "Маладая Беларусь", член АГП, стала вядомай у Брэсце як "дзяўчына са сцягам", пасля 2-га "Марша недармаедаў", які прайшоў 26-га лютага. Па выніках першага Наталлі было прад'яўленае абвінавачванне ў яго арганізацыі, але органы абмежаваліся папярэджаннем.

На 2-й Марш Наташа прыйшла ўжо з бел-чырвона-белым сцягам і выступіла перад людзьмі.

Пасля 2-га Марша яе выклікаў следчы Чарнавокі. Наталля прыйшла з прадстаўнікамі - са мной і праваабаронцам В.У. Малеем. Следчы быў лаяльны і спрабаваў выклікаць прыхільнасць да сябе як Наталлі, так і нас. Казаў, што ўся праблема толькі ў тым, што ў Наташы на плячах быў "забаронены" сцяг. Наташа адмовілася адказваць на пытанні пратаколу ў адпаведнасці з Канстытуцыяй (арт. 27). Следчы правёў "прафілактычную размову" і выдаў позву на 03.03 на 10-00, сказаўшы пры гэтым, што калі б ён хацеў пратрымаць яе да панядзелка, то позва была б на 17-00.

Калі Наташа прыйшла дадому, ёй патэлефанавалі з псіханеўралагічнага дыспансера і прапанавалі абследавацца, у сувязі з тым, што на яе прыйшла папера з міліцыі. Наталля вырашыла не ісці, бо баялася правакацый. Прычым афіцыйнага запрашэння ёй не дасылалі. У гэты ж вечар ёй дахаты прынеслі новую позву ў Ленінскі РАУС г. Брэста на 3 сакавіка на 17-00 гадзін.

На наступны дзень Наталлі зноў патэлефанавалі з дыспансэра. Яна патлумачыла, што зможа прыйсці толькі ў панядзелак альбо па афіцыйным лісце. Наталля пацікавілася, у сувязі з чым паўстала цікавасць да яе асобы ў дыспансеры. Аказалася, што ім паступіў дакумент з міліцыі аб тым, што ў яе, нібыта, была спроба суіцыду праз павешанне.

Гэта не першы выпадак ціску на актывістаў з боку міліцыі за ўдзел у акцыя супраць Дэкрэта №3.

Так, 3 сакавіка супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі аднаму з удзельнікаў мітынгу ў Баранавічах Яўгену Ж. і запрасілі на гутарку. Актывіст прапанаваў міліцыі даслаць афіцыйны дакумент - позву.

А на днях бацькам назіральніка "Вясны" Уладзіміра Андрыенка двойчы тэлефанавалі з міліцыі з пытаннямі аб удзеле яго ў "Маршы раззлаваных беларусаў" ў Мінску.


Калі вам вядомыя такія факты ціску з боку міліцыі на ўдзельнікаў мірнай акцыі або іх блізкіх - паведамляйце пра гэта ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" па тэлефоне: +375 29 841-39-81 або праз электронную пошту грамадзскай прыёмнай: pierasled@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства