Міхаіл Жамчужны: Праз тыдзень-два чакаю суду па адпраўцы мяне ў турму
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 у Навасадах, чакае суду па змене рэжыму ўтрымання цягам бліжэйшых тыдня–двух. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка.
“Суд па адпраўцы мяне ў турму, хутчэй за ўсё Гродзенскую, чакаю цягам тыдня-двух. Загадзя рыхтую свой выступ і касацыйную скаргу на змяшчэнне ў турму ў пісьмовым выглядзе. Мяркую, што гэты суд будзе сумешчаны з судом па паўторным разглядзе першага спагнання”, – піша палітвязень.
Спагнанне, вынесенае за нібыта самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі калоніі Міхаіл Жамчужны абскардзіў у судзе Барысаўскага раёна, аднак у задавальненні скаргі яму было адмоўлена. Не пагадзіўшыся з такім рашэннем, Жамчужны звярнуўся з касацыйнай скаргай у Мінскі абласны суд, які 12 студзеня адмяніў судовае рашэнне і накіраваў справу на новы разгляд.
Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе аб рэакцыі кіраўніцтва калоніі на інфармацыю аб прызначэнні пазачарговых дзяжурстваў, дасланую ім праваабаронцам:
“Начальнік рэжымнага аддзела Шэдко на ранішняй праверцы быў крайне незадаволены маёй крытыкай бесперапынных святочных дзяжурстваў. Паказаў журнал дзяжурстваў, які, зразумела, быў запоўнены правільна, праз 3 дзяжурствы – чацвертае маё. Але запоўнены ён адным і тым жа каліграфічным почыркам, што не стыкуецца з штодзённай зменай кантралёраў. Але самае галоўнае – сукамернікі падцвердзілі факт маіх дзяжурстваў па-за чаргой”.
Раней праваабаронцы са словаў Жамчужнага паведамлялі аб тым, што ў дачыненні да яго адміністрацыя калоніі выкарыстоўвае перадузятае стаўленне, прызначаючы дзяжурствы па некалькі дзён запар без аніякіх на тое падставаў (пазачарговае дзяжурства лічыцца своесаблівым спагнаннем зняволенаму). Так, у першай палове студзеня пазачарговыя дзяжурствы яму былі прызначаныя 5, 7 і 8 студзеня. Пры гэтым, у камеры знаходзяцца некалькі зняволеных, і дзяжурствы, як правіла, размяркоўваюцца па чарзе.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.