Міхаіл Жамчужны абскарджвае спагнанні
Міхаіл Жамчужны, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, працягвае змагацца ў калоніі за свае правы.
“Па-першае, не ўсе лісты, якія Жамчужны дасылае, я атрымліваю, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка, якая вядзе перапіску з палітвязнем. – Мы сталі весці ўлік ліставання і заўважылі, што за апошні месяц не дайшлі мінімум два лісты, у якіх Міхаіл распавядае пра сваё абскарджванне спагнання ў Барысаўскім райнным судзе”.
Са слоў Таццяны Равяка, зараз усе вынесеныя спагнанні Міхаілу Жамчужнаму якраз і знаходзяцца на стадыі абскарджвання.
“Па першым спагнанні ўжо быў суд, і ён прадказальна адмовіў Жамчужнаму ў задавальненні скаргі, – кажа яна. – На гэтую адмову, да слова, ужо пададзена касацыйная скарга. Таксама ў Барысаўскім раённым судзе знаходзяцца яшчэ дзве скаргі Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя яму спагнанні, якія і сталі падставай прысваення палітвязню статуса “злоснага парушальніка рэжыма ўтрымання”. Адпаведна ён быў пазбаўлены палепшаных умоваў утрымання, якія былі да гэтага часу. Міхаілу Жамчужнаму зніжана колькасць фінансавых сродкаў, якімі ён можа карыстацца, а таксама ёсць шмат іншых момантаў побытавага характару, якія сталі вынікам статуса злоснага парушальніка”.
Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе, што застаецца пад статусам “схільнага да экстрэмісцкай дзейнасці”, а яго адносіны з адміністрацыяй даволі ўскладніліся.
“Па нашай інфармацыі, на адным з пасяджэнняў камісіі па спагнаннях начальнік калоніі наўпрост сказаў Жамчужнаму, каб той перастаў пісаць скаргі, – працягвае праваабаронца. – Такім чынам праследжваецца ўзаемасувязь: Міхаіл актыўна адстойвае свае правы, асбкарджвае спаганні, умовы ўтрымання, і за гэта адміністрацыя працягвае выносіць новыя спаганні, відаць, помсцячы за гэтую актыўнасцю”.
Нагадаем, апошняе спагнанне Жамчужнаму вынеслі 19 лістапада. Не выключага, што за гэта Міхаіл патрапіў у ШІЗА, аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўяўляецца магчымым.
Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.