У Магілёве пададзена заяўка на пікет памяці генерала Захаранкі
Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў выпадку дазволу мерапрыемства ўладамі плануюць правесці яго 7-га траўня ў цэнтры горада каля Магілёўскага абласнога дыягнастычнага цэнтра. Заяўка пададзена ад імя актывіста АГП Міхаіла Шараметава.
Пра мэту пікета расказвае старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.
“Галоўнай мэтай правядзення пікета з’яўляецца прыцягненне ўвагі да зніклых у Беларусі палітыкаў. 7 траўня спаўняецца чатырнаццаць гадоў з моманту знікнення генерала Юрыя Захаранкі. Мы хочам на пікеце ўзняць пытанне, чаму дагэтуль следства не паведамляе пра вынікі і ход расследвання”, - гаворыць палітык.
Уладзімір Шанцаў адзначае, што месца для правядзення пікета ў цэнтры горада абрана невыпадкова.
“1 сакавіка на гэтым месцы праводзілі свой пікет БРСМаўцы. Ніякага дазволу на яго правядзенне чыноўнікі не давалі. Ніякіх камунальнікаў, медыкаў, пажарнікаў ды міліцыі побач не было заўважана. У нас ёсць відэа, якое з’яўляецца яскравым доказам усяго гэтага. Мы хочам, каб і да нас было такое стаўленне – як і да праўладных арганізацый. Мы хочам, каб выконвалася Канстытуцыя ў частцы свабоды мітынгаў і сходаў, і каб з нас, апазіцыянераў, не бралі аплаты розныя дзяржаўныя структуры за наша жаданне правесці масавае мерапрыемства”, - кажа лідэр магілёўскіх лібералаў.
Нагадаем, што ў Магілёве існуе толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэта стадыён “Хімік”, які размешчаны па вуліцы Чалюскінцаў і знаходзіцца ў пустынным месцы на самым ускрайку горада.