viasna on patreon

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 3

2013 2013-03-28T10:33:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karatkievich-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” публікуе лісты Алеся Бяляцкага з бабруйскай калоніі, у якіх палітвязень распавядае пра свой шлях да беларушчыны.

 

19 сакавіка 2013
Бабруйск
 

Творы Уладзіміра Караткевіча моцна паўплывалі на маю нацыянальную сьвядомасьць. Ягонае “Дзікае паляваньне караля Cтаха” даў мне пачытаць Сямён Сямёнавіч. І гэта было сапраўднае адкрыцьцё! Затым я прачытаў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, затым “Каласы пад сярпом тваім”. І я стаў сьвядомым беларусам.

Уладзімір Караткевіч паказаў чароўны і таямнічы сьвет схаванай ад мяне, амаль страчанай радзімы. Я сьніў і трызьніў аб гэтай Беларусі, я пачаў ганарыцца тым, што я беларус, ганарыцца сваім калісьці слаўным народам, сваёй краінаю. І гэта быў правільны гонар. Ён узьнік не на пачуцьці перавагі і нелюбові да іншых. А на разуменьні таго, што мы – ня горшыя, што і мы маем чым ганарыцца, што паказаць усяму сьвету.

Творы Уладзіміра Караткевіча моцна гуманістычныя па сваёй сутнасьці. Яны ўмацоўваюць нацыянальную сьвядомасьць і адначасова ўзвышаюць агульначалавечыя каштоўнасьці. Яны накіраваныя на тое, каб закласьці беларускія веды і агульначалавечы гуманізм, на тое, каб зрабіць чалавека лепшым. І я ўсё ўспрыняў літаральна так, як ён гэтага жадаў.

Толькі самому валодаць такім адкрыцьцём было для мяне невыносна. Мне нецярпелася падзяліцца з іншымі. Я з захапленьнем распавядаў пра творы Караткевіча аднакласьнікам і сябрам. Некалькі чалавек прачыталі “Дзікае паляваньне”. Але маё захапленьне было большым і мацнейшым.

Я пачаў чытаць усё болей і болей беларускіх кніжак. Чытаў хутка і багата. У школьнай бібліятэцы прачытаў усе больш-меньш цікавыя беларускія кніжкі, у тым ліку трохтомнік Віталя Вольскага, бацькі Артура і дзеда Лявона Вольскага, чатырохтомнік Янкі Маўра і пяцітомнік Івана Шамякіна.

На выпускным іспыце па беларускай літаратуры ў школе я адказваў з веданьнем справы. Настаўнікі, якія былі ў камісіі, гэта адчулі і пранікліся. Ужо пасьля ўсіх пытаньняў і адказаў папрасілі пачытаць што-небудзь напамяць. Я запамінаў тыя вершы, якія мне падабаліся, і прачытаў верш Сяргея Грахоўскага. І гэта была самая моцная пяцёрка ў маім атэстаце.

***

Да дзесятага класу з намі вучылася дзяўчына па імі Рыта. Рытка-маргарытка, Атыраграм, як я жартаваў з яе, чытаючы яе імя наадварот. Рудая, з зялёнымі вачыма, белай парцалянавай скураю, эфектная, яна мела гучны, з хрыпотцаю, глыбокі голас. Грала на піяніна. Я сябраваў з ёй, бо яна была адзіная ў класе, апроч мяне, хто чытаў розныя кніжкі. У дзевятым класе мы з ёй часта размаўлялі пра літаратурныя навінкі. Яна давала мне чытаць Рэмарка, а я ёй – Караткевіча. На той час ён стаў маім самым любімым пісьменьнікам.


Чытайце таксама:

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 1

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 2

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства