viasna on patreon

Ідэолаг адкрытай беларушчыны (відэа)

2013 2013-03-25T14:40:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь Бяляцкі. Фота Юліі Дарашкевіч

У асабістым архіве Алеся Бяляцкага ёсьць успаміны, у якіх ён апісвае, як упершыню, у першай палове 80-х, адзначаў Дзень незалежнасьці разам з сябрамі і аднадумцамі, сярод якіх - Вінцук Вячорка, Сяржук Сокалаў, Сяргей Дубавец, Алесь Суша, Ірына ды Ігар Марачкіны.

“Сабраліся мы, маладыя, з гарачымі сэрцамі і запаленымі вачыма, пад нашым сьцягам і сьвяткуем Дзень незалежнасьці вольнай Беларусі, “за якой мы ідзем”. Тая Беларусь была несавецкай і незалежнай. Было адчуваньне чагосьці вельмі важнага, важнага рубяжу як для мяне асабіста, пасьля чаго шляху назад ужо няма, так і для справы, якой мы пакляліся прысьвяціць сваё жыцьцё. Бо былі мы ўжо не па адным, а ў купе, і кожны з нас мацаваў адзін аднаго. І была моцная юнацкая вера, што жыцьцё скіравана ненадарма, што ідэі, якія мы падхапілі з рук панішчаных “бацькоў БНР”, будуць жыць”.

Сёньня, калі Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі, яго не стае ня толькі сябрам маладосьці, з якімі разам ён марыў пра вольную Беларусь, але і ўсяму беларускаму грамадству. "Ідэолагам адкрытай беларушчыны" называе Алеся Бяляцкага журналіст і літаратар Сяргей Дубавец: “Яго не стае грамадству як ідэолага адкрытай беларушчыны, з ягонай гатоўнасьцю ўпісваць Беларусь у нейкія маштабныя шматлюдныя праекты, якія вонкава, можа быць, ніяк не афарбаваныя нацыянальна. Ён іх афарбуе абавязкова. І гэта ўсё ўрэшце ператвараецца ў зародкі сапраўднага беларускага грамадства. І сёньня, калі ў беларускім асяродку ідуць жорсткія палемікі, дыскусіі і нават сваркі, [не стае] такога чалавека, які проста паглядзеў бы на гэта ўсё са сваёй абаяльнай усьмешкай, проста рабіў бы справу, далей аб’ядноўваў людзей, рушыў у будучыню. Ну і мы б пацягнуліся ўсьлед за ім”.

У 80-ыя гады ХХ стагоддзя Алесь Бяляцкі далучыўся да антыкамуністычнага руху, да дзейнасьці нелегальных і паўлегальных нефармальных моладзевых арганізацый, якія, па сутнасьці, заклалі падмурак для фармаваньня структур грамадзянскай супольнасьці ў сучаснай Беларусі. Цалкам лагічна, што тэрмін "civil Society" перакладаецца на беларускую мову як "грамадзянская супольнасьць", а слова "супольнасьць" з'яўляецца аднакарэнным са словам "суполка" - так называліся нефармальныя арганізацыі ў 80-ыя гады, якія зьявіліся папярэднікамі сучасных няўрадавых арганізацый (НДА).

"Сітуацыя ў Беларусі, калі ўзяць шырэй, была цікавая, бо гэта быў 1983 год, год тэрору, калі разграмілі ўвесь дысідэнцкі рух у Расіі. Улады дазвалялі ім дзейнічаць у 1981 годзе, у 1982-м, а ў 1983-м усё фактычна было спынена. Частка людзей была выслана з Савецкага Саюзу, частка зьняволена. Быў разгромлены ўкраінскі нацыянальны рух. А ў нас тым часам пайшла нейкая хваля. Улады не прасачылі, што гэта ўсё аднаго разліву - "з адной бочкі віно", што разлівалася і на Украіне і ў Літве. Бо калі б у 1983-м правялі шэраг рэпрэсій… Тады нават ня трэба было саджаць шмат людзей. Досыць было проста нейтралізаваць. Сярод метадаў - выгнаць з ВНУ. А на той час пасля гэтага ты ня мог знайсці нідзе нармальную працу. Вымушаны быў пераходзіць на становішча качагара - нефармала поўнага.
Але ў Беларусі рэпрэсій да пэўнага часу не было, і гэта с
ьведчыць пра пра тое, што мы будавалі працу досыць разумна. Бо схапіць студэнтаў за тое, што яны сьпяваюць песьні, гэта не ўваходзіла ні ў якія рамкі. Мы правільна пабудавалі сваю працу, сыходзячы з той сітуацыі, якая была. Не пайшлі на адзіночныя акты – вывешванне сцягоў альбо плакатаў, правядзенне дэманстрацый у дзень правоў чалавека. Асноўную актыўнасьць мы ськіравалі на працу ў гэтых паўлегальных арганізацыях. І гэта было вельмі важна асабліва ў тыя часы, калі было бачна, што Савецкі Саюз хутка лясьне. Нацыянальныя свабоды мы ўспрыймалі ў зьвязку з дэмакратычнымі свабодамі. Мы бачылі незалежную Беларусь, але таксама і дэмакратычныя свабоды – свабоду слова і сходаў, сацыяльную абароненасьць беларускіх грамадзянаў”. Так узгадваў Алесь Бяляцкі пра сваё далучэньне да грамадскага руху.


Відэа: "Ідэолагам адкрытай беларушчыны" назваў Алеся Бяляцкага журналіст і літаратар Сяргей Дубавец падчас прэзентацыі кнігі Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя беларушчынай". Менск, 6 сакавіка 2013 года. 

Ідэолаг адкрытай беларушчыны (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства