Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 1
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пачынае публікацыю лістоў Алеся Бяляцкага з-за кратаў бабруйскай калоніі, у якіх палітвязень распавядае пра свой шлях да беларушчыны.
17 сакавіка, 2013
Бабруйск
Захапленьне беларушчынай у савецкія часы
непазьбежна і аб’ектыўна падводзіла людзей да крытычнага асэнсаваньня
рэчаіснасьці. Крыўда за беларускую мову, культуру, гісторыю, якія ў СССР былі
прысуджаныя да падзеньня і ліпеньня і ўрэшце да зьнікненьня, выклікала нязгоду
і пратэст, расплюшчвала вочы на несправядлівасьць, несвабоду ўсёй савецкай
сістэмы. А нязгода і пратэст штурхалі да дзеяньня. Гэтым шляхам прайшоў багата
хто з актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў 80-я гады.
Добра памятаю пашыраную зборку моладзевых актывістаў у 1983-м годзе, дзе мы, прадстаўляючыся, казалі колькі слоў, як мы прыйшлі да беларушчыны, мелася на ўвазе – да ўсьведамленьня сваёй беларускасьці і жаданьня дзейнічаць. Амаль усе назвалі: крыўда за беларускае.
А з чаго пачалася мая беларускасьць? Згадваючы пра пачаткі свайго нацыянальнага ўсьведамленьня, я назаву некалькі адпраўных пунктаў. І першы – гэта беларуская мова. Аўтэнтычная, чыстая, беларуская моўная стыхія, у якую я акунаўся з галавой, бавячы штогод летнія вакацыі ў бабулі, мамінай маці, у вёсцы Двор (Будніцкі Двор) на Нараўляншчыне. Там ня проста казалі па-беларуску, там казалі танальна, павышаючы ці паніжаючы тон голасу ў канцы ці пачатку фразаў. Атрымліваліся размовы-сьпевы.
Памятаю, мы з маім старэйшым родным братам Валодзем стаім на двары, паглядаем на дзяўчат, якія ідуць паўз нашую хату з лесу з кашалямі, поўнымі чарніцаў, і слухаем. Дзяўчаты голасна размаўляюць міжсобку. Валодзя сьмяецца: “Ничего не понятно, о чем они говорят”. Мне гадоў дзевяць. Я слухаю пералівы моўнай інтанацыі дзяўчатаў, гэта моўны сьпеў. І ён зачароўвае мяне. І для мяне зусім ня важна, пра што яны гавораць, галоўнае ж – як прыгожа!
Гэта было чыста эстэтычнае захапленьне ад гучаньня беларускай мовы. Пазьней я ніколі не ўспрыймаў тое, што чуў часам пра беларускую мову: грубая, немілагучная, неразьвітая. Ды поўная лухта! Беларуская мова, якую я чуў ад простых вясковых людзей, была прыгожая, разьвітая, метафарычная, значна больш багацейшая за квадратныя бедныя, нежывыя канструкцыі рускай мовы, на якой размаўлялі ў горадзе перавучаныя беларусы.
Таму хоць я і размаўляў з дзяцінства да 19-ці гадоў па-руску, пераход на беларускую мову быў для мяне працэсам вяртаньня да свайго. Таго, што заўсёды прысутнічала ў маёй падсьвядомасьці. Гэта быў салодкі і пакутлівы працэс успамінаў, калі словы, чутыя некалі ў дзяцінстве, узьнікалі ў галаве і самі прасіліся на язык.
Два першыя гады навучаньня ў гомельскім універсітэце я засвойваў беларускую мову, вядома ж, адказваў на іспытах, багата чытаў па-беларуску, часам не ўсур’ёз размаўляў па-беларуску з сябрамі. А ў 19 гадоў, пасьля сустрэчы з Вінцуком і Арынай Вячоркамі, Сяргеем Запрудзкім, Міколам Купавам у Менску, я загаварыў у адзін дзень і назаўсёды.