viasna on patreon

За актывістаў “Маладога Фронту” экстрана ўзяліся ваенкаматы

2012 2012-05-07T13:37:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/muskisiarhiej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Маладафронтаўцы Міхась Мускі і Павел Сяргей

Маладафронтаўцы Міхась Мускі і Павел Сяргей

З пачаткам прызыўной кампаніі Паўлу Сяргею, якога ў мінулым лістападзе за “суткі” выгналі з Маладэчанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, пачалі прыходзіць позвы ў ваенкамат. Нягледзячы на праблемы са здароўем, на якія хлопец указваў падчас праходжання медкамісіі, у ваенкамаце яму адразу паведамілі, што ён пойдзе служыць, бо на яго ёсць асаблівыя ўказанні.  


Некалькі тыдняў таму Павел Сяргей накіраваў у маладэчанскі ваенкамат заяву на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, паколькі не можа “па сваіх рэлігійных перакананнях насіць вайсковую форму і служыць у войску сярод камуністычнай сімволікі (серпа і молата), пад якой у СССР пераследавалі хрысціянаў”. Копію заявы актывіст накіраваў у выканкам (паколькі старшыня выканкаму ўзначальвае прызыўную камісію), адкуль атрымаў адказ, што рашэнне будзе прымацца на прызыўной камісіі, якая адбудзецца 10 траўня ў 14:30.

Адначасова з Паўлам Сяргеем заяву на АГС падаў і яго паплечнік Міхась Мускі, выключаны сёлета з БНТУ таксама за палітычную дзейнасць. У ваенкамаце Нясвіжу, адкуль ён родам, Мускі пачуў тое ж – “цябе прызавуць у любой сітуацыі”. І зараз ён апынуўся ў яшчэ больш складаным становішчы. З 26 красавіка актывіст на Акрэсціна адбывае 15-сутачны адміністратыўны арышт за “Чарнобыльскі Шлях”. Тым часам 2 траўня прыйшоў адказ на яго заяву за подпісам ваеннага камісара Нясвіжскага раённага камісарыята падпалкоўніка А.В. Марозава. Абгрунтаванне адмовы ў альтэрнатыўнай службе ваенкама сфармулявана вельмі цікава: "Артыкулам 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што абарона Рэспублікі Беларусь з'яўляецца свяшчэнным абавязкам яе грамадзян. Парадак праходжання воінскай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад воінскай службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаецца законам, але механізм рэалізацыі права на альтэрнатыўную службу не распрацаваны. Гэта пытанне вырашаецца на дзяржаўным узроўні. Такім чынам, рэалізацыя Вашага права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу немагчымая..."

Пры гэтым Міхася Мускага падчас адбыцця арышту з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна пад канвоем даставілі ў Нясвіжскі ваенкамат, дзе адбылося экстранае паседжанне прызыўной камісіі. Там Міхась зноў патрабаваў рэалізацыі свайго канстытуцыйнага парва. Аднак камісія насуперак прыняла рашэнне аб прызыве маладафронтаўца на тэрміновую службу ў чыгуначныя войскі, служыць ён павінен у жодзінскай альбо слуцкай вайсковай частцы.

У адпаведнасці з Законам "Аб воінскім абавязку і воінскай службе" рашэнне прызыўной камісіі можна абскардзіць у абласны ваенкамат альбо ў суд. Але на прызыўной камісіі ў парушэнне нормы закона Міхасю адмовіліся выдаць гэтае рашэнне, паабяцаўшы даслаць поштай. Ваенкамат дагэтуль рашэнне прызыўной камісіі не даслаў. Пры гэтым арышт Міхася Мускага сканчаецца ўвечары 11 траўня, а адпраўка ў войска – 15 траўня. Такім чынам актывіст значна абмяжоўваецца ў магчымасці судовага абскарджання.

Адзначым, што свае патрабаванні пра пражоджанне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы Павел Сяргей і Міхась Мускі абгрунтоўваюць, спасылаючыся на Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2000 года (N Р-98/2000) "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь":

“<…> Артыкулам 57 Канстытуцыі прадугледжана, што абарона Рэспублікі Беларусь з'яўляецца абавязкам і святым доўгам яе грамадзяніна. Парадак прахаджэння вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы альбо замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.

Такім чынам, Асноўны Закон не разглядае вайсковую службу ў якасці адзінай і безумоўнай, паколькі дапушчае магчымасць вызвалення ад вайсковай службы альбо замену яе альтэрнатыўнай.

Гэта азначае, што абавязку і святому доўгу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь па абароне Радзімы карэспандуе па існасці ягонае права на выкананне гэтага абавязку і доўгу ў формах, вызначаных Асноўным Законам, у тым ліку і шляхам прахаджэння альтэрнатыўнай службы. <...>

<…>  у дзеючай рэдакцыі Канстытуцыі няма норм, якія дазвалялі бы Парламенту на заканадаўчым узроўні адтэрмінаваць рэалізацыю палажэнняў артыкула 57 Канстытуцыі ў часткі, датычнай выканання вайсковага абавязку шляхам прахаджэння альтэрнатыўнай службы”.

Таксама заяўнікі нагадваюць, што ў адпаведнасці з артыкулам 59 Канстытуцыі дзяржава абавязаная прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, што парушаюць правы і свабоды асобы.

Адказ М.Мускаму з ваенкамата
Адказ М.Мускаму з ваенкамата (працяг)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства