Паўла Сяргея выключаюць з каледжа
Маладэчанскага актывіста Паўла Сяргея выключаюць з навучальнай установы пасля адсідкі на Акрэсціна. Дырэктар каледжа назваў яго злачынцам і сказаў, што такія навучэнцы, якія “па турмах сядзяць як па санаторыях” - там не патрэбныя.
Павел Сяргей вучыцца ў Маладэчанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Хлопец займае актыўную жыццёвую пазіцыю, прымае ўдзел у дзейнасці “Маладога фронту”. Некалькі месяцаў таму, падчас т.зв. “рэвалюцыі апладысментаў”, ён ужо атрымоўваў “суткі”.
У панядзелак Павел вызваліўся з Акрэсціна, дзе адбываў арышт за закідванне яйкамі помніка Леніна ў Мінску 7 лістапада. На наступны дзень хлопец не змог з’явіцца на вучобу, бо захварэў. Да яго дадому прыйшоў майстар навучання, прынёс “абхадны ліст” і перадаў, што хлопца выклікаюць да дырэктара.
Сёння, 16 лістапада, падчас гутаркі з кіраўніком каледжа, Павел даведаўся, што пытанне аб яго выключэнні ўжо вырашана на адмысловай нарадзе. Афіцыйная прычына – за невыкананне ўнутраных правілаў распарадку навучальнай установы. Якія менавіта правілы навучэнец не выконваў – яму незразумела, бо ён не мае акадэмічных запазычанасцяў ці прагулаў, а на дні адсутнасці прадастаўляе адпаведныя дакументы.
Дырэктар каледжа сп. Бардзееў проста паведаміў хлопцу, што яму не патрэбныя “цюрэмшчыкі”.
Зараз Павел кансультуецца з праваабаронцамі і збіраецца аспрэчваць рашэнне аб адлічэнні.