Алесь Бяляцкі прапануе Менгарсуду паставіць пытанне аб прызнанні артыкула 193.1 неканстытуцыйным
Сваю прапанову старшыня ПЦ “Вясна” выклаў у касацыйнай скарзе на рашэнне суда Цэнтральнага раёна, які 20 чэрвеня 2011 года прызнаў вынесенае праваабаронцу афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры законным.
А. Бяляцкі заяўляе ў калегію па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда, што не згодны з такім судовым рашэннем, паколькі лічыць яго незаконным. Праваабаронца просіць вышэйшую судовую інстанцыю адмяніць рашэнне суда Цэнтральнага раёна і ў абгрунтаванне сваёй пазіцыі прыводзіць наступныя падставы:
“Артыкул 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь утрымлівае пералік абмежаванняў свабоды асацыяцыяў. Так, у Рэспубліцы Беларусь забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычнах партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо якія прапагандуюць вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную ці расавую варажнечу. Дадзены пералік з’яўляецца закончаным і не падлягаючым пашыранаму растлумачэнню.
Дапушчальныя абмежаванні свабоды асацыяцыяў утрымліваюцца і ў арт. 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з дадзеным артыкулам Пакта, кожны чалавек мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў.
Карыстанне дадзеным правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і сабодаў іншых асобаў.
У вынесеным мне Генеральнай пракуратурай папярэджанні не ўтрымліваецца спасылкі хаця б на адно з пералічаных вышэй дапушчальных абмежаванняў”.
А. Бяляцкі ўказвае на тое, што ў папярэджанні Генпракуратуры не прыведзена ніводнага аргумента наконт таго, чаму ён не мае права ажыццяўляць праваабрончую дзейнасць ад імя Праваабарончага цэнтру “Вясна” і чым такая дзейнасць наносіць шкоду нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку, правам і свабодам іншых асобаў. Паводле праваабаронцы, у судовым паседжанні прадстаўнік пракуратуры таксама не здолеў указаць хаця б на адно з пералічаных вышэй дапушчальных абмежаванняў свабоды асацыяцыяў.
Атрымліваецца, такім чынам, што ўся “віна”, указаная ў папярэджанні, зводзіцца да таго, што сп. Бяляцкі робіць заявы, каментары і выступы па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця краіны ад імя незарэгістраванага Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
“Суд у сваім рашэнні праігнараваў нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і не зрабіў прававой ацэнкі вынесенага папярэджання з пункту гледжання арт. 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У адпаведнасці з арт. 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і першы Факультатыўны пратакол да яго, добраахвотна ўзяўшы такім чынам абавязацельствы па яго выкананні.
Згодна з арт. 21 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд абавязаны разгледзець справу на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасці з ёй нарматыўных прававых актаў.
Уся мая праваабарончая дзейнасць і дзейнасць Праваабарончага цэнтру “Вясна” ўцэлым ажыццяўляецца выключна ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і палажэннямі Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя аб праваабаронцах), рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1998 г.
У сувязі з гэтым лічу, што папярэджанне аб адказнасці за такую дзейнасць, як і наяўнасць самой такой адказнасці ў выглядзе арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў) супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парушае мае канстытуцыйныя правы.”, - заяўляе праваабаронца.
Старшыня ПЦ “Вясна” просіць калегію па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда паставіць пытанне аб прызанні арт. 193.1 КК РБ неканстытуцыйным. Суд мае такую кампетэнцыю ў адпаведнасці з ч. 3 арт. 21 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса РБ: калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.