Зміцер Салаўёў скардзіцца ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў КДБ падчас ператрусу
Cтаршыня магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў накіраваў у абласную пракуратуру скаргу на дзеянні супрацоўнікаў УКДБ па Магілёўскай вобласці, якія 15 студзеня праводзілі ператрус на кватэры грамадскага актывіста.
Як сказана ў пастанове, ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы па факце несанкцыянаванага мерапрыемства “Плошча-2010” з мэтай выняцця матэрыялаў відэаздымкаў падзеяў “Плошчы-2010”, а таксама іншых прадметаў і дакументаў, якія, магчыма, тычацца арганізацыі і правядзення масавых беспарадкаў.
У сваёй скарзе Зміцер Салаўёў выкладае факты, якія на яго думку сведчаць пра тое, што ператрус праводзіўся з парушэннем заканадаўства. Грамадска-палітычны актывіст сярод іншага просіць пракурора Магілёўскай вобласці правесці праверку працэдуры ператрусу і даць ёй прававую ацэнку, а таксама прыняць меры дысцыплінарнага і адміністратыўнага ўздзеяння ў дачыненні супрацоўнікаў УКДБ, якія дапусцілі нядбалае стаўленне да сваіх абавязкаў і злоўжывалі службовым становішчам.
Як паведамляе заяўнік, з чатырох супрацоўнікаў КДБ, якія праводзілі ператрус, у пратакол уключаны толькі адзін – дазнаўца маёр Ромскі А.А., які толькі складаў пратакол ператрусу і непасрэдна яго не праводзіў. Яшчэ тры супрацоўнікі КДБ, якія фактычна праводзілі ператрус, у пратакол не ўключаны і, адпаведна, не падпісвалі яго – Махуноў Андрэй Алегавіч, Станіслаў (прозвішча не назваў) і яшчэ адзін увогуле не прадставіўся.