У Магілёве ператрус на кватэры ў Зміцера Салаўёва (абноўлена)
Праваабаронца Барыс Бухель паведамляе пра ператрус на кватэры старшыні магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцера Салаўёва.
Мясцовыя супрацоўнікі спецслужбаў прыйшлі з санкцыяй за подпісам мінскага пракурора, каб забраць відэаматэрыялы пра падзеі 19 снежня ў Менску. Яны адмовіліся ад прапановы паклікаць панятых з ліку суседзяў і праваабаронцаў, прыйшлі са сваімі панятымі. Сам Зміцер у гэты час знаходзіўся ў Мінску, у кватэры была яго жонка.
Цягам паўтары гадзіны ператрус у Зміцера Салаўёва праводзілі следчыя КДБ Алег Махуноў і Антон Ромскі. У выніку з кватэры забралі два бел-чырвона-белыя сцягі, сістэмны блок кампутара, фотакамеру і касету з запісам падзеяў на плошчы 19 снежня, флэш-картку. Як паведаміла Радыё Свабода жонка дэмакратычнага актывіста Надзея Салаўёва, копіі пастановы ёй не пакінулі.
Нагадаем, што 12 студзеня Зміцер Салаўёў выклікаўся ў КДБ, дзе яму было вынесена папярэджанне за ўскладанне кветак да памятных знакаў у Магілёве 25 сакавіка і 26 сакавіка мінулага году.