Будаўнік, айцішнікі, мастакі, былыя дырэктар завода і выратавальнік: каго прызналі палітвязнямі на мінулым тыдні
Сёння ў Беларусі налічваецца 1289 палітычных зняволеных. На мінулым тыдні выйшлі дзве заявы па прызнанні палітвязнямі новых людзей — да спісу дадалося яшчэ 28 чалавек. "Вясна" распавядае пра некаторых з іх.
15 чалавек з іх былі абвінавачаныя ўладамі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Гэта людзі, якіх звычайна судзяць за каментары ў бок прадстаўнікоў улады ці Лукашэнкі. Яшчэ тры чалавекі былі абвінавачаныя ў "здрадзе дзяржавы". Апроч таго, дзесяць чалавек былі заключаныя пад варту за ўдзел у мірных сходах у 2020 годзе.
Суджэнцы, якіх судзяць за "здраду дзяржаве"
У Брэсцкім абласным судзе разглядаюць справу мужа і жонкі з Баранавіч — Уладзіслава і Таццяны Кашчэевых. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Абставіны справы праваабаронцам невядомыя.
У Брэсце за "здраду дзяржаве" судзяць мужа і жонку з Баранавіч
Уладзіславу і Таццяне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Вядома, што мужчыне — 49 гадоў, жанчыне — 44. Сям'я жыве ў Баранавічах. У іх двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы. Як паведамілі "Вясне" ў арганізацыі BELPOL, па даных за 2005 год, Таццяна працавала на "558 авіацыйным рамонтным заводзе" тэхнікам па працы. Уладзіслаў — вайсковец. Па звестках за 2019 год, ён працаваў на "61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах" (в/ч 54804).
Былы супрацоўнік Веткаўскага музея
Аляксандр Нікіцін — былы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавод. Яго называлі "легендай Веткаўскага музея", "любімым экскурсаводам". Ён захапляўся краязнаўствам яшчэ з юнацтва, любіў бываць у экспедыцыях і збіраць старадаўнія рэчы. Некаторыя нават выкупляў за ўласныя грошы. Апошні час Аляксандр не працаваў у музеі. Яго забралі ў войска ў канцы 2022 года, а пасля таго, як ён адслужыў, у музей не вяртаўся. У верасні 2024 году яго асудзілі да пазбаўлення волі паводле "народнага " арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Дакладны тэрмін невядомы.
Былы пажарны, які публічна звольніўся ў 2020 годзе
Антон Булах — былы пажарны аварыйна-выратавальнай часткі Кастрычніцкага РАНС (раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях). У 2020 годзе ён публічна звольніўся. Антон нарадзіўся ў 1992 годзе. У 2014 годзе закончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Пасля звальнення працаваў у IT-сектары. Вядома, што Антона затрымалі дзявятага верасня 2024 году. Раней ён вёў інстаграм, у якім распавядаў пра гісторыі на сваёй працы. Яго судзяць за ўдзел у пратэстах паводле "народнага" арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Экс-дырэктар шклозавода "Нёман", якога асудзілі да 12 гадоў калоніі
Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Пасля вызвалення з пасады ён сышоў у кіраўніцтва дзіцяча-юнацкім хакеем Беларусі, а пасля апынуўся ў цені. Потым стала вядома Бацяна судзяць паводле таго ж палітычнага артыкула за "здраду дзяржавы", што і Кашчэевых.
Мужчыну асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Па справе Ігара адбылося 14 пасяджэнняў.
Сям'я мастакоў, якіх судзяць за Маршы
Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі — сям'я мастакоў. Яны ўдзельнікі нацыянальных і міжнародных выстаў. Карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у мастацкім фондзе Рэспублікі Беларусь, у галерэі Webkunsthaus ФРГ, у галерэі Schaer und Wildbolc Швейцарыя, а таксама ў прыватных калекцыях у Англіі, Аўстраліі, Аўстрыі, Даніі, Германіі, Літвы, Галандыі, Францыі, Іспаніі, Ізраіля, Расіі, Швейцарыі, Польшчы, Турцыі, Італіі, Японіі, Украіны, ЗША, Кітая, Чэхіі, Сірыі, Лівана. Іх затрымалі прыкладна ў пачатку кастрычніка 2024 года і праз два тыдні яны так і не выйшлі на волю. Стала вядома, што іх абвінавачваюць паводле арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.
Курсант МУС, асуджаны да 15 гадоў калоніі
Ілля Нарышкін родам са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гродне. Бацька Іллі — украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу. Ён яшчэ ў савецкі час скончыў авіяцыйную вучэльню, але працаваў інжынерам-механікам у розных краінах. З маці хлопца яны вельмі даўно не жывуць разам.
Ілля паступіў у акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў. Цяпер ён мусіў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэта. Вядома, што падчас вучобы ён жыў актыўным жыццём-выступаў у розных конкурсах і нават удзельнічаў у інтэлектуальнай гульні ад тэлеканала "Беларусь-2", якая называецца "Вежа". Апошнія публічныя дадзеныя аб ім датуюцца сакавіком 2023-га.
21-гадовага курсанта МУС асудзілі да 15 гадоў калоніі
Магчыма, 21-гадовы палітвязень хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Па артыкулах, якія яму прад'явілі, у апошні час часцей за ўсё судзілі людзей, якія выказвалі намер паехаць ваяваць на баку Украіны, выказвалі анлайн або афлайн. Некаторыя з гэтых людзей перапісваліся з фэйкавымі ботамі палка Каліноўскага, створанымі спецслужбамі РБ. Яго асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 361-3 (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы, ч. 2 арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса.
Мінчанка, якую асудзілі за каментары ў бок улады
Алену Барысюк судзілі паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Ёй прызначылі два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На аглашэнне прысуду прывялі студэнтаў розных ВНУ. 45-гадовую Алену абвінавацілі ў інтэрнэт-каментарах пра Лукашэнку, сілавікоў і ўдзельнікаў вайны ва Украіне. Алену Барысюк раней ужо судзілі па палітычным артыкуле. Вясною 2023 года ёй прызначылі год і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за каментар пад фотаздымкам міліцыянта з Івацэвічаў Руслана Куцко.
Беларус, які вярнуўся ў краіну на навагоднія святы
Станіслаў Дубоўскі больш за год таму пераехаў у Польшчу і працаваў там. Але напрыканцы снежня 2023 года вырашыў прыехаць у Беларусь, каб правесці святы з сям'ёй. Неўзабаве яго затрымалі. У праўладным пакаяльным відэа Станіслаў расказваў , што «ўдзельнічаў у пратэстах і выходзіў на праезную частку. Падчас аповеду мужчыны бачна, што ў яго падрапаны твар, хаця на відэа, калі сілавікі заходзяць у яго дом, гэтага няма. Яго асудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі.
Айцішніца, якую судзілі за каментары
Анастасія Жыльская родам са Жлобіна. Працавала праграмісткай у мінскім офісе кампаніі Exadel. Гэта вялікая IT-кампанія родам з ЗША, у якой працуе некалькі тысяч чалавек. Яе затрымалі восенню 2024 году. Мяркуючы па абвінавачаннях, яна магла пакідаць каментары ў тэлеграме — прынамсі, у іншых сацсетках яна нічога актыўна не каментавала. Яе асудзілі да пазбаўлення волі, дакладны тэрмін невядомы.
Майстар "Гроднажылбуд", якога асудзілі за каментары
Дзмітрый Голуб — майстра ААТ "Гроднажылбуд". Яго судзілі ў лістападзе 2024 года ў Гродзенскім абласным судзе. Пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома 7 сакавіка 2024 году. Як паведамлялася ў праўладных тг-каналах, мужчына нібы ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і расійскіх вайскоўцаў. За гэта яго асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Архітэктар, які вярнуўся ў Беларусь
Аляксей Сіленка — архітэктар, барабаншчык. У 2012 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, адвучыўся на архітэктара.Як барабаншчык выступаў у мінскай Пясочніцы, на Пешаходцы, удзельнічаў у шматлікіх праектах (ОХ.РА, БУЛЬВАР, Mnsr. Gustav і іншых). Пасля пачатку вайны, калі меркаваць па чатах у тэлеграме, на нейкі час з'язджаў у Грузію. Але, падобна, пасля вярнуўся ў Беларусь. Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Сутнасць абвінавачанняў невядомая.
Каліновец, якога затрымалі ў В'етнаме
Васіль Верамейчык — былы ваяр палка Каліноўскага, якога В'етнам выдаў Беларусі. Паведамлялася, што мужчына апынуўся ў Азіі, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўрасаюз. Мужчына таксама з'яўляўся сябрам Каардынацыйнай рады.
"Палітычны характар абвінавачванняў ужо відавочны"
За "ўдзел у пагромах і спробу падпалу аўтамабіля супрацоўнікаў пракуратуры" ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) Крымінальнага кодэкса.