Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
4 верасня 2024 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
- Афанасій Афанасенкаў асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 Крымінальнага кодэксу да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Уладзімір Дэмбіцкі асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па арт. 368 Крымінальнага кодэксу да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Яўген Вялесік асуджаны за абразу А. Лукашэнкі і паклёп на яго па арт. 368 Крымінальнага кодэксу да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Яўген Блінкоў асуджаны за абразу прадстаўнікоў улады па арт. 369 Крымінальнага кодэксу да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Наталля Сцёпіна асуджана па арт. 367 Крымінальнага кодэксу за паклёп на А. Лукашэнку да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладнавызваліць палітвязняў Афанасія Афанасенкава, Уладзіміра Дэмбіцкага, Яўгена Вялесіка, Яўгена Блінкова, Наталлю Сцёпіну і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва.