viasna on patreon

"Няма нічога горшага, чым захварэць у калоніі", — Дар'я Афанасьева пра меддапамогу ў зняволенні

2024 2024-05-22T12:17:38+0300 2024-05-22T12:17:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/afanaseva_01.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У рамках Тыдня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі "Вясна" падрыхтавала шэраг відэа, на якіх былыя палітвязні дзеляцца сваімі гісторыямі пра няякасную і несвоечасовую медыцынскую дапамогу ў месцах несвабоды. Былая палітзняволеная, фем-актывістка Дар'я Афанасьева распавяла пра працэс выдачы таблетак у калоніі, за якімі трэба адстаяць у велізарнай чарзе нават у мароз, а таксама пра тое, праз што праходзяць у калоніі зняволеныя, што хварэюць на астму.

afanaseva_01.png

"У мяне хранічнае захворванне — бранхіяльная астма. Напрыклад, у атрадзе фарбай пахне, там рамонт адбываецца, і ты прыходзіш да лекара і кажаш: "Я не магу там дыхаць, у мяне прыступы здараюцца, вось гэтыя бронхаспазмы ў мяне. Я не магу цэлымі днямі сядзець з гэтым балонам". Я проста... У мяне нават язык не паварочваецца сказаць услых, што са мной можа адбыцца. І для мяне дзіка, што мне трэба лекару гэта тлумачыць, пра тое, што можа здарыцца, калі я ўвесь час буду знаходзіцца з трыгерам сваёй астмы. Але я вельмі добра запомніла гэтую фразу, што падстаў для таго, каб пакласці вас у санчастку, няма.

І прыходзіць рэжымны супрацоўнік, прыходзіць дзяжурны намеснік начальніка калоніі, і яны ўсё вырашаюць — пакласці мяне ў санчастку ці не пакласці мяне ў санчастку разам з яшчэ адной дзяўчынкай, у якой алергія і якая таксама задыхаецца. І ну, пытанняў няма, я ляжала разам з ёй у санчастцы, але тое, праз што нам давялося прайсці — што я сяджу і даказваю, што мне дрэнна, што я не магу там знаходзіцца, што гэта высвятляецца яшчэ там гадзіны паўтары, ці можна мяне пакласці ў санчастку, — гэта проста жудасна. Проста спрабуеш выратаваць сваё жыццё ўжо на гэты момант.

Наогул, няма нічога горшага, чым захварэць у калоніі. Таму што ў моманце табе баліць жывот, напрыклад, падчас месячных, і ты нічога з гэтым не можаш зрабіць. Гэта значыць, калі цяпер у мяне баліць галава — я проста ўзяла і выпіла таблетку. І гэта настолькі звыкла, што калі цябе гэтага пазбаўляюць, ты проста губляешся. У галаве гэтае пытанне: "Ды як наогул такое магчыма?" Яно увесь час прысутнічае".

"Хочаш ужо не тое, што прылегчы, ты хочаш здохнуць ужо, каб гэта проста скончылася"

"На зоне ёсць такая рэч, якая называецца "выдача". Гэта значыць табе прапісваюць таблеткі: ты прыходзіш да лекара, табе не тлумачаць, якія таблеткі табе прапісваюць, толькі калі ты возьмеш там гэты аркушык прызначэння і спытаеш канкрэтна: "Так, а вось гэта мне ад чаго, а вось гэта для чаго". І тое не факт, што табе адкажуць. І, напрыклад, у цябе тэмпература пад 40. Ты захварэла. Табе прапісваюць таблеткі. Зіма. Вось, як я, напрыклад, захварэла ў студзені. Настолькі, што я не магла падняцца з крэсла. Мне было настолькі дрэнна, што я сяджу ў гэтым крэсле і проста плачу, таму што мне так дрэнна!

І па-добраму б мне выпіць антыбіётык, супрацьвіруснае, гарачкапаніжальнае, што-небудзь яшчэ і легчы. І, магчыма, за два-тры дні я б ужо прыйшла ў норму. Але там гэта так не працуе.

І вось у мяне тэмпература. Крычаць: "выдача". І ты ідзеш па вуліцы зімой, стаяць у чарзе па таблеткі. І гэта добра, калі твой атрад прыйшоў без чаргі. Але гэта проста перамога, такога не бывае. Так не шанцуе! Звычайна перад табой яшчэ адзін ці два атрады, якія таксама п'юць таблеткі. І вось яны п'юць 10 хвілін або 20 — адзін атрад, потым яшчэ 10 хвілін — іншы атрад. І вось ты ўжо стаіш на марозе, на холадзе. Падае снег. У цябе тэмпература. Дрыжыкі. Табе дрэнна. Хочаш ужо не тое, што прылегчы, ты хочаш здохнуць ужо, каб гэта проста скончылася.
І вось нарэшце дабіраешся да гэтай выдачы. Даеш гэты свой аркушык. І кажуць (медработнікі): "О, ну, антыбіётыкаў няма, супрацьвірусных няма, АЦЦ таксама няма. Трымай нейкую жоўтую таблетку".

І ты ж нічога з гэтым не зробіш! Гэта значыць, вось ты паўгадзіны дарма прастаяла на гэтай выдачы. Ты п'еш нейкую незразумелую жоўтую таблетку, у надзеі, што хоць нешта табе дапаможа. Прыходзіш у атрад і, калі ты папрасіла ў лекара, то ў цябе ёсць дзве дадатковыя гадзіны для адпачынку, для сну. Але! У гэты час у цябе можа быць абед ці вячэра, у цябе ў гэты час можа быць праверка, У цябе ў гэты час яшчэ нешта можа быць. І ты проста не вылежыш гэтыя дзве гадзіны. Таму што зноў за таблеткамі, напрыклад, пойдзеш ці нешта яшчэ. Гэта значыць ачуняць вельмі цяжка".

Гісторыі былых палітвязняў:

Былы палітвязень Пятро Марчанка: "Медыцына ў зняволенні — гэта справа заўсёды безнадзейная"

Былы палітзняволены і музыка Пятро Марчанка ўзгадаў, як у СІЗА захварэла адразу ўся камера, але лекара ім так і не выклікалі.

"Я пачаў губляць прытомнасць", — Вадзім Хіжнякоў пра наступствы алергіі на цвіль у турэмнай камеры

Былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў распавёў пра неаказанне яму дапамогі пры алергіі на цвіль у гродзенскай турме № 1, дзе ў ліпені 2023 года памёр мастак Алесь Пушкін, а таксама пра здзек канваіраў са зняволенага з псіхічным разладам падчас этапу ў сталыпінскім вагоне.

"Ты фізічна не можаш хадзіць у такім стане". Вольга Лойка распавяла пра медычную дапамогу ў СІЗА

Галоўная рэдактарка выдання "Plan B." і былая палітзняволеная Вольга Лойка распавяла пра "каранцін" у СІЗА і медычную дапамогу пры праблемах з ныркамі.

"У мяне ў назе знаходзілася страйкбольная куля". Канстанцін Карней пра медычную дапамогу на Акрэсціна

Журналіст "Вот Так" і былы палітвязень Канстанцін Карней распавёў пра медыцыну ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Хварэць у турме — раўназначна смерці". Вольга Рытус пра меддапамогу ў зняволенні

Былая палітзняволеная Вольга Рытус распавяла, з якімі праблемамі сутыкаліся яе сукамерніцы ў СІЗА-1.

"Ён бы мяне залячыў да смерці", — Леў Антанюк пра медычную дапамогу ў калоніі

Былы палітвязень Леў Антанюк распавёў пра стаматалогію ў віцебскай калоніі № 3.

"Ну, на аднаго чалавека ў Беларусі стане менш", — Марыя Бабовіч пра меддапамогу ў жодзінскай турме

Былая палітзняволеная, праваабаронца і актывістка Марыя Бабовіч распавяла пра абследаванні ў жодзінскай турме № 8 і пра неаказанне медычнай дапамогі турэмным лекарам.


Глядзіце відэа ў Tik-Tok "Вясны"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства