Алег Граблеўскі: "Рэпрэсіі зрабілі бачным, наколькі інвалідызуючай з’яўляецца наша пенітэнцыярная сістэма"
Праваабаронца і юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю, а таксама і былы палітзняволены Алег Граблеўскі распавёў "Вясне" пра цяперашні стан людзей з інваліднасцю, навіны гэтай сферы і магчымасці дапамогі, якія Офіс аказвае ў новых умовах эміграцыі.
Які зараз стан з правамі ў людзей з інваліднасцю і якія навіны?
– Я скажу так: навіны толькі ў тым, што мы бачым кожны дзень на прыкладах людзей, як рэпрэсіі зрабілі бачным, наколькі інвалідызуючай з’яўляецца наша пенітэнцыярная сістэма з пункту гледжання медычнага абслугоўвання, дапамогі, умоваў утрымання.
Мой уласны досвед знаходжання ў СІЗА, тыя сведчанні, якія мы атрымліваем з незалежных СМІ аб людзях, якія знаходзяцца ў турмах, якія выйшлі адтуль – гэтая інфармацыя сведчыць аб тым, што нават тыя правілы, якія прапісаныя ў нацыянальным заканадаўстве адносна медычнай дапамогі ад самага пачатку, калі чалавек трапляе ў рукі міліцыянтаў, і да таго моманту, калі ён вызваляецца, не выконваюцца. Больш за тое, яны ўбудаваныя ў сістэму такім чынам, што стан здароўя людзей, якія трапляюць у зняволенне, значна пагаршаецца – і пагаршаецца, на мой погляд, наўмысна... Я, напрыклад, у сваіх лістах пісаў, што мяне тут забіваюць. Бо ўмовы былі такія, што чалавек інвалідалізуецца, у яго абвастраюцца хранічныя хваробы, зʼяўляюцца новыя хваробы, і ніякай дапамогі, накіраванай на тое, каб падтрымліваць чалавечае жыццё, у пенітэнцыярнай сістэме няма.
Гэтая праблема не зʼявілася з пратэстамі ў Беларусі, калі масава пачалі зʼяўляцца людзі з палітычнымі артыкуламі, палітзняволеныя. Гэтая праблема была заўсёды, проста яна стала бачнай, дзякуючы таму, што людзі-грамадскія актывісты патрапілі ў турмы. Праблема была і раней.
Калі я сядзеў у СІЗА і мы назіралі, як у аднаго чалавека пайшлі сутаргі, адзін мужчына сядзеў вельмі спакойна і кажа: "А што тут такога? Я ў дзевяностых гадах сядзеў, у нас па чатыры трупы з камеры даставалі". І вось людзі з такім доўгім турэмным досведам да гэтага ставяцца вельмі спакойна, таму што для іх гэта нейкая звычайная зʼява. Тое, што наша краіна гадамі атрымлівала падтрымку праз ЮНІСЭФ, праз іншыя міжнародныя структуры, падтрымку, накіраваную менавіта на пенітэнцыярную сістэму... Вось для мяне гэта і зараз застаецца пытаннем: ці была нейкая ацэнка эфектыўнасці гэтых праграм? Бо калі я быў на Акрэсціна, там гэтыя карціны вісяць з лагатыпам ЮНІСЭФ – то бок накіроўваліся шалёныя грошы на рэфармаванне гэтай сістэмы, у тым ліку перакананай на медычную, а па выніку, акрамя таго, што трэніравалі спецназ у Германіі, іншых бачных зменаў эфектыўнасці гэтай дапамогі не адбылося. Таму я і кажу, што людзі, якія трапляюць туды, яны інвалідызуюцца.
Раней Офіс ажыццяўляў маніторынг правоў людзей з інваліднасцю і адвакатыўныя кампаніі. Наколькі гэта магчыма зараз?
– На сёння нельга сказаць, што гэта немагчыма ўвогуле – проста змяніліся ўмовы. Гэта немагчыма ў тым маштабе, як раней, калі мы збіралі інфармацыю з адкрытых крыніц, калі, напрыклад, да нас у Офіс прыходзілі людзі па кансультацыі – і можна было выяўляць на падставе кансультацый праблемы, якія зʼяўляюцца, іх абагульняць, рабіць высновы і гэтак далей. Цяпер няма гэтага ўсяго, і больш таго, тыя людзі і тая грамадская супольнасць, якая засталася ў Беларусі – а яна засталася – не мае магчымасці бяспечна камунікаваць з намі (з тымі, хто выехаў). Адпаведна, мы можам атрымліваць толькі тую інфармацыю, што даступная на афіцыйных рэсурсах – гэта што тычыцца заканадаўства. А таксама інфармацыю, якую нам прадстаўляюць грамадскія актывісты – ананімізавана, бо гэта на сённяшні дзень небяспечна. І мы сёння можам рабіць такія маніторынгі, але на ўмовах закрытасці крыніц людзей, якія нам яе прадстаўляюць. Безумоўна, гэта ўплывае на якасць гэтых маніторынгаў і на іх эфектыўнасць, каб змяніць гэтую сістэму.
Эфектыўнасці – я яе на сённяшні дзень і ў сённяшніх умовах не бачу. Наша задача практычная можа быць толькі ў тым, каб выяўляць гэтыя праблемы і рабіць іх бачнымі, як тое адбылося з той жа пенітэнцыярнай сістэмай.
Раней Офіс прымаў удзел у распрацоўцы Закона "Аб інвалідах і іх сацыяльная інтэграцыі". Што цяпер з ім?
– Ён прыняты з такой помпай, што ён улічвае палажэнні Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. І прайшоў ужо час, як уступіў у сілу гэты Закон, і што хацелася б бачыць: наколькі гэта практычна рэалізуецца на сёння? На сёння мы бачым толькі тое, што на якой-небудзь БЕЛТА ці праўладных СМІ, якія асвятляюць падзеі, звязаныя з інваліднасцю, у іх, як заўсёды, усё добра, усе шчаслівы, у нас супер сацыяльная дзяржава. І зрабіць нейкія даследаванні, колькі там маны альбо праўды, гэта немагчыма. А гэта хацелася б зрабіць – такі маніторынг па кожнаму артыкулу Канвенцыі, як мы рабілі раней: ці адпавядае гэта новаму Закону? Ці паўплываў новы Закон да змянення сітуацыі да лепшага? З таго, што я назіраю: не тое, што не змянілася да лепшага, а змянілася ўсё ў горшы бок. Бо зразумела, што дзяржава больш стала бяднейшай, яна фактычна знаходзіцца ў стане акупацыі, і людзі з інваліднасцю ў такой сітуацыі займаюць апошнія радкі ў бюджэце. І адзінае, што зараз дзяржава можа рабіць эфектыўна, гэта рабіць прапаганду. Больш нічога.
Людзі з інваліднасцю заўсёды былі ўразлівай групай. Але пасля 2020 года яны і іх праблемы яшчэ больш адышлі ў цень?
– Людзі з інваліднасцю і раней не былі ў цэнтры ўвагі. Іх праблемы былі бачнымі дзякуючы такім арганізацыям, як наша. І нават у той гісторыі, у тых умовах, асабіста мне было зразумела, што ў той краіне, у якой мы жылі, пасля змены Канстытуцыі ў 1996 годзе, аб правах чалавека ў краіне можна было казаць толькі ўмоўна, бо гэта ўжо была дыктатура, а ў канцлагеры не можа быць правоў чалавека.
Але ўсё ж такі дзякуючы інстытуцыям грамадзянскай супольнасці праблемы людзей з інваліднасцю былі бачныя, была магчымасць працаваць журналістам, звяртацца да іх (мы працавалі даволі шчыльна з імі) і дзякуючы журналістам да нас прыходзілі людзі. На сёння нават гэтая магчымасць знікла.
І цяпер калі чалавек звяртаецца – вось напрыклад у мяне ёсць людзі, якіх я кансультую – я ім кажу: "Ідзіце ў БЕЛОИ (гэта Белорусское общество инвалидов), ідзіце ў СМІ" – але іх там не прымаюць. Кажам: "Ідзіце ў пракуратуру, ідзіце ў міліцыю" – там кажуць: "Мы гэтым не займаемся, пра гэта пісаць не будзем". Таму людзі засталіся сам насам са сваімі праблемамі, і толькі дзякуючы актывістам, што засталіся ў Беларусі, праблемы прыватна вырашаюцца нейкім чынам у плюс ці мінус – але нават гэты поспех немагчыма асвятліць, бо няма дзе.
Пра некаторую сваю дзейнасць па дапамозе людзям з інваліднасцю Алег не можа расказваць, бо мы – "беглыя злачынцы". Таму прыклады прыводзіць цяжка.
– Я адно магу сказаць, што зваротаў вельмі шмат. Нават пры той сітуацыі, у якой мы апынуліся, усё роўна нейкія сувязі засталіся, звароты ёсць. З чым працаваць – ёсць. Але не ў тым маштабе, як раней. І вельмі небяспечна – бо ты калі кансультуеш чалавека, ты ад пачатку думаеш пра тое, ці не нашкодзіць яму гэта. Хаця само па сабе гэта вельмі дзіўна – я нават і не чакаў, што людзі будуць звяртацца, бо людзі з інваліднасцю любілі прыйсці ў жывы Офіс, каб іх выслухалі.
Вось, напрыклад, адзін чалавек з інваліднасцю два месяцы вучыўся карыстацца планшэтам, каб мець магчымасць звязацца са мной. Яно канешне сумна, але так ёсць, і дзякуй богу што ёсць магчымасць дапамагаць і ў гэтых умовах.
Падкрэсліваю: зараз вельмі часта мы сустракаем такую інфармацыю, заявы нашых палітыкаў, грамадскіх актывістаў, што разбурана ў Беларусі грамадзянская супольнасць. Але грамадзянская супольнасць заўсёды была пад кантролем дзяржавы. І людзі ў Беларусі засталіся, людзі працуюць, і казаць што яна разбурана – гэта зневажаць працу тых людзей, якія засталіся. Я б так ніколі не казаў бы.
А пенітэнцыярная сістэма – вядома, гэта тое, што жахліва, бачна, эмацыйна, але яна не настолькі больш жахлівая, чым тая ж сістэма адабрання дзяцей у людзей з інваліднасцю, вызначэнне гэтых груп інваліднасці, забеспячэнне медычнай дапамогі – і па ўсяму спектру артыкулаў Канвенцыі, якія адносяцца шараговых, звычайных людзей. Зараз гэта зрабілася такім нябачным – але яно ёсць, і з гэтым трэба працаваць.
Правы людзей з інваліднасцю ў Беларусі і Офіс, які іх абараняў. Што сталася за мінулы год?
“Вясна” узгадвае, што рабіў Офіс і што здарылася з ім і правамі людзей з інваліднасцю за апошні год.
Першы падкаст “Вясна прыйдзе”: людзі з інваліднасцю