viasna on patreon

У Вільні адбылася імпрэза салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі

2023 2023-09-19T12:51:09+0300 2023-09-19T12:51:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivent_sudalenko_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У нядзелю, 17 верасня, у Вільні адбылася сустрэча салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі "Вясны", якую зладзіла кампанія #FreeViasna. У мерапрыемстве ўзяў удзел былы палітзняволены, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Яму ўручылі праваабарончую прэмію Homo Homini ("Чалавек чалавеку"), якую ён атрымаў 11 траўня 2021 году, калі знаходзіўся за кратамі. 

Падчас імпрэзы можна было больш дазнацца пра кампанію #FreeViasna, паўдзельнічаць у публічнай размове з Леанідам Судаленкам і адправіць паштоўкі салідарнасці палітзняволеным праваабаронцам, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны за сваю мірную законную дзейнасць. Нагадаем, цяпер знаходзяцца ў калоніях пяцёра вясноўцаў: старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк

Імпрэза была зладжаная ў гэты дзень, бо буйная хваля ціску на вясноўцаў пачалася менавіта 17 верасня 2020 года, калі была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова. Роўна праз год, 17 верасня 2021 года, стартавала кампанія салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna. На той момант за кратамі знаходзілася сямёра нашых калег, у тым ліку вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які быў асуджаны да трох гадоў калоніі і выйшаў на волю сёлета ў ліпені.

#FreeViasna. Як абараняць з надзеяй

У другую гадавіну кампаніі #FreeViasna распавядаем пра тое, як яна развівалася, хто ў ёй прымаў удзел, і самае галоўнае — як абараняць з надзеяй.

Падчас мерапрыемства праваабаронца Наталля Сацункевіч перадала Леанідупрэмію Homo Homini. Наталля атрымала прэмію за Леаніда ў 2021 годзе, калі той быў у зняволенні.

Homo Homini (Чалавек чалавеку) — прэмія ў галіне правоў чалавека, заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй "Чалавек у бядзе". Прысуджаецца асобам, якія ўнеслі "значны ўклад у прасоўванне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных метадаў вырашэння грамадска-палітычных канфліктаў". У 2016 годзе прэмію атрымліваў Алесь Бяляцкі: яму яе ўручаў Вацлаў Гавел. 

Як узгадвае Леанід, ён даведаўся пра атрыманне прэміі, калі ў тых умовах, дзе ён знаходзіўся, здавалася, што пра цябе ўсе забыліся і ў цябе толькі чорная паласа ў жыцці.

– У такія моманты, калі пра цябе думаюць, цябе адзначаюць – гэта ўжо белая паласа, — адзначыў ён. — Прыемна, калі пра цябе нехта думае, бо калі аказваешся там, то складаецца такое ўражанне, што ты пакінуты, і нікому не патрэбны, акрамя блізкіх. Калі пра цябе думаюць і адзначаюць тваю працу — гэта цудоўна. Крытычны момант — калі чалавек думае, што нікому не патрэбны. А калі хтосьці за цябе змагаецца на волі, гэта вельмі добра: усе цёмныя справы робяцца, калі пра іх не распавядаюць. Яны адчуваюць, што за чалавекам стаіць грамадства. 

Наталля Сацункевіч адзначыла, што доўга чакала, калі можна будзе нарэшце перадаць узнагароду і выказала спадзеў, што хутка іншыя вясноўцы і палітвязні таксама будуць на волі. Яна ўзгадала пра сваю калегу Марфу Рабкову, якую затрымалі адну з першых якраз 17 верасня тры гады таму. 

  Яна вельмі добры, зычлівы чалавек. Прыязная нам, дапамагала ў прытулку для жывёл. Асабліва яе непакоілі коткі, бяздомныя: яна дапамагала і карміла іх. Да нас нават даходзіла інфармацыя ад яе сукамерніц на Валадарскага, што пад час знаходжання ў ШІЗА яна таксама шукала магчымасці падкарміць катоў. Для яе павага да чалавечай годнасці кожнага чалавека вельмі вялікая. Мне падаецца, што яна праваабаронца ад нараджэння.

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Леанід Судаленка падзякаваў прысутным за падтрымку палітвязняў, распавёў, як для яго прайшоў час у зняволенні. Ён адзначыў, што ў калоніі яму дазволілі выпісаць толькі дзве газеты: абласное выданне "Гомельская правда" і "СБ. Беларусь сегодня", адкуль ён даведаўся пра затрыманне калегаў летам 2021 году. Таксама ён распавёў, што калі прыехаў у калонію, палітычных зняволеных там было сем чалавек, а калі выязджаў — ужо 28.

— У мяне быў дзень народзінаў, калі мяне судзілі, — узгадвае праваабаронца. — Мне споўнілася 53 гады, я стаяў у кайданках і спрабаваў даказаць нешта. Сказаў суддзі, што разумею, што яна дамовілася са сваім сумленнем, але не разумею, як дамовяцца з законам. Ужо пасля я зразумеў, што не да законаў не часам, а заўсёды. Але ж мяне пазбаўлялі толькі волі, але не пазбаўлялі магчымасці захаваць здароўе, не пазбаўлялі права атрымліваць інфармацыю, іншыя абмежаванні не ўстанаўлівалі. Але так атрымалася.  

Таксама Леанід падкрэсліў важнасць падтрымкі палітвязняў:

— Цяпер трэба змагацца за ўсіх палітзняволеных і не забывацца падтрымліваць іх сем'і, каб сям'я не заставалася сам-насам з праблемамі. 50 кілаграм прадуктаў дорага каштуюць, тыя ж сыры і каўбасы трэба браць заўсёды вышэйшых гатункаў, каб не псаваліся, бо халадзільнікаў на ўсіх не хапае. З нізкай якасцю харчавання там, без перадачак немагчыма — фактычна гэта здароўе палітычных вязняў. Лісты таксама вялікая падтрымка.   

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства