viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-09-11T12:27:00+0300 2023-09-20T17:48:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/five_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Наталля Пінчук — на Нобелеўскай канферэнцыі міру-2023

31 жніўня ў Осла адбылася Нобелеўская канферэнцыя міру–2023, якая сёлета адзначае дасягненні праваабаронцаў, вызначае рызыкі, з якімі яны сутыкаюцца, і заклікае да дзеянняў у падтрымку іх працы. На ёй выступілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру (Шырын Эбадзі, Рыгаберта Менчу Тум), маладыя актывісты, а таксама прадстаўнікі трох лаўрэатаў 2022 года — у тым ліку жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. 

pinchuk_osla_nobeleuskaja-kanferencyja.j
Наталля Пінчук на на Нобелеўскай канферэнцыі міру-2023

Наталля распавяла на канферэнцыі пра свайго палітзняволенага мужа Алеся Бяляцкага. Яна адзначыла, што ў 2021 годзе ён ведаў, што яго рана ці позна арыштуюць ізноў, аднак адчуваў сябе маральна абавязаным рабіць усё дзеля вызвалення ўжо ўвязненых калегаў-праваабаронцаў і паказваць прыклад іншым.

"Пасля арышту ўбачыць яго мне дазволілі толькі праз год. Спатканне было праз шкло. Алесь быў вельмі пазітыўны і аптымістычны, але разумеў, што яму пагражае. Не ведаю, калі мы ўбачымся зноў. Але яго маральна не зламаюць, бо ён мае пачуццё місіі. Яно дапамагло Алесю вытрымаць 10 гадоў таму папярэдняе лукашэнкаўскае зняволенне і падтрымлівае ягоны дух цяпер, калі ён у турме перасягнуў 60-гадовы ўзрост. Бо Алесь Бяляцкі з самага юнацтва, з часоў камуністычнай дыктатуры, прысвяціў жыццё барацьбе за фундаментальныя правы чалавека — права быць свабодным, права выбіраць уладу, права быць сабой".

Таксама на Нобелеўскай канферэнцыі міру "Героі ў барацьбе за правы чалавека" 31 жніўня 2023 года прэзентавалі Сланечнікавую дэкларацыю, якая заклікае да абароны праваабаронцаў, што знаходзяцца ў небяспецы. 

Сланечнікавая дэкларацыя — гэта заклік да дзеяння па абароне праваабаронцаў у зоне рызыкі з канкрэтнымі рэкамендацыямі ўрадам, шматбаковым арганізацыям, бізнесам, гарадам і ўніверсітэтам. Яна была падрыхтаваная сумесна з лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру ў 2022 годзе, "Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў", "Мемарыялам" і "Вясной" (ад імя Алеся Бяляцкага) ды іншымі праваабарончымі арганізацыямі. Наталля Пінчук яе падпісала.

У Берліне адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму

Праект распавядае аб жыцці праваабаронцы, яго шматгадовых намаганнях па развіццю і ўмацаванню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, развіццю нацыянальнай культуры і абароне правоў чалавека.

На ўрачыстым адкрыцці выставы 7 верасня была прэзентавана кніга  чакае "Алесь: шлях да пераменаў", а таксама адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі "Bialacki" ад "Маланкі Медыя" з прамовай рэжысёра.

Выстава праходзіць у Інстытуце Пілецкага, Pariser Platz 4a, 10117 Berlin. Даты правядзення выставы: з 7 па 21 верасня. Часы працы Інстытута Пілецкага: аўторак — нядзеля з 10 да 18, панядзелак — выходны. Уваход вольны.

За апошні час не было ніякіх навінаў пра палітзняволеных праваабаронцаў Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча.

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Сябра Еўрапейскай падліковай палаты і былая дэпутатка Літоўскага Сейма Лайма Андрыкене напісала ў сваім twitter-акаунце пра праваабаронцу і былога палітзняволенага Леаніда Судаленку:

"Як прыемна бачыць Леаніда Судаленку на волі!!! Не ведаю, ці атрымліваў ён паштоўкі і лісты, якія я яму дасылаў, калі ён быў у турме, але нашмат важней бачыць яго на волі".

Кампанія #FreeViasna запрашае 17 верасня на імпрэзу салідарнасці ў Вільні

Кампанія салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna 17 верасня 2023 года адзначае сваё двухгоддзе. Таму ў Вільні ў гэты дзень ладзіцца адпаведная імпрэза.

Падчас імпрэзы ў нядзелю, 17 верасня, можна будзе больш дазнацца пра кампанію #FreeViasna, паўдзельнічаць у публічнай размове з Леанідам Судаленкам і адправіць паштоўкі салідарнасці палітзняволеным праваабаронцам, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны за сваю мірную законную дзейнасць.

Запрашаем 17 верасня (нядзеля) а 16-й гадзіне ў Беларускі дом у Вільні: Vilniaus g. 20.

За апошні час не было ніякіх навінаў пра валанцёра Андрэя Чапюка і Марфу Рабкову

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства