Кампанія #FreeViasna запрашае 17 верасня на імпрэзу салідарнасці ў Вільні
Буйная хваля ціску на вясноўцаў пачалася 17 верасня 2020 года, калі была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Роўна праз год, 17 верасня 2021 года, стартавала кампанія салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna.
На той момант за кратамі знаходзілася сямёра вясноўцаў, у тым ліку вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які быў асуджаны да трох гадоў калоніі і выйшаў на волю сёлета ў ліпені.
Падчас імпрэзы ў нядзелю, 17 верасня, можна будзе больш дазнацца пра кампанію #FreeViasna, паўдзельнічаць у публічнай размове з Леанідам Судаленкам і адправіць паштоўкі салідарнасці палітзняволеным праваабаронцам, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны за сваю мірную законную дзейнасць.
Запрашаем 17 верасня (нядзеля) а 16-й гадзіне ў Беларускі дом у Вільні: Vilniaus g. 20.
Нагадаем, цяпер знаходзяцца ў калоніях пяцёра вясноўцаў: старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.