"Хто тады будзе нас бараніць?" Восем гісторый праваабаронцаў пра два дні разгрому "Вясны"
Улады пераследавалі дзейнасць праваабарончага цэнтру "Вясна" цягам шмат гадоў. Вобшукі, затрыманні, пазбаўленне рэгістрацыі – далёка не поўны пералік рэпрэсіўных дзеянняў, якія дзяржава прадпрымала ў дачыненні да сяброў і сябровак арганізацыі. Таму сёння, у Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, мы ўзгадваем два чорныя дні ў гісторыі "Вясны": 16 лютага і 14 ліпеня 2021 году, калі па ўсёй краіне адбыўся адначасовы разгром шэрагу недзяржаўных арганізацый і рэдакцый СМІ. Закранула гэта і вясноўцаў і вясновак – праз іх гісторыі мы паказваем, як гэта было.
16 лютага 2021 году
Аляксей Колчын. Гісторыя пра канфіскаваную магістарскую
«У маю кватэру ў Магілёве прыйшлі ранкам. Я ўжо не спаў, ледзь толькі пачуў крокі на лесвіцы — адразу зразумеў, хто гэта. Пабудзіў дачку і жонку, праз 5-7 хвілін грукату адчыніў дзверы, пачаўся вобшук. Падчас яго мы з сям'ёй перакідваліся словамі, дачцэ дазволілі знаходзіцца ў асобным пакоі, ёй нават пакінулі тэлефон. Але нягледзячы на ветлівасць супрацоўнікаў, падчас гэтых дзеянняў было адчуванне нейкай гідлівасці, якое цягнулася і пасля вобшуку: мы доўга не маглі прымусіць сябе ўзяцца за прыборку. Людзі ходзяць па тваёй кватэры і ў пальчатках калупаюцца ў рэчах, разглядаюць бялізну.
Падчас вобшуку жонку нават адпусцілі на працу, а пасля яго мяне павезлі на ператрус у офіс. Прапанавалі паехаць нават на сваёй машыне, але я адмовіўся. Там усё праходзіла крыху ў большым беспарадку: як бралі нейкія паперкі, то кідалі іх на падлогу. Забралі з сабой дакументы, занатоўнікі і чамусьці маю старую магістарскую працу пра ролю грамадзянскай супольнасці ў дэмакратычных зменах.
Агулам у мяне атрымлівалася быць спакойным, ды і вялікіх спрэчак не ўзнікала. Толькі аднойчы адзін з самых непрыемных магілёўскіх губазікаўцаў пачаў адпускаць цынічныя заўвагі наконт Марфы Рабковай – плакаты з ёй віселі ў нас на офісе. Маўляў, абараняем правааабронцу-анархістку. На гэта я адказваў, маўляў, змагаюцца з дзяўчынай і ганарацца гэтым. Потым падчас допыту ў ГУБАЗіК чуў, як супрацоўнікі хадзілі па калідорах і цытавалі навіны, відавочна перакрыўліваючы беларускую мову: «Ператрусы, ператрусы!» Пасля шостай вечара мяне адпусцілі: я адчуў спустошанасць, нібыта цябе выціснулі, як тую анучу. Памятаю, радаваўся проста таму факту, што еду дахаты на тралейбусе».
Наталля Сацункевіч. Гісторыя пра маці
«Я была ў адпачынку, калі ў лютым прайшлі ператрусы ў гомельскай філіі. На ўсялякі выпадак, каб праца Грамадскай прыёмнай не спынілася, я вырашыла пэўны час не вяртацца ў Беларусь. Таму калі да мяне прыйшлі, дома была толькі мама. Пару гадзін яна сядзела ціхенька, але потым яе заўважылі на гаўбцы і прыйшлося адчыніць дзверы. Хутчэй за ўсё, яны ведалі, што мяне няма дома, але былі настойлівыя, а потым раззлаваліся, што іх так доўга ігнаравалі. Памятаю, увесь гэты час я ў Вільні хадзіла па кватэры і не магла супакоіцца: мне заставалася проста сядзець і чакаць. Але ж я ведала, што не займаюся нічым злачынным, а мама не мае дачынення да ніякай маёй дзейнасці.
Падаецца, для яе гэты выпадак шмат што патлумачыў. Адная справа – чытаць, як усё несправядліва, і зусім іншая – калі да цябе прыходзяць і забіраюць рэчы. Маёй тэхнікі на той момант у кватэры ўжо не было, таму яны вынялі маміну – хаця было бачна, што гэта яе рэчы, камп’ютар з тэлефонам былі нават незапароленыя. Мы ўсё жартуем, што больш за ўсё шкада, што мама згубіла ўзровень у гульні на тэлефоне, да якога яна дайшла. Вядома, для яе гэта быў стрэс. Гадзіны дзве яна правяла з супрацоўнікамі: спачатку яны прыйшлі ў балаклавах, потым праз гарачыню знялі іх. У іх ірваліся пальчаткі, яны прасілі скотч, каб запакаваць вынятае, пагражалі маці, што пойдуць да старэнькай бабулі, якая жыве непадалёк, калі яна не будзе адказваць на пытанні. Калі ўсё закончылася і я зразумела, што матулю нікуды не павезлі, стала спакайней. Я пастаралася як мага хутчэй нармалізаваць яе жыццё: напрыклад, купіць такую ж мадэль тэлефона. І я, і маці спакойна паставіліся да сітуацыі, але яна яшчэ доўга пужалася званкоў у дзверы. Ды і пачуццё агіды, што хтосьці корпаецца ў тваіх рэчах, доўга не знікала».
Алена Маслюкова. Гісторыя пра неадпраўленыя лісты палітвязням
«У тую раніцу я вельмі рана прачнулася ў халодным поце ў светлагорскай кватэры, бо сніла сон, што мяне прыйшлі арыштоўваць. Я доўга круцілася ды так болей і не заснула. Таму калі ўбачыла паведамленне ад Ларысы Шчыраковай, што па яе прыйшлі, зразумела, да чаго рыхтавацца. Зраніцы хацела адправіць лісты палітвязням, выбегла з пад'езду і накіравалася на прыпынак, каб у паштовую скрыню закінуць лісты, але на дварэ пачула ў спіну: “Елена Александровна, пройдемте с нами!” і хуткія крокі кагосьці. Спынілася. Нейкі чалавек у цывільным паказаў мне пасведчанне, у якім я не паспела нічога прачытаць. Ён жа і забраў у мяне з рукі чатыры капэрты. Я прасіла іх прыпыніцца ля паштовай скрыні, каб усё ж такі адправіць лісты, але мяне адвезлі адразу ў РАУС, а потым на вобшук. Панятымі ўзялі дзвюх дворнічых, якія былі незадаволеныя, што іх адрываюць ад працы: яны так злосна на мяне глядзелі, нібыта я ў гэтым вінаватая. Тады ў мяне ў кватэры быў рамонт, сцены стаялі абадраныя. Супрацоўнікі ўбачылі гэта і пытаюць: “І што, на гэтай белай сцяне БЧБ намалюеце?” Прыехалі супрацоўнікі газавай службы, але мне нават не дазволілі ім адчыніць. Падчас вобшуку людзі паводзілі сябе карэктна, але калі пабачылі ў візітоўніцы мужа кантакты заснавальніка ГУБАЗіКа, ажно змяніліся ў тварах. А я нават і сама не ведала, што яна ў нас ляжыць.
На наступны дзень Алесь Бяляцкі сказаў мне: “Пэўна, табе трэба з’ездзіць адпачнуць на пару-тройку месяцаў”, а муж купіў квіткі і адвёз у аэрапорт. Калі б не гэтыя два мужчыны, я б яшчэ доўга вагалася, ці варта з’язджаць. У аэрапорце быў для мяне нашмат больш моцны стрэс, чым пры ператрусах: мяне затрымалі на пашпартным кантролі на дадатковы дагляд. Мытніцы спачувальна глядзелі на мяне і казалі: “Вы не паляціце гэтым рэйсам, бо мы не паспеем зрабіць усё, што напісана ў паперцы”. Мяне абмацалі з ног да галавы, я нават вынула сцелькі з абутку, а на лятак я трапіла ў апошнюю хвіліну: супрацоўнік аддаў мой пашпарт толькі пасля званка некуды: доўга вярцеў яго ў руках перад маім тварам і толькі потым працягнуў яго дзяўчыне на кантролі. Калі я села ў лятак, па выразах твару суседзяў зразумела, што ў мяне па твары цякуць слёзы. Дагэтуль я адчуваю сябе не па сабе ў аэрапортах і не ведаю, як бы паводзіла сябе ў менскім».
Павел Сапелка. Гісторыя пра дачку
«Нас разбудзіў гучны грукат і званкі ў дзверы. Жонка спужалася, што спужаецца дачка, і хутка адчыніла дзверы. У той жа момант кватэра запоўнілася рознымі людзьмі – у тым ліку, спецназаўцамі ў абмундзіраванні з аўтаматамі. Пакуль яны ўрываліся і паказвалі несапраўдныя пасведчанні, прачнуўся дзіцёнак. Мы папрасілі даць магчымасць сыйсці ім з жонкай да суседзяў, але не дазволілі: тады ёй не было яшчэ і шасці гадоў, яна проста сядзела, абняўшыся з маці, і ціхенька назірала з усім. Я прыблізна разумеў правілы гульні і стараўся нават не правакаваць супрацоўнікаў спробамі размоваў з сям'ёй.
Вобшук праводзілі ва ўсіх пакоях, выцягвалі ўсе грошы ў валюце, якія знаходзілі. Корпаліся нават у рэчах і дакументах жонкі, хаця яна папярэджвала, што на іх распаўсюджваецца адвакацкая таямніца. Мае кніжкі па гісторыі юрыспрудэнцыі і адвакатуры іх не зацікавілі. Калі дайшло да тэхнікі, кіраўнік групы спачатку ветліва папрасіў падзяліцца паролем, а калі я адмовіўся, будзёна сказаў, што ў такім выпадку будзем здабываць яго ў ГУБАЗіКу, уводзячы «сываратку праўды». Усё, што яны знаходзілі, фоткалі. Праз ператрусы мяняецца стаўленне да месца: знікае каштоўнасць асабістага, перастае дзейнічаць правіла «мой дом – мая крэпасць». Праз дзень я пабачыў частку гэтых здымкаў на дзяржаўным тэлебачанні з навінамі пра вобшукі у «так званых праваабаронцаў». Гэта стала вырашальным довадам на карысць ад'езду з краіны: я зразумеў, што гэта было папярэджанне. І сапраўды: пасля гэтага ўжо было 14 ліпеня».
14 ліпеня 2021 году
Андрэй Палуда. Гісторыя пра два вобшукі
«2021 год быў насычаны на падзеі: былі допыты па крымінальным справам, асабістыя паглыбленыя дагляды на мяжы, некалькі ператрусаў. Падчас ператрусаў у кватэры ў лютым і ліпені абодва разы я не адразу адчыніў дзверы, абодва разы перад вобшукам яны адключалі электрычнасць у кватэры. Абодва разы я і мая сям’я прачыналіся ад грукату ў дзверы. Але ліпеньскі ператрус адрозніваўся ад лютаўскага. У лютым ГУБАЗ выламваў дзверы, прывалок адмысловае абсталяванне і лупіў ім у дзверы. Грукат быў такі, што я думаў, зараз сцены складуцца. Калі я зразумеў, што хутка дзверы выламаюць, – адчыніў. Яны забегі ў кватэру, паклалі на падлогу, адзін з супрацоўнікаў стаў нагамі мне на ногі. Падчас ператрусу я ўвесь час быў у кайданках. У ліпені прыйшоў ДФР і не ўжываў сілу перад і падчас ператрусу. Кайданкі на мяне апранулі, толькі калі затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.
14 ліпеня быў доўгі дзень. Ператрус спачатку дома, а потым – на пляцоўцы “Тэрыторыі правоў”. Там было столькі літаратуры, плакатаў, налепак, абсталявання, што пасля некалькіх гадзін вобшуку яны зразуелі, што не адолеюць усё вывезці да канца працоўнага дня і проста апячаталі памяшканне. Падчас допыту ў ДФР я не размаўляў з імі, а на ўсе пагрозы затрыманнем, калі я буду маўчаць, адказаў ім: “Давайце скажам шчыра: гэта не вы прымаеце рашэнне, ці затрымліваць мяне”. Я ведаў, што адбываецца з астатнімі: адзін з панятых падчас ператрусу паказаў мне тэлефон з загалоўкамі кшталту “Масавыя аблавы на грамадскі сектар, журналістаў” — за гэта супрацоўнікі, якія праводзілі вобшук, на яго накрычалі.
Мяне завезлі у Следчы камітэт, потым на Акрэсціна, дзе я правёў тры дні. Але нават пасля ўсіх гэтых прыгодаў я не думаў з’язджаць. Мне падавалася вельмі важным заставацца ў краіне. Пра гэта часта казаў Алесь (Бяляцкі), да таго ж думаецца – магчыма, нерацыянальна – што калі цябе адпусцілі, ты ўжо непатрэбны, і цябе не будуць больш чапаць. Тым больш калі Алесь сядзеў у першы раз, я шмат дапамагаў яму з перадачамі: гэтым разам у галаве круцілася, што я таксама мушу гэта рабіць. Але фактычна адразу мяне сталі “шчаміць” з усіх бакоў выклікаць у розныя інстанцыі (Следчы камітэт па крымінальнай справе, мясцовы РАУС па адміністрацыйнай справе, Міністэрства юстыцы і падаткавая па пытаннях ліквідацыі “Тэррыторыі правоў”). І тады я зразумеў, што калі заеду на 15 сутак, наўрад ці выйду. Тады і было прынята рашэнне з’язжаць, я быў эвакуяваны ва Украіну, дзе застаў паўнамасштабнае ваеннае ўторгненне Расіі на тэрыторыю Украіны. Нягледзячы на ўсе жахі падзей, я цягам больш як шасці месяцаў заставаўся ва Украіне, каб дапамагаць украінскім праваабаронцам у рэалізацыі гамунітарных ініцыятыў і ўдзелу у міжнародных місіях па дакументаванні вайсковых злачынстваў».
Сяржук Сыс. Гісторыя пра паперку з паролем
«У тым ліпені я кожны дзень ездзіў на Цнянскае водасховішча а шостай раніцы. Купаўся і вяртаўся працаваць. Але 14 ліпеня застаўся дома — як адчуваў. Да нас прыйшлі першымі: недзе ў 6.20 проста ціхенька зайшлі ў спальню, бо мы забылі зачыніць на ноч дзверы. Жонка нічога не зразумела, папрасіла апрануцца – яны пакінулі ў пакоі аднаго супрацоўніка, які адвярнуўся да сценкі ў гэты час. Ні на хвіліну не пакідалі адных: я іду па ваду ў лядоўню – яны за мной. Я іду паліць на гаўбец – і яны туды ж. Але то быў ДФР, таму ўсё было даволі ветліва.
Яны выключылі ноўтбук і паставілі на яго пячаткі. Ужо потым следчы пытаўся пароль ад яго, я сказаў, што не ведаю, бо праз вялікую колькасць журналісцкай працы ён у мяне заўсёды ўключаны, а супрацоўнікі прыйшлі і выключылі. Цікава, але калі пасля вобшку сказалі збірацца, я ў думках пачаў чапляцца за бытавыя планы: вось спёка, вось нешта трэба нешта паліваць на лецішчы. Адзін з самых складаных момантаў. Увесь допыт я маўчаў, але не вытрымаў і папрасіў пакурыць: тады я даведаўся ад маладога супрацоўніка, якога да мяне прыставілі, што мяне затрымалі не аднаго. Ён сказаў: “Усіх вас забралі”. І спачатку да мяне прыйшла палёгка: не так страшна, калі ўсіх. Але потым прыйшла думка: “Калі ўсіх, хто ж нам дапаможа? Хто тады будзе нас бараніць?” Паміж допытамі бачыў супрацоўнікаў, якія гарталі навіны. Убачыўшы навіны пра маё затрыманне, сказалі: “Вы так хутка працуеце!” Мяне ажно гонар узяў.
Потым было Акрэсціна. Нягледзячы на шэраг затрыманняў раней, туды я трапіў упершыню. Да мяне падсадзілі нейкіх добра збітых мужчынаў, якія ўсё скардзіліся, што ім няма пакою праз гэтых “бело-красно-белых”. Таму я шчыра прызнаўся, што ў мяне эканамічны артыкул, бо ўжо тады ведаў, што яго мне і прад’явілі. Потым іх адсадзілі, я застаўся адзін – і гэты вакум было пераносіць вельмі цяжка. Нарэшце адвялі на допыт – там следчы сказаў, што выбраў мяне, бо я ягоны зямляк. Пасля дня допыту мяне адпусцілі шукаць паперку з паролем ад ноўта, якой не было, са мной паехала цэлая каманда. Нічога не знайшоўшы, яны з’ехалі і сказалі, каб прынёс яе раніцай. Раніцай я з’ехаў і больш дадому не вярнуўся».
Любоў Ланіна. Гісторыя пра пашпарт, які ўзялі ў палон сілавікі
«Каля 7-8 раніцы, мяне разбудзіла суседка па кватэры, якая ўбачыла навіны пра вобшукі. Я моцна хвалявалася, адна з каляжанак падала СОС-сігнал, і я зразумела, што магу быць наступнай. Так і здарылася. Калі мая суседка сыйшла на працу, я атрымала ад яе наступны СОС-сігнал. Я выйшла ў калідор – і там стаялі толькі яе тапачкі. Я апранула іх, забрала ўсю тэхніку, нататнік, грошы і за 30 секунд схавалася па-за межамі кватэры. Потым я даведалася, што супрацоўнікі ДФР прынялі сяброўку за мяне і адвялі ў кватэру на вобшук. Тады ў мяне была шчанючка, якая не магла заставацца адна. І калі я хавалася, то пастаянна чула, як яна гаўкае, а потым – сціхла. Тады я зразумела, што ў кватэру нехта зайшоў. Роксі не рычала – значыць, зайшоў нехта знаёмы. Мне пашчасціла і я хутка сыйшла незаўважнай і з таго месца, дзе хавалася, але толькі ўвечары я зразумела, што забыла пашпарт. Я спадзявалася, што ён ляжыць недзе ў кватэры, але сябры правялі вобшук яшчэ больш пільна, чым ДФР, і не знайшлі яго. Тады я зразумела, што яны яго забралі. Потым я шмат вінаваціла сябе, што не прыхапіла яго, але ж выходзячы з кватэры, я не збіралася з’язджаць з Беларусі. Але туды я больш не вярнулася, а пашпарт да мяне вярнуўся літаральна пару месяцаў таму».
Алена Лапцёнак. Гісторыя пра допыт на Дзень народзінаў
«У тую раніцу першыя хвіліны спрасонку было цяжка сканцэнтравацца. Пачуўшы моцны грукат у дзверы, я хутка апранулася, заслала ложак, пабегла будзіць дзяцей, каб уставалі. Сын, напэўна, позна сядзеў за кампутарам і таму з цяжкасцю разумеў, што адбываецца. “Навошта? – пытаецца. “Як навошта, ты іх у майтках сустракаць збіраешся? Хавайце тэлефоны!” Потым мне патэлефанавалі з незнаёмага нумару і папрасілі адчыніць. Калі я пачула звонку “Чатыры, пяць, шэсць..”, зразумела, што пасля дзесяці дзверы пачнуць выбіваць і адчыніла. Вобшук праводзілі карэктна, кіраўнік групы толькі на самым пачатку размаўляў са мной падвышаным тонам, каб даць зразумець, хто тут гаспадар становішча. Казалі, каб дзеці зрабілі сабе і мне гарбату, пакуль пісалі пратакол, але было не да гарбаты, хоць вобшук цягнуўся недзе гадзіны чатыры. Панятым спадабаўся мой малады і кампанейскі кот, той хадзіў за ўсімі, “размаўляў”, паўсюль лез і скакаў на стол, калі пісалі пратакол. Калі селі ў машыну ехаць у ДФР, супрацоўнікі казалі, маўляў, мы ж вось з вамі па-добраму, а вы пасля жахі будзеце распавядаць, што вас застрашвалі, ганьбілі і г.д.
Апынуўшыся ў ДФР, я паўдні чакала далейшага лёсу, бо казалі, што ўсе следчыя занятыя. Калі выводзілі ў прыбіральню, здалёк у калідоры бачыла Ўладзя, ён быў вельмі разгублены, Валіка і Андрэя бачыла ў кабінетах, бо дзверы былі адчыненыя. Напрыканцы дня мяне адвезлі на Акрэсціна. Пачыналася навальніца, усё неба было зацягнута, вельмі не хацелася трапіць пад лівень, бо сухіх жа рэчаў няма, таму я, выскачыўшы з машыны, панеслася да дзвярэй ІЧУ. “Ніколі не бачыў, каб затрыманы так бег у ізалятар,” – весяліліся мае суправаджаючыя.
Допыт адбыўся акурат ў дзень народзінаў. Зранку на сняданак прынеслі кашу з хлебам і гарбату. Думаю, вось мой пачастунак, слёзы ліліся самі сабой, ком падступаў к горлу, я нават глынуць не магла. Сядзела над талеркай і тупа разглядала яе змесціва. “Ну што ты, усё будзе добра, ешь, ешь, нармальная каша,” – супакойвала мяне сукамерніца. Якая, к чорту, каша! Не было шкадавання самой сябе, я чакала горшай псіхалагічнай рэакцыі, а тут поўны ступар і не разуменне сутнасці саміх прэтэнзій. Выйшла на волю я праз тры дні і ўвесь час разважала, што рабіць далей. На другі дзень пасля выхаду з ІЧУ мяне вырашыла наведаць сяброўка, але забылася нумар кватэры і стала грукаць у вакно. Мяне проста калаціла ў той момант, і мы сядзелі разам плакалі і смяяліся. Рашэнне з’ехаць было пакутлівым, і цяпер рэпрэсіі ў Беларусі моцна ўплываюць на псіхалагічны стан. “Сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць”. А як іначай — туды імкнецца душа, каб толькі была Воля».