Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2023
Высновы:
- адмаўленне правоў чалавека, задушэнне свабод і шырокамаштабныя рэпрэсіі па-ранейшаму характэрны для ўнутранай палітыкі ўладаў Беларусі;
- на канец красавіка 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 495 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 62 чалавекі; агулам "Вясне" вядома пра больш за 3200 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў;
- у Мінскім гарадскім судзе разгледжана ў апеляцыйным парадку крымінальная справа сябраў ПЦ "Вясна": старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыста, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і сябра ПЦ "Вясна" Дзмітрыя Салаўёва; прысуд пакінуты практычна без зменаў;
- каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
- праваабаронца Наста Лойка знаходзіцца ў СІЗА пад вартай паводле адвольных палітычна матываваных абвінавачванняў;
- працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у красавіку 2023 года "Вясне" стала вядома пра 342 выпадкі затрымання, 316 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 70 адміністрацыйных арыштаў, 32 штрафы. Чвэрць затрыманых — жанчыны;
- праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбывання крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання паводле палітычна матываваных судовых рашэнняў;
- працягваецца пераслед грамадзян за антываенныя выступы і падтрымку Украіны, супраць расійскай ваеннай агрэсіі.
Палітычна матываваны пераслед і палітычныя зняволеныя
Крымінальны пераслед застаецца самай распаўсюджанай формай палітычна матываваных рэпрэсій. На 30 красавіка 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 495 палітычных вязняў. За красавік палітычнымі зняволенымі былі прызнаны 62 чалавекі.
У красавіку палітычнымі зняволенымі прызнаны 28 чалавек (заява ад 5 красавіка і ад 21 красавіка), абвінавачаных паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у абразе службовых асоб, паклёпе на іх, знявазе дзяржаўнай сімволікі і г. д. У гэтую групу палітычных зняволеных уключаны Дзмітрый Анчукоў, асуджаны да пазбаўлення волі за "апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці".
У спіс палітычных зняволеных дадалі 15 чалавек, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса). На думку абвінавачвання, сацыяльная варожасць была накіравана супраць інстытутаў улады і дзяржаўных службоўцаў. Дзеля ўзмоцненай абароны прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. іх вылучаюць у адмысловую сацыяльную групу, што праваабарончай супольнасцю лічыцца неабгрунтаваным і недарэчным. Таксама асуджаныя пазбаўлены волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі, што парушае прынцыпы правасуддзя. У судоў укаранілася практыка разглядаць справы паводле артыкулу 130 КК у закрытым пасяджэнні, што груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і пазбаўляе магчымасці высветліць праўдзівасць доказаў абвінавачвання.
Палітычнымі зняволенымі былі прызнаны дзевяць чалавек з ліку абвінавачаных у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (частка 1 артыкула 342 КК) за ўдзел у пратэсных вулічных акцыях 2020 года. Агулам паводле такіх абвінавачванняў цяпер знаходзяцца ў зняволенні 494 чалавекі.
Іншае абвінавачванне, якое ўлады Беларусі часта выстаўляюць ўдзельнікам вулічных пратэстаў 2020 года, — ужыванне ці пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў (артыкулы 363, 364, 366 КК). У красавіку трое чалавек, якія сутыкнуліся з такімі абвінавачваннямі, былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. У гэтых выпадках неістотнае нанясенне шкоды, якое было справакавана першапачатковым непрапарцыйным выкарыстаннем міліцыяй фізічнай сілы і спецсродкаў, несупастаўна з празмерна строгімі прысудамі, значна больш жорсткімі за прысуды, вынесеныя паводле такіх жа катэгорый спраў па-за палітычным кантэкстам. Таксама сюды ўваходзяць выпадкі пагроз ужывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, звычайна такія выказванні з'яўляюцца эмацыйнай рэакцыяй на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і свядома не з'яўляюцца рэальна выканальнымі.
Працягваецца практыка вынясення судовых рашэнняў, прынятых з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачаных. Адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб'ектыўнага судовага разгляду паводле палітычна матываваных крымінальных спраў робіць працэс адвольным, а суддзі прызначаюць больш цяжкае пакаранне ў параўнанні з аналагічнымі справамі па-за палітычным кантэкстам. У сувязі з парушэннем права на справядлівы судовы разгляд праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызваліць яшчэ шэсць палітычных зняволеных.
Палітычным зняволеным быў прызнаны журналіст, галоўны рэдактар выдання "Рэгіянальная газета" Аляксандр Манцэвіч, які быў затрыманы паводле абвінавачвання ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369-1 КК) за апублікаваныя медыярэсурсам матэрыялы.
Праваахоўныя органы працягваюць негуманную практыку запісу і публікацыі ў праўладных медыярэсурсах "пакаяльных" відэа з затрыманымі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.
Палітычныя зняволеныя працягваюць сутыкацца з рознымі формамі ціску ў месцах няволі і адбываючы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Найболей распаўсюджанай формай ціску паводле палітычных матываў у месцах няволі з'яўляецца блакаванне ліставання — з жорсткай, нічым не вытлумачальнай цэнзурай і неатрыманнем лістоў сутыкаецца большасць асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў.
У сукупнасці з забаронай на тэлефонныя размовы і наведванне адвакатамі, часта — адзіночным утрыманнем, гэтыя абмежаванні робяцца формай забароненага жорсткага абыходжання. У прыватнасці, на працягу працяглага тэрміну няма звестак пра палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча.
Яшчэ адной распаўсюджанай формай ціску застаецца змяшчэнне ў штрафны ізалятар. Напрыклад, у пачатку красавіка стала вядома, што Ігар Лосік у другі раз змешчаны ў ШІЗА. Знаходзячыся папярэдні раз у ШІЗА, ён парэзаў сабе рукі і шыю, імаверна, пратэстуючы супраць ціску і ўмоваў утрымання. Заканамерным вынікам ціску ў выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар некалькі разоў запар для некаторых палітычных зняволеных робіцца замена рэжыму адбывання пакарання пазбаўлення волі на турэмны рэжым. У красавіку праваабаронцам стала вядома прынамсі пра два такія выпадкі — рэжым замянілі Яўгену Рубашку і Уладзіміру Гароху. Таксама палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з выстаўленнем ім крымінальных абвінавачванняў у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што таксама ў большасці выпадкаў з'яўляецца выключна спосабам ціску.
"Вясне" становіцца вядома пра прад'яўленне палітычным зняволеным новых палітычна матываваных абвінавачванняў, не злучаных з правіламі адбывання пазбаўлення волі. Напрыклад, Андрэю Сцепанькову, асуджанаму за абразы службовых асоб, выставілі новыя абвінавачванні паводле яшчэ дзевяці дыфамацыйных артыкулаў.
У канцы студзеня ў Ленінскім судзе Гродна пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста, палітзняволенага Уладзіміра Гундара. Яго абвінавацілі ў абразе супрацоўніцы пракуратуры Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па "справе Аўтуховіча": па выніках яе разгляду Гундар быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Алена Пятрова 17 красавіка прызнала палітвязня вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і прызначыла яму яшчэ два з паловай гады пазбаўлення волі — менавіта столькі і прасіла дзяржаўнае абвінавачванне. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Варта нагадаць, што пасяджэнне па "справе Аўтуховіча" суправаджалася істотнымі парушэннямі правоў абвінавачаных, правакацыйным жорсткім абыходжаннем у дачыненні да абвінавачаных на вачах у суда і абвінавачвання.
Улады па-ранейшаму адвольна падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі палітвязням паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі месцаў зняволення":
У судзе Рэчыцкага раёна 7 красавіка абвешчаны чарговы прысуд палітзняволенай Вікторыі Кульшы паводле ч. 1 арт. 411 КК. Суддзя Станіслаў Іванюценка прызначыў жанчыне яшчэ год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. Раней Вікторыю ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных спраў, у тым ліку за непадпарадкаванне адміністрацыі гомельскай калоніі. За паўгода ў рэчыцкай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў.
10 красавіка блогера Уладзіміра Цыгановіча асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суддзя Таццяна Касцюк прызначыла палітвязню яшчэ адзін год у дадатак да 15 гадоў зняволення. У снежні 2021 года Уладзіміра асудзілі па "справе Ціханоўскага", а пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым.
У Чыгуначным раёне Гомеля 28 красавіка агучылі прысуд па трэцяй крымінальнай справе супраць Алены Гнаук — паводле ч. 1 арт. 411 КК: адзін год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Канчатковы тэрмін пакарання складае 2 гады і 11 месяцаў зняволення. Алена Гнаук — пружанская актывістка, якую з 2020 года мэтанакіравана пераследвалі: затрымоўвалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў 17 разоў, штрафавалі сумарна на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі паводле арт. 342 КК па "справе карагодаў", а таксама паводле арт. 367 КК (Паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за допісы ў сацыяльных сетках.
Яркім выпадкам адвольнага абмежавання права палітычных зняволеных вызнаваць рэлігію ці перакананні стала забарона наведвання царквы для палітзняволеных у жаночай Папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.
Стала вядома таксама пра складанасці для палітычных зняволеных у гомельскім СІЗА-3 трапіць на спатканні з блізкімі сваякамі: паведамляюць, што сем'і вымушаны начаваць пад сценамі ізалятара, каб дачакацца сваёй чаргі.
Шасцёра сябраў "Вясны" застаюцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць. 21 красавіка адбыўся апеляцыйны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага. Разгляд справы быў адкрытым, аднак саміх абвінавачаных у суд не даставілі, што пазбавіла іх магчымасці ў поўнай ступені абараняць свае правы. Апеляцыйныя скаргі абвінавачаных і іх адвакатаў не былі задаволены.
Telegram-канал палітычнага і грамадскага дзеяча, прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года, палітычнага зняволенага Віктара Бабарыкі 27 красавіка паведаміў пра яго шпіталізацыю з Папраўчай калоніі № 1, дзе раней узімку ён працяглы час знаходзіўся ў ШІЗА.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў
Пасля задушэння ўладамі масавых вулічных пратэстаў у 2020-2021 гадах большасць абвінавачванняў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах датычаць розных індывідуальных формаў выказвання меркавання, такіх як вывешванне сцяга на акно ці публікацыі ў сацыяльных сетках, што ўлады адвольна расцэньваюць як пікетаванне.
"Віцебскай Вясне" стала вядома пра правядзенне публічнага царкоўнага набажэнства ў памяць пра трагедыю на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якое ініцыявалі гарадскія ўлады Віцебска. У той жа час мясцовы актывіст Барыс Хаймада, які выйшаў у цэнтры Віцебска з адзіночным пікетам з нагоды 27-годдзя катастрофы, быў прымушаны міліцыяй спыніць пікетаванне.
Па-ранейшаму, пазбаўленне і абмежаванне волі іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў працягвае заставацца найболей цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.
Праз два з паловай гады суды выносяць прысуды ў дачыненні да тых, хто пратэставаў улетку-ўвосень 2020 года.
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 17 красавіка вынесены прысуд Андрэю Трызубаву. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Працэс вяла суддзя Вольга Няборская. Андрэй Трызубаў быў затрыманы зранку 4 студзеня 2023 года ў Мінску, суд прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Суд Маскоўскага раёна Мінска 6 красавіка разгледзеў крымінальную справу сустаршыні аб'яднання "Гавары праўду" і былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Палітыка абвінавачвалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка. За тры эпізоды ўдзелу ў масавых пратэстах Дзмітрыеву прызначылі паўтара года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Працягваецца пераслед грамадзян паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса за выказванні, у тым ліку за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі, а таксама да буйных штрафаў.
У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва абвешчаны прысуд Аляксандру Тучкову паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Наталля Крашкіна прызначыла Аляксандру два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як паведаміла MAYDAY.TEAM, мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у красавіку 2021 года пакінуў абразлівыя каментары ў дачыненні да Лукашэнкі і старшыні КДБ Івана Тэртэля.
Пад крымінальны пераслед падпадаюць іншыя формы рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў: у судзе Кобрынскага раёна 5 красавіка асудзілі Аляксея Гуліна паводле арт. 370 КК (Знявага дзяржаўных сімвалаў). Суддзя Ала Богнат прызначыла Аляксею адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Судовае пасяджэнне мела выязны фармат і адбылося ў адміністрацыйным будынку аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён зламаў дрэўка з чырвона-зялёным сцягам, які вісеў на ўваходзе ў фельчарска-акушэрскі пункт вёскі Корчыцы Кобрынскага раёна. Частку дрэўка са сцягам мужчына кінуў на зямлю. Суд палічыў, што Аляксей нанёс установе маёмасную шкоду ў памеры 2 рублі 53 капейкі.
Працягваецца пераслед за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, што, як правіла, з'яўляецца рэакцыяй на розныя формы рэпрэсій, пры гэтым прадстаўнікі ўлады разглядаюцца як прадстаўнікі розных сацыяльных груп: "супрацоўнікі міліцыі", "супрацоўнікі міліцыі, якія падтрымліваюць цяперашнюю ўладу", і да т. п., а крытыка, абмеркаванне праблемы і асуджэнне парушэнняў кваліфікуецца як распальванне нянавісці паводле прыкметы прыналежнасці да сацыяльнай групы:
27 студзеня 2023 года да пяці гадоў пазбаўлення волі асудзілі Арцёма Зубракова. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных дадзеных). Справу ў закрытым рэжыме разгледзела суддзя Мінскага абласнога суда Алена Бачышча. Арцём Зубракоў — супрацоўнік "Белагра", затрыманы пры канцы верасня 2022 года разам з калегамі. Паведамлялася, што крымінальныя справы заведзены на чатырох з іх, а затрымана было каля дваццаці чалавек. Праўладныя крыніцы пісалі, што супрацоўнікі прадпрыемства актыўна пратэставалі, пачынаючы з 2020 года. Падчас ператрусу ўвосень 2022 года ў іх была канфіскаваная атрыбутыка і мэбля ў бел-чырвона-белых колерах. Арцём Зубракоў адзначаў, што яго затрымалі за падпіску на "забароненыя" Telegram-каналы і перасыланне "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. 4 красавіка Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю па справе.
У Гродзенскім абласным судзе 31 сакавіка вынесены прысуд па справе 46-гадовага Алега Завадскага, абвінавачанага ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК). Справу разглядаў суддзя Віталь Кулеш. Алег Завадскі, згодна з матэрыяламі абвінавачвання, з чэрвеня 2020 года па красавік 2022 года са свайго мабільнага тэлефона размясціў у месэнджары Telegram публікацыі, у якіх даваў відавочна негатыўную ацэнку А. Лукашэнкі. У іх абвінавачаны таксама выказваўся ў дачыненні да вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, распальваў, на думку абвінавачвання, нацыянальную і сацыяльную варожасць і варажнечу: "расейскія захопнікі, якія ўдзельнічаюць у гвалтоўным захопе чужой дзяржаўнай тэрыторыі ваеннай сілай". Суд прызначыў Завадскаму тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення свабоды з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Працягваецца пераслед грамадзянаў за розныя формы антываеннага пратэсту: у Магілёўскім абласным судзе вынесены прысуд Уладзіславу Папову паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Алена Картавенка прызначыла мужчыну два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Уладзіслава абвінавацілі ў тым, што ён з 24 па 25 лютага 2022 года рабіў фота і відэа вайсковай тэхнікі, вайскоўцаў, а таксама ваеннага аэрадрома ў Бабруйску. Пасля Уладзіслаў Папоў пераслаў не меней за дзевяць відэафайлаў і фатаграфій у Telegram-канал, прызнаны ўладамі экстрэмісцкім.
У Віцебскім абласным судзе 4 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе супраць Яраслава Казакевіча паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Судовы працэс вяла суддзя Галіна Бондал. У адпаведнасці з матэрыяламі справы, абвінавачаны а 8-й гадзіне 8 снежня 2022 года на чыгуначным вакзале станцыі "Орша-Цэнтральная" з выкарыстаннем мабільнага тэлефона Samsung Galaxy вырабіў відэафайл, на якім быў зафіксаваны эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай, і распаўсюдзіў яго праз сетку Інтэрнэт у Telegram-канале, інфармацыйная прадукцыю якога суд раней прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пакаранне - пазбаўленне волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Затрыманні паводле палітычных матываў адбываюцца ў выніку так званых "адпрацовак", калі падчас пошуку падазраваных у ажыццяўленні пратэсных акцый міліцыя ладзіць рэйды па населеных пунктах, якія прылягаюць да месцаў правядзення такіх акцый. У прыватнасці, у Дзяржынскім раёне, дзе былі вывешаны сцяжкі Беларусі і Украіны, згодна са звесткамі мясцовых жыхароў, на працягу трох дзён было затрымана не менш за 45 чалавек і праведзены дзясяткі ператрусаў. Затрыманні суправаджаліся актамі жорсткага абыходжання, у прыватнасці, аднаго з затрыманых вывелі на снег басанож і напаўапранутым.
Адміністрацыйны пераслед па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца дзеля рэпрэсій паводле палітычных матываў. У красавіку "Вясне" стала вядома пра 342 выпадкі затрымання, 316 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш як 70 адміністрацыйных арыштаў, 32 штрафы. У іх ліку некалькі выпадкаў масавых адміністрацыйных затрыманняў: 45 чалавек у Дзяржынску, каля 20 — у Пружанах, 6 чалавек у Навагрудку і 9 чалавек — у Гомелі. Падставай для прыцягнення да адказнасці былі распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне.
Больш за ўсё вядомых затрыманняў адбылося ў Брэсцкай (74), Віцебскай (85), Гомельскай (69) абласцях. Чвэрць затрыманых — жанчыны.
На тры дні быў затрыманы і аштрафаваны гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў.
У пачатку месяца стала таксама вядома пра масавыя звальненні ў "Ашмянскіх электрычных сетках", філіяле "Гроднаэнерга", у сувязі з удзелам звольненых работнікаў у пратэсных актыўнасцях 2020 года.
Катаванні і забароненае абыходжанне
Жорсткія бесчалавечныя зневажальныя ўмовы ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў па-ранейшаму выкарыстоўваюцца ў ізалятарах органаў унутраных спраў.
Катаванні ўжываюць таксама супрацоўнікі КДБ у пошуках доказаў датычнасці затрыманых да пратэснай актыўнасці.
Вызваленыя палітвязні паведамляюць "Вясне" новыя звесткі пра катаванні, жорсткае, зняважлівае, бесчалавечнае абыходжанне.
Ад былых зняволеных і абвінавачаных стала вядома пра існаванне ў СІЗА-1 так званай "прэс-хаты" — камеры, дзе з дапамогай зняволенага, які супрацоўнічае з адміністрацыяй, аказваецца ціск на палітвязняў. Праверкі ў СІЗА-1 суправаджаюцца жорсткімі ператрусамі ў камерах і збіваннямі зняволеных.
Палітвязняў у калоніях адвольна змяшчаюць у штрафныя ізалятары, дзе яны могуць зазнаваць збіванні, зневажальнае абыходжанне. Адной з формаў здзекаў з'яўляецца прымус да выканання дзяржаўнага гімна.
Для людзей з уразлівых груп: сталага веку, людзей з інваліднасцю — зняволенне з’яўляецца яшчэ больш цяжкім выпрабаваннем, чым для іншых. Яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз няўчасна аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медыцынскіх абследаванняў, неабходных ім, недаступнасць неабходных медыцынскіх сродкаў. У Сусветны дзень здароўя "Вясна" нагадала пра людзей з уразлівых груп, якія знаходзяцца ў зняволенні. У канцы 2022 года сярод палітвязняў было не менш як 25 пенсіянераў, а таксама не менш за 74 чалавекі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. Найстарэйшую з іх — 75-гадовую Наталлю Таран — асудзілі на тры з паловай гады калоніі за абразы. Яна дагэтуль не выйшла на волю.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
На канец красавіка ў месцах пазбаўлення свабоды ўтрымліваюцца 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
У Мінскім гарадскім судзе 6 красавіка вынесены прысуд палітзняволенаму дырэктару газеты "Белорусы и рынок" Канстанціну Залатых. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 2 арт. 426 (Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Пакаранне — чатыры гады пазбаўлення свабоды. Справу вяла суддзя Алена Шылько. Канстанціна Залатых затрымалі яшчэ 18 траўня 2022; палітвязень знаходзіўся ў жодзінскім СІЗА, на пачатку жніўня 2022 года быў пераведзены ў мінскі СІЗА-1.
Парушэнне і задушэнне свабоды сходаў, выказвання меркаванняў, асацыяцый пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам
Прэзентацыя дакладу "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам", падрыхтаванага праваабаронцамі "Вясны", адбылася ў Вільні 11 красавіка. Новы даклад прысвечаны свабодзе выказвання меркаванняў — аднаму з самых важных правоў, што падтрымлівае незалежныя выказванні, грамадскую і палітычную актыўнасць. Беларускія ўлады паслядоўна скарачалі межы правоў і свабод, актывізаваўшы гэтыя працэсы пасля выбараў у 2020 годзе і падаючы іх пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.
На канец красавіка ў Пераліку асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, у які ўлады ўключаюць асуджаных за пратэсную актыўнасць і іншадумства, апынулася 2755 чалавек, за месяц спіс павялічыўся амаль на 120 чалавек.
Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў, які папаўняецца рашэннямі КДБ і МУС Беларусі, утрымлівае 122 пункты. У красавіку ў яго занесена адно новае фармаванне — група ў Telegram "Клуб 70".
За красавік Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў павялічыўся 63 рашэннямі судоў амаль на 100 пазіцый. У тым ліку прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі "медаль з надпісам на аверсе "Гонар i Годнасць" і з надпісам на рэверсе "Беларусь перадусiм!" з калодкай, абцягнутай стужкай блакітнага колеру з бел-чырвона-белай устаўкай у цэнтры, а таксама яе лічбавая выява" — узнагарода Аб'яднанага пераходнага кабінета; сайт і сацсеткі самага папулярнага выдання ў г. Баранавічы — Intex-press.
Пераслед адвакатаў
У Мінскім гарадскім судзе 10 красавіка абвясцілі прысуд палітзняволенаму адвакату Аляксандру Данілевічу — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынесла суддзя Таццяна Фалькоўская. Адваката абвінавацілі ў дапамаганні ў закліках да санкцый, аказаным спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, завочна асуджаным на 12 гадоў калоніі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі ягоныя адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю "экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу". Аляксандр Данілевіч віну не прызнаў і настойваў на тым, што выконваў свае прафесійныя абавязкі.
Міністэрства юстыцыі таксама працягвала рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў: па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў адносінах да адвакатаў Бародкі А. С., Гурыновіча А. І., Сцяпанава І. Л. — "у сувязі з ужываннем да іх дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегій адвакатаў (Мінскай і Віцебскай) за здзяйсненне правіннасцяў, не сумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру); Аленскай І. В., Шарстнёва Д. В. — у сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі".
Як неаднаразова адзначалася праваабаронцамі і экспертамі, умяшанне органаў выканаўчай улады ў дзейнасць адвакатуры не адпавядае прынцыпам гэтага незалежнага інстытуту і ў выніку прывяло да дэ-факта страты адвакатурай вялікай часткі яе функцый.