Аўтару Youtube-канала "MozgON" Уладзіміру Цыгановічу прысудзілі яшчэ адзін год калоніі
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 10 красавіка блогера Уладзіміра Цыгановіча асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Таццяна Касцюк прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення. У снежні 2021 года Уладзіміра асудзілі па "справе Ціханоўскага", а пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым.
Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча.
У зняволенні палітвязень знаходзіцца ўжо амаль тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Спачатку яго двойчы пакаралі "суткамі" паводле адміністрацыйных справаў, а потым перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па "справе Ціханоўскага" да 15 гадоў калоніі. Спачатку палітвязня накіравалі для адбыцця пакарання ў віцебскую калонію № 3, але праз паўгады Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.
Але на гэтым ціск на палітвязня не скончыўся. Некалькі месяцаў таму па ініцыятыве адміністрацыі магілёўскай турмы № 4 супраць Уладзіміра ўзбудзілі новую крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы" (ч. 2 арт. 411 КК).
Справу пачалі разглядаць 7 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. На другім пасяджэнні, 10 красавіка, палітвязню суддзя Таццяна Касцюк агучыла прысуд — адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі:
Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А
Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч