viasna on patreon

Ад 14 да 18 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Ціханоўскага"

2021 2021-12-14T14:23:31+0300 2022-07-20T12:04:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cihanouski_sud.jpeg_3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомелі 14 снежня быў абвешчаны прысуд шасці палітвязням: Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову. Суд па “справе Ціханоўскага” праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА на працягу амаль шасці месяцаў. Палітвязняў абвінавацілі ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м годзе. Усіх затрымалі яшчэ да выбараў. Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 мільёнаў рублёў (1,2 мільёнаў долараў).

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

Артыкулы, па якіх абвінавацілі фігурантаў “справы Ціханоўскага”:

Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову выставілі абвінавачванні адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу выставілі наступныя абвінавачванні:

  • ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Мікалая Статкевіча судзяць па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Прысуды, агучаныя 14 снежня:

  • Сяргей Ціханоўскі – 18 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;
  • Мікола Статкевіч – 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму;
  • Ігар Лосік – 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;
  • Дзмітрый Папоў –  16 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;
  • Арцём Сакаў – 16 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;
  • Уладзімір Цыгановіч – 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму.

Падрабязнасці па суду па "справе Ціханоўскага":

У гомельскім СІЗА праходзіць суд па "справе Ціханоўскага": судзяць шэсць палітвязняў

24 чэрвеня ў Гомелі пачаўся суд над палітзняволенымі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым.

Гомельскі абласны суд адмаўляецца называць прычыну, па якой суд па "справе Ціханоўскага" праходзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА

Грамадзяне звярнуліся за тлумачэннямі да старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргея Шаўцова, але і ён не ўнёс яснасці ў пытанне.

"Выконваў функцыі прапаганды легітымізацыі парушэнняў заканадаўства". Стала вядома, у чым абвінавачваюць палітзняволенага блогера MozgON

Праваабарончаму цэнтру "Вясна" стала вядомая фармулёўка абвінавачвання блогеру Уладзіміру Цыгановічу, па якім яму пагражае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У "справе Ціханоўскага" змяніўся суддзя. Што вядома пра яго і ці будзе справа разглядацца з пачатку?

У будынку гомельскага СІЗА ўжо тры месяцы ў закрытым рэжыме праходзіць суд над шасцю палітвязнямі: Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэтыя месяцы справу разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў (мы распавядалі пра яго раней), але 7 верасня Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні Бакунова на пасаду старшыні суду Чыгуначнага раёну Гомеля. Па інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, цяпер справу разглядае іншы суддзя — Мікалай Доля. Разбіраемся, ці будзе ён разглядаць справу з пачатку і што вядома пра новага суддзю, які вынесе прысуд шасці палітвязням па гучнай справе.

Кароткая даведка "Вясны" пра абвінавачаных палітвязняў па справе:

Сяргей Ціханоўскі (43 гады) – аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі.

Быў затрыманы 29 траўня ў Гродне ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага. Пасля той правакацыі распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак цяпер за гэта не збіраюцца судзіць нікога з тых, суд над кім прызначылі на 24 чэрвеня.


Мікалай Статкевіч (65 гадоў) – лідар «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 па 2015 год за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. 


Арцём Сакаў (27 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. 


Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць, не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Страна для жизни», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвінавачанне ў «групавых дзеяннях». 


Уладзімір Цыгановіч (41 год) – прадпрымальнік, блогер і аўтар Youtube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». 


Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня дома ў Баранавічах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства